
«Re:Песьняры» як прыгода, выпрабаваньне і экспэрымэнт. Частка 3
«Зьмянілі мяне крыху, але не пакалечылі», — сказаў Ігар Лучанок, паслухаўшы вэрсію гурта Re1ikt… У трэцяй частцы эсэ размова пойдзе пра праслухоўваньне праекту «Re:Песьняры» з аўтарамі, спадкаемцамі аўтараў і выканаўцамі арыгінальных вэрсіяў.
«…Ня веру вам». Другую гадзіну мы зь Сьвятланай Пенкінай, апошняй жонкай Мулявіна, якая мае выключныя правы на яго творы, сядзім у музэі Мулявіна ў дзяржаўнай філярмоніі і абмяркоўваем праект «Re:Песьняры». Намаўляліся на гэтую сустрэчу з два месяцы. Толькі сышла Вольга Ўладзімераўна, дачка Мулявіных, якая зь цікавасьцю праслухала кожны трэк з трыб’юту. Размаўляем пра рэалізацыю праекту і спадарыня Сьвятлана цікавіцца ці хочам мы з гэтага зарабіць. Тлумачу: не, ня ставім такой мэты, як і ў выпадку з канцэртам памяці Сыса ў Чырвоным касьцёле, з праектам аўдыёказак Вітушкі, зь «Перазагрузкай» ці «Немаўля». Зарабляем, кажу, зь іншага, а гэта робім па пакліканьні душы. Сьвятлана Аляксандраўна ня верыць, што такое магчыма. Цяжка зразумець, якое ўражаньне на яе пакінула праслухоўваньне нашага праекту. Цікавіцца: чаму пяюць менавіта гэтыя людзі? Бо гэта найбольш цікавыя і актуальныя выканаўцы, цяперашняя эліта нацыі, лічыце. Сярод іх пэдагогі, паэты, акторы, усе яны асобы і маюць што сказаць, слухачы іх любяць, яны майстры сваёй справы, хай сабе збольшага і без музычнай адукацыі. Адчуваецца, што такі адказ ня цалкам задавальняе Сьвятлану Аляксандраўну. Відавочна, што некаторыя песьні ёй дакладна прыйшліся не да душы, але разьвітваемся на больш-менш аптымістычнай ноце. Спадарыня Сьвятлана абяцае паслухаць яшчэ раз разам зь іншымі спадкаемцамі і раіць пакуль дамовіцца з астатнімі аўтарамі музыкі.
На фота: Сьвятлана Пенкіна і Ўладзімер Мулявін, фота выкарыстанае ў аздабленьні дыску «Голас душы» (2006)
Зь Ігарам Лучанком сустракаемся на яго лецішчы ў Ждановічах дзякуючы намаганьням яго сына Андрэя. Дом кампазытара знаходзіцца практычна па суседзтве з домам Васіля Быкава, дзе адкрыўся цяпер музэй. З гадзіну размаўляем у двары пра ўсё на сьвеце. Ёсьць рызыка перайсьці на небясьпечныя тэмы (Ігар Міхайлавіч моцна сябруе з Кабзонам), таму размаўляем больш пра гісторыю. Лучанок памятае ўсё ды ўсіх, таму прашу згадаць пра Эдзі Рознэра, першыя джаз-ансамблі ў Беларусі, этна-экспэдыцыі зь Зінаідай Мажэйкай, першы ў СССР біг-біт фэст у Менску, дзе ён быў у журы, паездку зь «Песьнярамі» ў ЗША… Пераходзім у пакой і слухаем праект «Re:Песьняры» (спадар Ігар да нашай сустрэчы пераслухаў колькі разоў ужо гэты дыск). На ўсяляк папярэджваю: у гэтым праекце ніхто не бярэцца паставіць сябе самога на адну прыступку з Мулявіным, не імкнецца наблізіцца ў вакальным пляне да галасоў «песьняроў». Гэта даніна павагі ансамблю ды спроба ўвесьці іх творы ў новы музычны кантэкст.
