
Новы трыб’ют N.R.M.: ці патрэбны? (відэа)
Гурт N.R.M. афіцыйна заявіў пра пачатак збору заяваў на ўдзел у сваім трыб’юце, які станецца ўжо другім у гісторыі гурта. Ці станецца гэты праект падзеяй і ці наогул патрэбны ён?
Трыб’ют прымеркаваны да 20-годзьдзя каманды. Са словаў цяперашняга франтмэна каманды Піта Паўлава, заявіцца ў ім можа які заўгодны гурт у незалежнасьці ад краіны пражываньня: «Не чакаем, што ў трыб’юце захоча паўдзельнічаць, напрыклад, Metallica. Але мы дакладна ведаем, што ў Польшчы маладыя гурты граюць нашыя песьні, свае вэрсіі рабілі такія гранды, як Pidżama Porno і Myslovitz. Апошнія паўдзельнічаюць і ў трыб’юце. У нас ёсьць фэны ва Ўкраіне, Расеі, Літве. Магчыма нехта з гуртоў з гэтых краін захоча далучыцца да праекту», — заявіў музыка ў камэнтары для UltraMusic.
Слынны беларускі гурт ужо мае адзін трыб’ют — у 2003 годзе выйшаў праект «Viza N.R.M.», песьні для якога запісалі гурты Sciana, «J:Морс», :B:N:, IQ48 і нават «Тяни-Толкай» з «Красками». У той час гурт яшчэ знаходзіўся на піку папулярнасьці — толькі выйшаў дыск «Дом культуры», які падмацаваў посьпех папярэдняга альбому «Тры чарапахі». Пасьля сыходу Лявона Вольскага прыхільнікаў у каманды яўна паменела. Ці станецца трыб’ют падзеяй і ці наогул патрэбны ён? Журналістка Тацяна Заміроўская мяркуе, што не патрэбны: «Быў жа ўжо адзін трыб’ют, вельмі някепскі. Навошта яшчэ. А калі ўжо і выдаваць трыб’ют, то „Мроі“ альбо ўсім праектам Вольскага, уключаючы N.R.M. А то пачнуцца спрэчкі — ці ўключаць у трыб’ют песьні новых N.R.M. І інфармацыйная прастора будзе поўніцца пустымі размовамі». А вось Алег Клімаў наадварот лічыць такую задуму цалкам прымальнай: «Трэба ж адзначыць 20-годзьдзе вялікай беларускай групы?! Трыб’ют — нармальная ідэя, не адставаць жа N.R.M. у гэтым сэнсе ад „Песьняроў“, які неўзабаве займее другі трыб’ют: Мулявін і кампанія ўвасаблялі папулярную музыку савецкай Беларусіі, Вольскі і кампанія — непапсовую музыку незалежнай Беларусі. Мне было б цікава паслухаць, як цяперашняе пакаленьне айчынных музыкаў перасьпявалі б песьні N.R.M. А калі б да моладзі далучыліся старыя, дык было б яшчэ больш займальна».
Сам Піт Паўлаў раіць патэнцыйным удзельнікам трыб’юту ўзгадняць песьню з N.R.M., каб не было паўтораў. У сам творчы працэс Піт, Юрась і Алезіс умешавацца ня будуць. Пра спрычыненасьць да працэсу ўласна Лявона Вольскага нічога не паведамляецца. Сам Лявон пытаньні зьвязаныя з N.R.M. пакуль не камэнтуе.
Журналіст Зьміцер Падбярэзскі разважае з нагоды падрыхтоўкі новага трыб’юту: «Ад выданьня „Візы N.R.M.“ мінула 11 гадоў, музычны рынак краіны прыкметна зьмяніўся, паўстаў шэраг дастаткова творчых калектываў, якія не маглі паказаць уласныя прачытаньні арыгіналаў у мінулы час. Але зь іншага боку, грунтуючыся на тых трыб'ютах, якія ўжо маюцца, існуе вялікая верагоднасьць, што ўдзельнікі новага праекту не адшукаюць нечаканых аранжавальных момантаў з тым, каб не сьпяваць „клясыку“ нота ў ноту, а прадставіць нешта сапраўды творча-вынаходлівае. Таму я вельмі сумняваюся, што такіх твораў можа нарадзіцца больш за 2—3. Рэшта ж будзе складацца з элемэнтарных бляклых перапевак. Так што аднаго трыб’юту N.R.M. для гісторыі, лічу, дастаткова. І яшчэ: а як раптам Вольскі ня дасьць згоду на выкарыстаньне сваіх песень? :) Паглядзеўшы вокладкі двух альбомаў, пераканаўся, што аўтарства песень не пазначана. А вось на чыё імя яны зарэгістраваныя — гэта ўжо пытаньнечка»…
Акрамя Myslovitz, свае вэрсіі песень N.R.M. выказалі гатоўнасьць зрабіць гурты «Мутнаевока», «Тлушч», Re1ikt, Tonqixod, Nizkiz, Indra. Заявы прымаюцца бяз пэўнага тэрміну. 20-гадовы юбілей каманда мае сьвяткаваць цягам году. Зьвязацца з камандай можна праз афіцыйную суполку ў Facebook.
Сяргей Будкін, Tuzin.fm/Budzma.by
КАМЕНТАВАЦЬ