Zalaty
6905 / 0
24.10.2013

Босыя на вогнішчы

На дыску «Zalaty» бачым цудоўнае пераўтварэньне заўсёднікаў бардаўскіх вечарынаў з малаўцямным рэпэртуарам у цалкам сьпелы паўнавартасны гурт зь цікавай лірычнай праграмай, багата аранжаванай і выкананай зь вялікім пачуцьцём.

Нават жаль бярэ, што Алесь Кот-Зайцаў цалкам прысьвяціў сябе іншаму праекту — KilFil, які мае ў найбліжэйшы час штурмаваць вяршыні расейскага шоў-бізу. Пры ўсёй павазе да новага гурта Алеся — BosaeSonca мае пакуль куды больш прывабную прапанову ў выглядзе гэтай праграмы з 10 твораў, практычна кожны зь якіх мае магутны патэнцыял. «Zalaty» — альбом вельмі сонны, летуценны і паветраны. У якасьці загалоўку яму магла б цалкам пасаваць назва трэцяга трэку — «Мары і сны». Пры гэтым, песьні Алеся маюць унутраную энэргію і нэрв, яны не наганяюць сум, а трымаюць за карак і не адпускаюць («Адпусьці»). А часам здараюцца выбухі, як у шыкоўнай кампазыцыі «Золатам», якая ахутвае сваёй непаўторнай атмасфэрай і накрывае з галавой. Падаецца, што драматычней ужо няма куды, але яе ж бонусны рэп-варыянт з Байсанам сьведчыць, што няма межаў для дасканаласьці. Выпадае з альбому хіба адзіны трэк на Рафала Ваячка «Krzyz». Ня слухаецца ён прынамсі ў межах дадзенай праграмы, і ўсё тут. Наогул жа, на вокладцы не стае тэкстаў песень, каб развучыць і пяяць на рэдкіх канцэртах гурта «Зіму», «Адпусьці», «Люблю». 

Месца гурта BosaeSonca недзе побач з «J:морс». Рамантычны рок для тых, хто можа ацаніць прыгажосьць слова і чароўнасьць музыкі. Разынкі каманды — эмацыйны з прыдыханьнем вакал і неад’емны рок-баян. Дадае прыгажосьці музыцы і струннае трыё, якое гучыць ў палове песень альбому. Для поўнага шчасьця гурту яшчэ патрэбны пісьменны саўндпрадусар, бо не заўжды адчуваецца поўная гармонія між гучаньнем інструмэнтаў. Але гэта агульная бяда беларускіх музыкаў, зважаць на яе можна практычна ў кожным рэлізе.

Толькі што альбом быў выдадзены з пачуцьцём такой трагічнай наканаванасьці — музыкі гурта раскіданыя па праектах ды краінах, так што працягу можа і ня быць. Шкада, «Zalaty» яўна адна зь яскравых працаў у беларускай музыцы ў гэтым годзе.

BosaeSoncaZalaty, Вігма, 2013

 

SB, «Тузін Гітоў»/budzma.org