На фота: Ігар Лучанок і Ўладзімер Мулявін (1996 год), фота ўзята з Tut.by
Ігар Міхайлавіч з інтарэсам перапісвае сабе на паперку назвы невядомых дагэтуль яму гуртоў, жыва цікавіцца складам удзельнікаў, дзе хто вучыўся і што зь сябе ўяўляе. З увагаю разглядае афішу нашага праекту, пазнаючы музыкаў, выяўленых на ёй. Глядзім прома-відэа, а потым слухаем песьні. Сьціслая стэнаграма нашага праслухоўваньня з цытатамі Ігара Лучанка.
«Каляда» ў выкананьні Akana. «Маё меркаваньне як акадэміста — тут прысутнічае беларуская інтанацыя, беларускі нацыянальны калярыт. Да вайны ўсе ведалі з нашых песень толькі „Бывайце здаровы“, наогул не было такога кірунку. Гэта працяг традыцыі Мулявіна і „Песьняроў“, цалкам прымальна, добра ўспрымаецца». «Не спаганілі арыгінал?», — пытаю. «— Не, не спаганілі»…
«Алеся» ад Akute (музыка І. Лучанка). Ігар Міхайлавіч адразу ж згадвае, як песьня паўстала. «Сядзелі мы ўтрох — Леў Ашанін, Аркадзь Куляшоў ды я. Куляшоў і кажа: „Напішы мне шлягер“. Аркадзь Аляксандравіч вельмі любіў гэтую песьню. Жартаваў: „Мы не інфарктнікі, мы маразматыкі“. Маю чатыры томікі яго, падпісаныя: „Амаль даўняму другу“. Ён — геніяльны паэт, быў у яго на радзіме ў Магілёўскай вобласьці, на пахаваньні плакаў. Цяпер яго ўнук сябруе з маім сынам». Наконт вэрсіі Akute: «Гучыць добра, падцягнуць і падчысьціць інтанацыйна і ўсё будзе прымальна».
Ліст да Мулявіна «Думалі» ад рэпэраў SP Kava і Angst. «Ігар Міхайлавіч, а як вам рэп-музыка?» — пытаю і тлумачу, што гэта аўтарская рэч, адрасаваная як бы ад імя новага пакаленьня Мулявіну ды ягонаму пакаленьню. Спадар Ігар — вельмі тактоўны чалавек, і калі нечага прыняць да канца ня можа, ён ідзе на такія мілыя хітрыкі: «Рэп? Нармальна… У самым пачатку нашага сяброўства Мулявін урэзаў нешта, нейкую варыяцыю на папулярную на той час мэлёдыю. І пытаецца: „Што, не падабаецца?“ Не, кажу, не падабаецца. Калі я вучыўся ў Ленінградзкай кансэрваторыі нам казалі, што ў музыцы павінны быць кантрасты, так што мае права на існаваньне такая песьня!»
На фота: Ігар Лучанок (1982), фота ўзята з сайту pesnyary.com
«Ты мне вясною прысьнілася» ад гурта BosaeSonca. «Лёганька, лірычна. Ведаў добра аўтара музыкі Юрыя Семяняку і аўтара словаў Міхася Шушкевіча, ён адзін час на радыё працаваў. Дык так кахаў адну дзяўчыну — да вар’яцтва. Так і напісаў гэтую песьню». (Дарэчы, дачка кампазытара Ірына Юр’еўна Семяняка без пытаньняў дала дазвол на выкарыстаньне кампазыцыі ў праекце «Re:Песьняры»).
«Чырвоная ружа» ад гурта Detroit. «Добра зрабілі. Хто там піяніст? Слухаецца выдатна. Лёгкі джаз, як казаў Лёва Молер (кіраўнік жаночага ВІА «Чароўніца» — заўвага ТГ)».
«Малітва» ад Naka. «Някепска, калі не на пяць, дык на чатыры. Не разумею навошта накладаць забарону на яе выкананьне».
