ŁASKA: «Памятай сваё, паважай чужое» (прэзэнтацыя сынглу)
З нагоды прэзэнтацыі на Tuzin.fm дэбютнага сынглу «Radzima klicza ciabie» ўдзельнікі гурта ŁASKA распавялі ў інтэрвію Алесю Дзянісаву што іх яднае з скандынаўскай сцэнай і чаму ня варта займацца пошукам ідэалягічных ворагаў.
На беларускай гардкор-сцэне зьявіўся адметны гурт. Менская каманда з назваю ŁASKA сабралася ў жніўні 2013 году і за гэты караценькі тэрмін ужо бадай што знайшла свой адметны стыль. Прынамсі, іх дэбютны сынгл сьведчыць пра тое, што музыкі поўняцца сьвежымі ідэямі што да саўнду і канцэпту сваёй творчасьці. Яны прадставілі наведнікам Tuzin.fm свой дэбютны трэк «Radzima klicza ciabie» і адказалі на пытаньні Алеся Дзянісава.
У размое бралі ўдзел: Стас Бублік (гітара, сьпевы), Антон Міхайлаў (бубны), Ягор Літвінчук (бас,сьпевы), Яўген Кальвінкоўскі (гітара, сьпевы).
ТГ: Як паўстаў ваш гурт?
Кальвінкоўскі : Спробы стварыць гурт былі яшчэ два гады, тады мы і сустрэліся з Антонам у адным пост-рокавым праекце. Спачатку гралі удвох, пасьля далучыліся Стас і Ягор. Усе мы маем пэўны бэкграўнд на музычнай ніве. Як паўнавартасная каманда, мы дзейнічаем зь мінулага жніўня. Калі пытаюць што граеце, кажу: шалёную, прыгожую, эмацыйную музыку.
Антон: Нейкіх канкрэтных арыентыраў ніколі не было. Нам проста хацелася рабіць злую, змрочную, і ў той жа час цікавую і не пазбаўленую мэлядызму музыку. Нам хочацца нешта рабіць, а не сядзець і чакаць, калі сытуацыя вакол цябе стане яшчэ горш. У аснове нашай музыкі ляжаць дарк-гардкор, скрыма, блэк-мэтал і пост-рок.
На фота: Антон Міхайлаў
ТГ: Напэўна, музыка прадугледжвае змрочныя філязофскія тэксты?
Кальвінкоўскі: Тэксты могуць быць змрочнымі, але няшчырымі — не. Пішу так, як адчуваю, гэта і ёсьць гардкор у маім разуменьні. Але лічу што і зьмест тэксту і яго вобразнасьць, паэтычнасьць павінны быць на пэўным узроўні таму тут стаўлюся да сябе вельмі крытычна.
ТГ: Ваш дэбютны сынгл завецца «Radzima klicza ciabie». Гістарычная тэма — ваша асноўная?
Кальвінкоўскі: Не зусім так. Калі я пісаў тэкст «Радзімы», то натхняўся «Пагоняй» Багдановіча і таму яна атрымалася ў стылі гераічнага эпасу. У іншых нашых песьнях закранаюцца тэмы экзыстэнцыйнага пошуку сябе, унутранай барацьбы, таксама прысутнічае сацыяльная тэматыка.
Стас: Кожны, відавочна, інтэрпрэтуе сэнс па-разному, але як па мне, гэтыя песьні — пра барацьбу за самого сябе ў вельмі шматграным сэнсе гэтага слова!
На фота: Стас Бублік
ТГ: Сёньня няшмат гардкор-гуртоў выкарыстоўваюць беларускую мову ў сваёй творчасьці. Чаму вырашылі сьпяваць па-беларуску?
Стас: Мне гэта падаецца фішкай, якая трошкі выдзяляе нас з натоўпу ангельска-расейскамоўнай калькі і нагадвае пра тое, што мы жывем у краіне, каторая мае сваю родную мову. Мы ствараем блізкую нам атмасфэру аўтэнтычнасьці, як гэта прынята, напрыклад, на скандынаўскай сцэне.
Кальвінкоўскі: Карыстаемся мы ня толькі роднай мовай, ёсьць ангельскамоўная песьня на верш Алістэра Кроўлі, ёсьць накіды для песьні на верш Гумілёва. Датычна аўтарскіх тэкстаў, то ўсё ж ня бачу сэнсу пісаць на іншай мове. У школе слухаў гурты «Правакацыя» і Deviation, думаў: як жа гэта файна сьпяваць па-беларуску! Вельмі падабаецца чэская і польская эма-гардкор-скрыма сцэны, тое як гарманічна гучаць славянскія мовы ў спалучэньні з панк-акордамі. Мая мова нічым ня горш.
На фота: Яўген Кальвінкоўскі
ТГ: Вы выбралі даволі спэцыфічны напрамак у музыцы. Якія гурты вам цікавыя і блізкія з гэтай тусоўкі?
Кальвінкоўскі: Калі браць нашую сцэну, то я заўжды паважаў гарадзенскую школу гардкору. Працягвае радаваць Bagna, прыемна быў зьдзіўлены, калі пачуў гарадзенска-берасьцейскі праект Hušchar. Адносіны пакуль ня склаліся ніяк, ні з кім, хоць панк-культура і прапагандуе ідэалы братэрства і ўзаемадапамогі. На жаль, яна часьцей сёньня ўяўляе сабой шэраг канкуруючых паміж сабой плыняў і тусовак, і гэта калі не кранаць адносінаў паміж іншымі субкультурамі. На мой погляд, пануе атмасфэра недаверу разам з пэрманэнтным пошукам патэнцыйных «ідэалягічных ворагаў». Магчыма гэта можа быць апраўдана ў пэўнай сытуацыі, але сапраўды не спрыяе кансалідацыі і яднаньню людзей.
ТГ: Вы кажаце пра контракультурнае супрацьстаянне левых-правых?
Антон: Мы не далучаем сябе ні да «левых», ні да «правых». Мы прытрымліваемся правіла: «Памятай сваё, паважай чужое».
Кальвінкоўскі: Я казаў ня толькі пра гэта. Напрыклад, існуе канфрантацыя SXE і крастэраў, гардкоршчыкаў і сладжэраў і г. д. Што да левых і правых. Калі пад гэтым разумець расістаў (незалежна ад іх колеру), фашыстаў і нацыстаў — то безумоўна мы супраць, заўжды былі, ёсьць і будзем! Усе таталітарныя ідэалёгіі, як правага, так і левага кірунку (напрыклад, камунізм) для нас зьяўляюцца варожымі. Але, як правіла, людзі нават ня ведаюць значэньня гэтых тэрмінаў, не спрабуюць нешта крытычна асэнсаваць, што безумоўна на руку «вялікаму брату». Я адчуваю сябе размаляваным індзейцам, якога зьбіраюцца загнаць у рэзервацыю і навучыць мысьліць сваімі катэгорыямі, але мой тамагаўк ўжо напагатове.
На фота: Ягор Літвінчук
ТГ: Чаго ад вас чакаць пасьля дэбютнага сынглу?
Кальвінкоўскі: Цяпер вядзецца мантаж невялікага прома-фільму, матэрыял мы зьнялі яшчэ ўзімку, у найбліжэйшы час плянуем запісаць яшчэ адзін сынгл і нарэшце аднавіць працу над лонгплэем. Калі ўсё будзе добра, то гэтай вясной зьезьдзім ў міні-тур, а ў красавіку ў Менску будзе канцэрт з нашым удзелам. Усіх запрашаем!
Размаўляў Алесь Дзянісаў, Tuzin.fm
КАМЕНТАВАЦЬ