Скандал! Гурт Askiepak адмовіўся выходзіць на адну сцэну з гуртом Zatoczka
9054 / 0
27.08.2014

Скандал! Гурт Askiepak адмовіўся выходзіць на адну сцэну з гуртом Zatoczka

Музыкі не пажадалі дзяліць сцэну з гуртом празь іх сумнеўную рэпутацыю. Zatoczka пярэчыць: мы нацыяналісты, а не нацысты. Між камандамі разгарэлася вайна кампраматаў.

Askiepak і Zatoczka былі заяўленыя ў межах аднаго фэстывалю, які мае прайсьці 28 верасьня. Але музыкі з аднаго гурта, пабачыўшы ў сьпісе выступоўцаў другіх, зьвярнуліся да арганізатараў з просьбай прыбраць тых другіх празь іх сумнеўную рэпутацыю. Пэўны час Zatoczka сапраўды не фігуравала ў ліку ўдзельнікаў канцэрту, але потым была вернутая на афішы. Тады Askiepak афіцыйна заявіў на сваёй старонцы: «Мы адмаўляемся браць удзел у менскім „Tatoo Fest“. Sapienti sat». Цікава, што аналягічная сытуацыя была на канцэрце ў Слуцку, тады Askiepak дамогся таго, што Zatoczka ня выйшла на сцэну. Tuzin.fm зьвярнуўся да ўсіх удзельнікаў гэтага канфлікту.

Askiepak — зусім малады гурт. Ён грае у стылі гард-кор і сьпявае выключна па-беларуску. Сёлета музыкі прэзэнтавалі дэбютны EP. Песьні зь яго якраз меркавалі сыграць на сваім сэце на «Тату-фэсьце», аднак калі дазналіся, што ў ім заяўленая Zatoczka, адразу ж зьвярнуліся да арганізатараў мерапрыемства: «Мы сказалі, што не хацелі б выступаць разам і што гэты гурт мае даволі ладны нэгатыўны багаж. Пра тое, што самі ўдзельнікі гурта „фашысты“ сказана не было ані разу, было сказана пра тое, што яны падтрымліваюць нездаровыя карычневыя зьявы і пра тое, што мы ігнараваць ня будзем гэтыя відавочныя рэчы. Папрасілі проста ня ўпісваць нас у афішу і адмовіліся ад удзелу», — распавёў Tuzin.fm адзін з удзельнікаў гурта. На пытаньне да чаго выяўляць такую пільнасьць у адносінах да сваіх калегаў і наогул з чаго яны ўзялі, што Zatoczka мае сумнеўную рэпутацыю, музыкі зазначылі: «Што мае рабіць сумленны і адказны чалавек, калі ў залі людзі пачынаюць ускідаць правыя рукі ў вітаньнях? Ня проста „кідаць казу“ ці раскідвацца абедзьвюма рукамі, а выразна дэманстраваць гэты жэст? У нас ёсьць вялікая колькасьць фактаў, якія не надаюць жаданьня дзяліць зь імі сцэну».

На фота: гурт Askiepak

Zatoczka толькі-толькі зрабіла рэбрэндынг ды прадставіла новую песьню. Лідэр каманды Макс Астравухаў як пачуў пра чарговыя праблемы з выступам у Менску, абурыўся: «Я не разумею чаму такое стаўленьне да нас. Мы пасьпяхова выступаем на „Басовішчы“ ды іншых фэстах у Польшчы, „Бандэрштаце“ ва Ўкраіне, атрымліваем шмат прапановаў сыграць адтуль, а ў роднай краіне арганізатары глядзяць на нас з засьцярогай, таму што некаму мы не падабаемся». Музыка не хаваў сваёй радасьці, калі Zatoczka была вернутая ў лік удзельнікаў фэсту 28 верасьня і паабяцаў нават адмыслова не выконваць «футбольных тэмаў», каб нікога не правакаваць. Што да сытуацыі з гуртом Askiepak, то Макс кажа, што іх вакаліст яшчэ ў першым сваім гурце «Down the Tyrant» дазваляў сабе выказваньні, якія таксама можна трактаваць неадназначна.

На фота: Zatoczka

Zatoczka пэрыядычна сутыкаецца з праблемамі з-за таго, што набліжаная да кола футбольных фанатаў, што адбіваецца на тэматыцы іх некаторых песень («Хуліганы», «Футбол без мусароў» ды іншыя), але ўсялякую прыналежнасьць да нэанацыстаў ці нейкіх іншых ідэалягічных плыняў заўжды абвяргае. Першы скандал адбыўся ў 2007 годзе, калі гурт удзельнічаў у адборы на «Басовішчы», куды заявіўся зь песьняй з тэкстам: «Жры какосы, жры бананы, ды вяртайся ў Іраны, альбо зьнішчаны ты будзеш тут футбольным хуліганам». Тады музыкі сказалі, што яны наогул апалітычная банда. Цяпер гурт пазыцыянуе сябе так: «Мы нацыяналісты, але не нацысты. Гэта розныя паняцьці. І мы наогул супраць таго, каб дзяліць музычныя гурты на правых і левых».

Арганізатар «Tatoo Fest» Алесь Таболіч распавёў Tuzin.fm, што сапраўды спачатку выключыў гурт Zatoczka зь ліку выступоўцаў, але потым узяў іх бок: «Я ведаю гэты гурт ды іх вакаліста. Вёў канцэрт, на якім яны выступалі разам зь „Ляпісам Трубяцкім“. Ніхто там не зігаваў і падставаў лічыць сябе фашыстам не даваў і наогул ніякага экстрэмізму ў іх творчасьці ня бачна. Хоць сапраўды ў Беларусі ёсьць такія гурты, але на адну сцэну зь „Ляпісамі“ яны ніколі ня выйдуць. Да фашыстаў я сам вельмі дрэнна стаўлюся, для мяне важныя нацыянальныя і патрыятычныя прыярытэты. Думаю, што для гэтых абедзьвюх камандаў таксама. Але непаразуменьняў паміж правымі і левымі не пазьбегнуць».

Цікава, што пры ўсіх непаразуменьнях, Askiepak і Zatoczka выказалі нядаўна не згаворварваючыся публічны рэспэкт гурту Dzieciuki, які займае выразную пазыцыю ў азначанай тэме і заяўляе, што не пяе для «камуняк, фашні і паган-фрыкаў».

Tuzin.fm

Тэгi: