Грамадазнаўства
11573 / 1
04.06.2014

Няёмкі альбом Вольскага

Жартачкі ўбок: пасьля няўцямных сольных «Куплетаў і прыпеваў», працы «Саўка і Грышка», што да музыкі ня мела аніякага дачыненьня, ды перапевак-пераробак «Драбадзі-драбада» і «Белая яблыня грому» Вольскі ўрэшце запісаў альбом-падзею. Альбом, якога ад яго чакалі з часоў «Дома культуры» N.R.M.

Творца вырашыў проста і шчыра сказаць, што ён думае наконт асаблівасьцяў тутэйшай моды, парадаў, салютаў, троляў ды мясцовае папсы. Атрымалася магутная праца, якую пры гэтым слухаць трошачкі няёмка. Бо ў ёй — уся праўда пра нас саміх.

Лявон з сваімі новымі літоўскімі і нарвэскімі сябрамі ўзяў сякеру ды нарабіў 11 кавалкаў ня тое каб мяса — хутчэй абрубкаў рэчаіснасьці. Першы ж трэк літаральна агаломшвае даволі рэзкім тэкстам (здаецца, вось-вось — і інтэлігентны Вольскі прыкладзе брудным расейскім слоўцам) і суворым пляскатым гукам з моцным прысмакам ня тое што N.R.M. — «Мроі». «Міліцыянты і прастытуткі» гарманічна слухалася б на кружэлцы «Біяполе». А яшчэ больш дарэчы там бы глядзеўся трэк «А хто там ідзе» ці «Мэфіста»… Мусіць, такога олдавага гуку і карцела дасягнуць Лявону, які чамусьці вырашыў адхіліць ад працэсу запісу свой беларускі склад ды наняў двух замежнікаў, якія ўсё аранжавалі, сыгралі на ўсіх інструмэнтах ды запісалі. Унёсак нарвэжца Снорэ Бэргэруда ў беларускую культуру цяжка пераацаніць. Ён сапраўды зрабіў сваю справу прафэсійна. Чысьценька і гладзенька, ажно да стэрыльнасьці. Часам гэта зусім не на карысьць. Самы яскравы прыклад — «Няма краіны», якая ў акустыцы гучала ў фільме «Жыве Беларусь». У гэтай песьні быў патэнцыял на ўсе 100%: выдатны кранальны тэкст, простая і запамінальная мэлёдыя. Здавалася, што ў электрычнасьці яна толькі набудзе новыя фарбы. Але ня выйшла, бо гэта самы правальны нумар альбому з музычнага гледзішча. Перасьледуе цьмянае адчуваньне, што слухаеш чарнавы накід, тое, што калі-небудзь стане песьняю. У выніку проста фантастычны твор, фактычна саўндтрэк нашага часу, не выбухае. Адчуваньне недаробленасьці (ці няслушнай падачы) ёсьць і ў песеньцы «Маё каханьне», баляды неймавернай прыгажосьці. Агулам жа згаданы «Дом культуры», калі на тое пайшло, гучаў усё ж больш вынаходліва і сакавіта, хоць не зусім карэктна параўноўваць гэтыя працы.

Ёсьць і адваротны прыклад. «Шэрая кроў» гучыць як належыць. Безумоўна зачароўвае тэкст, аранжыроўка і выкананьне кампазыцыі «Ніхто не хацеў паміраць». Удалася іранічная песьня пра мэлёдыі і рытмы беларускай эстрады («МІРБЭ»). Самая ж агідная песьня з «Грамадазнаўства» — пра пачварных бульбашоў. Але мусіў урэшце нехта прасьпяваць пра гэтую нацыянальную шызу: «Бывае, яны — гэта мы, ды лепей ня быць нам імі». Сашу Нема, дзядзю Ваню ды іншым пеюнам, якія тыражуюць гэты зьневажальны зварот, прысьвячаецца.

«Грамадазнаўства» — вельмі своечасовы альбом. Паслухаўшы яго аднойчы, ужо ня можаш уявіць сабе, як гэта беларуская музыка была безь яго.

Volski — Hramadaznaustva, 2014

Cпампаваць альбом можна на 34magnet

Cяргей Будкін, Tuzin.fm/Budzma.org

КАМЕНТАРЫ:

  • Дзмітрый Махамет
    Дзмітрый Махамет / адказаць
    08.06.2014 / 15:40

    Я не прафесіянал і таму напішу з пазіцыі "падабаецца ці не". Ёсць добрыя творы, але гук такі, быццам чалавек спявае ў якімсці падвале. Калі аддзяліць музыку і голас, то, думаю, што па асобнасці яны будуць гучаць добра. А разам нешта не тое. Можа я чаго не разумею...

  • КАМЕНТАВАЦЬ