«Завушніцы» ад гурта «Палац». «А „Палац“ яшчэ існуе ў такім выглядзе? Памятаю, як на „Трактары“ выступалі „Палац“ і „Песьняры“ з Мулявіным. Гэтая вэрсія сыраватая, яе варта падпрацаваць. Хаменка вырашыў прамаўляць куплет. Можна і так, нармальна. Але выглядае пакуль негатовай».
Вокладка кружэлкі-гіганта фірмы «Мэлёдыя», выдадзенай у 1978 годзе. У яе ўвайшлі чатыры песьні аўтарства Ігара Лучанка: «Мой родны кут», «Вераніка», «Баляда аб маці» і «Добры вечар, дзяўчыначка».
«Скрыпяць лапці» ад Pomidor/off. «Някепска, на чатыры дакладна».
«Александрына» ад Сяргея Пукста. «Гэта найлепшая, самая геніяльная песьня Мулявіна. У дадзеным выпадку выглядае на экспэрымэнт. У нас быў пэдагог Мікалай Ільліч Аладаў, ён казаў, калі музыку пісалі як папала: „Ну што, можа быць і такая музыка“. Той, хто любіць „Александрыну“, успрыме гэта за шарж. „Што каму падабаецца“, — сказаў нэгр і ажаніўся на малпе, як калісьці ў нас жартавалі».
«Жураўлі на Палесьсе ляцяць» ад Re1ikt (муз. І. Лучанка). «Яны трошачкі спрасьцілі. Зьмянілі мяне крыху, але не пакалечылі. Чыста сьпявае вакаліст. Крыху ўплыў Deep Purple заўважны. Бласлаўляю :)».
Фрагмэнт рок-опэры «Гусьляр» ад TonqiXod (муз. І. Лучанка). «Колькі я яе перапрацоўваў. І сам, і з дапамогай Мулявіна. Асабіста Валодзя прыўнёс вельмі шмат. Я скарачаў, а Мулявін пашыраў. Ён казаў: „Я сьпяю песеньку на 3 хвіліны, і кланяюся. Мне надакучыла кланяцца“. Узяўся пашыраць форму. Паслухаўшы гэтую вэрсію я зрабіў такую сабе пазнаку: „Сур’ёзна!“».
На фота: Уладзімер Мулявін і Ігар Лучанок (70-я)
«Пагоня» ад хору «Унія». «Харавое выкананьне „Пагоні“! Кантраст — гэта добра. Пяюць някепска, чыста».
«Вераніка» ад Зьмітра Вайцюшкевіча (муз. І. Лучанка). «Паўтор у запеве — ідэя Мулявіна. У гэтай вэрсіі ўсё нармальна. Цікавы эпізод з устаўленым вальсочкам».
Цікава, дарэчы, параўнаць уражаньні Маэстра ад гэтых песень зь меркаваньнем удзельнікаў залатых складоў «Песьняроў» Валера Дайнэкі, Анатоля Кашапарава, Улада Місевіча, Уладзімера Ткачэнкі. Абагульняючы, у лідэрах іх рэйтынгу інтэрпрэтацыі, якія зрабілі Вайцюшкевіч і Памідораў. Суворая і патрабавальная рада таксама досыць прыязна паставілася да экспэрымэнта Пукста з «Александрынай» — пэўна, самай спрэчнай вэрсіяй з трыб’юту. Стэнаграму праслухоўваньня і дэтальнае меркаваньне заслужаных артыстаў Беларусі наконт песень можна пачытаць на сайце газэты «Культура».
Пры канцы нашай размовы Ігар Міхайлавіч пагадзіўся выказаць публічны рэспэкт праекту «Re:Песьняры». Акрылёны такой падтрымкай, па дарозе з Ждановічаў, тэлефаную спадарыні Пенкінай: «Сьвятлана Аляксандраўна», — кажу, — «Ігар Міхайлавіч вось даў дазвол і ўпадабаў праект, што Вы можаце адказаць?»
Працяг будзе…
«Re:Песьняры» як прыгода, выпрабаваньне і экспэрымэнт. Частка 2
«Re:Песьняры» як прыгода, выпрабаваньне і экспэрымэнт. Частка 1
Сяргей Будкін, Tuzin.fm
КАМЕНТАВАЦЬ