!OUT: Melody of Oshawa — беларуская капэля 1960-х з Канады (аўдыё)
5944 / 4
13.04.2014

!OUT: Melody of Oshawa — беларуская капэля 1960-х з Канады (аўдыё)

Tuzin.fm прэзэнтуе рарытэтны альбом беларускага ансамблю Melody of Oshawa, запісаны амаль паўстагодзьдзя таму ў Канадзе.

Гурт Melody of Oshawa ўтварыўся ў канадзкім горадзе Ашава на мяжы 1950—1960-х гг. На чале з Баляславам Лішчонкам капэля выконвала беларускія полькі, вальсы ды танга. Прычым рабіла тое з выкарыстаньнем электрамандаліны, сёрфавай гітары і саксафонаў.

З-ПАД БАРЫСАВА ДА АНТАРЫЁ

Горад Ашава стаіць на беразе возера Антарыё за 56 км ад Таронта. Імя «Ашава» з індзейскае мовы перакладаецца досыць сымбалічна — «сутока». Пасьля Другое сусьветнае вайны менавіта сюды зьлілося шмат беларусаў. Адным з актыўных беларускіх дзеячоў у Ашаве стаў Баляслаў Лішчонак. Сам ён паходзіў зь вёскі Недаль, што пад Барысавам. Беларусь пакінуў разам з бацькамі ў 1944 г. Жыў у нямецкім Ватэнштэце ды брытанскім Брадфардзе, а напачатку 1950-х перабраўся ў Канаду. Пан Баляслаў адразу ўключыўся ў працу ЗБК («Згуртаваньня беларусаў Канады»). У вольны ад працы на General Motors час ён выкладаў музыку. А са сваіх вучняў сабраў ансамбль — Melody of Oshawa.

МЭЛЁДЫІ АШАВЫ

Склад у капэлі Баляслава Лішчонка адрозьніваўся цякучасьцю і быў шматнацыянальным: беларусы, украінцы, палякі… Пэўны час, на мандаліне грала жонка Лішчонка, родам з Польшчы. Меўся саксафаніст-славак. Часам у ашаўскім ансамблі адначасова былі задзейнічаныя баян і акардэон альбо два тэнар-саксафоны, труба з сурдынай і без. Засталося некалькі запісаў з опэрным сьпеваком Сяргеем Шульгам. Сам Лішчонак граў на электрыфікаванай мандаліне і скрыпцы, рабіў аранжыроўкі пад розныя камбінацыі музыкаў. Рэпэртуар жа быў выключна беларускі: усе магчымыя народныя танцы, фольк-апрацоўкі кампазытара-эмігранта Міколы Куліковіча, творы Любана і Русака, песьні на вершы Натальлі Арсеньневай… На танцах Баляслава Лішчонка ў Таронта зьбіраўся ўвесь бамонд беларускае грамады.

На фота: Melody of Oshawa. Б. Лішчонак — у цэнтры са скрыпкай.

ТАНЦЫ Ў ТАРОНТА

Танцы ладзіліся на тэрыторыі Беларускага рэлігійна-грамадзкага цэнтру ў Таронта. Узгадвае дзяячка ЗБК Марыя Ганько: «Вельмі часта гралі. Як вечарыны ў нас рабілі, то пераважна Лішчонак граў. Раз на месяц, як мінімум. Па $2 білецікі былі. Людзей прыходзіла ад 80 да 100. Ашаўцы прыяжджалі, ды зь іншых ваколіцаў Таронта беларусы. Шмат было маладых».

Melody of  Oshawa суправаджала ўсе сьвяты: ад хрэсьбінаў і вясельляў да Дня волі 25-га сакавіка і Дня Слуцкага збройнага чыну 27-га лістапада. Зразумела, што ансамбль рэгулярна граў і ў Ашаве. Дарэчы, засталіся факты, што ў Ашаве і Таронта на Дзень Волі перад ратушамі ўздымалі бел-чырвона-белыя сьцягі.

«ЛЯВОНІХА» НА «ТЭЛЕВІЖАН»

Аднойчы капэля Лішчонка патрапіла ў этэр канадзкае тэлевізіі. Тое адбылося дзякуючы Барысу Кірку. Ён вёў у Таронта танцавальную студыю «Лявоніха», дзе вучыў моладзь народным танцам. Баляслаў Лішчонак і ягоная капэля часта суправаджалі іх рэпэтыцыі й акампанавалі падчас выступаў. Разам яны завіталі і на ТВ. Па словах пана Барыса, не абышлося бяз казусу: «Калі мае танцоры ўпершыню патрапілі на „тэлевіжан“ разам зь Лішчонкам, то іх паказалі на экране, а Лішчонка — не. Толькі музыцы далі пагучаць. Бо ён ня быў чальцом адпаведнае музычнае уніі. А тут жа ўсё на бізнэсе завязана».

БЕЛАРУСКІ «КАРАВАН»

У 1980-х гг. шэсьць сэзонаў запар ладзіўся усеканадзкі этнічны фэстываль «Караван». Прадстаўнікі кожнае нацыі мелі ўласны павільён ля ратушы таго гораду, дзе яны жылі. Павільён беларусаў у Таронта называўся «Менскам». Дэманстраваліся ўсе магчымыя народныя рамёствы, строі, стравы і, зразумела, музыка. Капэля Лішчонка, як кажа Марыя Ганько, прыяжджала штовечар з Ашавы ў Таронта цягам двух тыдняў і выступала выключна за ежу: «Тады я спазнала, што Баляслаў сапраўды адданы справе. А ня проста, каб пахваліцца. Бо быць на працы і прыяжджаць, граць да поўначы, ехаць дамоў, а з раніцы на работу… Можа, ён браў тады вакацыі. Я ня ведаю. У любым выпадку Лішчонак аддаваў свой час. Вельмі людзкі быў чалавек».

На фота: Melody of Oshawa. Б. Лішчонак — трэці зь левага боку. Сяргей Шульга — трэці з правага боку.

КАЛЯРОВЫЯ КРУЖЭЛКІ АД «ПАГОНІ»

Melody of Oshawa ня толькі актыўна выступала, але і запісвала ўласныя кружэлкі. Тое адбылося з падачы беларуска-канадзкага выдавецтва й арт-клюбу «Пагоня». Кружэлкі з пазнакай «Byelorussian dances by the Byelorussian orchestra» прадаваліся на танцах. У дыскаграфіі Melody of Oshawa, прынамсі, тры такія кружэлкі. Паводле аздабленьня іх умоўна можна назваць «сіняй», «зялёнай» і «чырвонай». Чамусьці яны зусім недатаваныя, але мяркуючы па ўсім былі запісаныя цягам 1960-х гадоў. Прычым, запіс адбываўся ў розныя пэрыяды, бо інструмэнтальны склад на ўсіх трох альбомах адрозьніваецца. Трэцяя па ліку («чырвоная») кружэлка, якую мы і прэзэнтуем ніжэй, сталася найбольш бліскучай па зьмесьце і зладжанай па выкананьні. Ад папярэдніх дзьвюх яна адрозьніваецца наяўнасьцю трубача і вакаліста — згаданага вышэй Сяргея Шульгі.

ІНТУІТЫЎНЫ НАІЎ

Некаторыя запісы Melody of Oshawa напачатку 1990-х гг. перавыдаваліся ў Беларусі на касэтах. Напрыклад, у нумары газэты «Чырвоная зьмена» за 1993 г. зьмешчаная рэцэнзія Вітаўта Мартыненкі на «зялёны» альбом Melody of Oshawa. Крытык палічыў некаторыя інтэрпрэтацыі фальклёру занадта сьмелымі, і назваў гэта «ўзорам інтуітыўна-наіўнага фальклёру, прыкладам сямейна-бытавога музычнага наіву».

Пан Вітаўт, канечне, мае рацыю. Але ансамбль Melody of Oshawa можна ўспрымаць і, па-першае, як носьбіта міжваеннае народнае культуры Беларусі, і, па-другое, у якасьці культуралягічнага экспэрымэнту: то бок, як загучаць беларускія традыцыйныя танцы, калі перамясьціць іх праз акіян у зусім нетыповае асяродзьдзе? У гэтым пляне прыклад Лішчонка ўнікальны. Ансамблю з такім саўндам, як у Melody of Oshawa, у Беларусі ніколі б ня ўзьнікла. У ягоным часам нягеглым, нязграбным, вуглаватым, але мілым і цёплым гучаньні адбілася душа простага беларуса-эмігранта й увогуле ўся гэтая трагічная недарэчнасьць, калі сапраўдныя патрыёты змушаныя былі мяняць Радзіму на чужыну. Баляслаў Лішчонак граў практычна да апошніх дзён свайго жыцьця, пакуль не захварэў. У 1990 г. музыку пахавалі ў Ашаве.

За магчымасьць зьяўленьня гэтага артыкулу аўтар дзякуе Вітаўту Мартыненку, а таксама беларусам Канады — Віялеце Кавалёвай, Ігару Філюшкіну, Марыі Ганько і Барысу Кірку.

Віктар Сямашка, Tuzin.fm

КАМЕНТАРЫ:

  • Алесь Зайцев
    Алесь Зайцев / адказаць
    13.04.2014 / 14:59

    Дзе вы іх адкапваеце? ))

  • 12tuzin@gmail.com / адказаць
    13.04.2014 / 15:10

    Багатая гісторыя беларускай музыкі неспазнаная зусім, Алесь.

  • Siarhei Balakhonau
    Siarhei Balakhonau / адказаць
    13.04.2014 / 17:34

    вялікі дзякуй за публікацыю!

  • Віктар Сямашка / адказаць
    13.04.2014 / 19:09

    http://vvsiamashka.podfm.ru/krakatuk/478/
    Тут пра тое ж трохі падрабязьней :)

  • КАМЕНТАВАЦЬ