Pan. МС зь мясцовым калярытам з Маларыты (прэм’ера EP)
3852 / 0
19.09.2014

Pan. МС зь мясцовым калярытам з Маларыты (прэм’ера EP)

Рэпэр з Маларыты Pan прадстаўляе на Tuzin.fm свой EP на беларускай мове «І смоўж, і хват».

«Рэп — вельмі простая музыка. Нічога складанага няма ў тым, каб скляпаць біт і прачытаць свой дрэнны тэкст», — кажа рэпэр Pan. Ён прадстаўляецца як «МС зь мясцовым калярытам з Маларыты» і займаецца музыкай ужо некалькі гадоў. Раней чытаў па-расейску. Менавіта Pan зьняў фільм пра гісторыю рэпу ў Беларусі ў 12 сэрыях, фактычна першую дакумэнтальную стужку на гэтую тэму (усе сэрыі даступныя на яго канале на Youtube).

Pan вырашыў скарыстацца беларускай мовай, бо яна вельмі мэлядычная. У найбліжэйшыя пэрспэктывы беларускамоўнага рэпу ў нашай краіне ён ня верыць, але прадказвае запатрабаванасьць такой музыкі ў далёкай будучыні. У трэках Pan’а адсутнічае палітыка, насуперак усім стэрыятыпам пра гэты кірунак. Пазьбягае вастрыні ён наўмысна, кажа, што не нарадзіўся яшчэ той палітык, якому можна прысьвячаць песьні. У сваіх трэках выканаўца кажа пра бунтара, які жадае спакою, пра тое, што трэба жыць так, як патрабуе сэрца. Ёсьць у яго твор пра суіцыд («Вецер») і пра тое, што трэба быць пільным, бо вакол небясьпека («Хуткая дапамога»).

 

У сваім кліпе на песьню «Андэграўнд» Pan здымаецца ў масцы. Тлумачыць гэтую акалічнасьць так: «Фотакамэра была на руках толькі адзін дзень. І перад тым, як выбраліся на здымкі, мяне ўкусіла пчала. Давялося згадаць Mf Dooma і Babangidу».

Ён хоча часьцей выступаць і ўзяць ад гэтага ўсё, пра што марыць тыповы рэпэр — «машыны, дзяўчыны, клюбы, алькагольныя напоі, дым». Але галоўнае, канечне, гэта самасьцьверджаньне: «Хлопец з Маларыты захоча самасьцьвярдзіцца. Куды яму ісьці? У філярмонію? Але ён жа нічога не разумее… У футбол? Але ён жа ўсё жыцьцё піў… Стварыць рок-гурт? Але трэба ж прыдбаць комбік і гітару, ды яшчэ рэпэтаваць. А так запісаў песьню за адну гадзіну, і ўсё ­— ты першы хлопец на раёне».

Пра стан гэтага кірунку Pan разважаць ня любіць, хоць і зьняў 12-сэрыйны фільм пра рэп у Беларусі. Пра той досьвед ён згадвае з іроніяй: «Хацелася запісаць тых, хто стаяў ля вытокаў. Падзівіўся, у якіх катэджах жывуць і на якіх машынах езьдзяць беларускія рэпэры. Цяпер гэты відэапраект для мяне неактуальны, хоць калі нехта захоча ўбачыць працяг, я гатовы аднавіць здымкі. Абы сродкі на тое былі».

Pan зь беларускай рэп-тусоўкі называе самым цікавым Vinsent’а. І папярэджвае ўсіх тройчы падумаць перад тым, як «лезьці ў рэп»: «Нічога акром як засмучэньня і дэпрэсіяў мне гэтая музыка не дала». Пры гэтым выканаўца працягвае гнуць сваю лінію і кажа, што пра яго пачуюць яшчэ неаднойчы.

Старонка выканаўцы УК

Tuzin.fm

Тэгi: