Святлана Ціханоўская - дзеячам культуры: "Дзякуючы вам у мірнага пратэсту ёсць голас"
Святлана Ціханоўская звярнулася да артыстаў, паэтаў, музыкаў і мастакоў, якія падтрымліваюць мірны пратэст беларусаў
«Шаноўныя дзеячы культуры!
Я звяртаюся да вас, каб выказаць сваю падзяку. Гэта вельмі важна, што супрацоўнікі дзяржаўных культурных устаноў далучаюцца да забастоўкі. Гэта вельмі важна, што мастакі, музыкі, акторы і бізнесы – музычныя крамы, кнігарні, канцэртныя агенцтвы, школы музыкі і танцаў – падтрымалі тых, хто бастуе. Вялікі дзякуй кожнаму з вас. Доўгі час культурнае жыццё ў Беларусі падзялялася на «дзяржаўнае» і «незалежнае», гэтыя бакі не сустракаліся і былі апазіцыяй адзін да аднаго. Цяпер мы – адзіны народ, які шануе сваіх герояў.
Нашы героі – гэта рэжысёры, артысты, музыкі з Вялікага тэатру оперы і балета, Беларускай дзяржаўнай філармоніі, Новага драматычнага тэатру, Сучаснага мастацкага тэатру, Гарадзенскага абласнога драматычнага тэатру. Яны выказалі мірны супраціў рэжыму, рызыкуючы свабодай і працай.
Нашыя героі – усе вулічныя артысты і музыкі, якія штодня выступаюць у дварах з канцэртамі салідарнасці. Яны неверагодна натхняюць беларусаў у час перамен. Увогуле, лепшае, што зараз можа зрабіць дзеяч культуры, – гэта ўвекавечыць у спектаклях, песнях, карцінах і кліпах тое, што адбываецца на нашай Радзіме.
Нашыя героі – усе беларусы замежжа, якія ладзяць выставы, прысвечаныя падзеям у Беларусі, пяюць песні і робяць флэшмобы і акцыі ў падтрымку беларусаў.
Нашыя героі – усе, хто пацярпеў ад рэжыму за свой персанальны пратэст. Кожны дзень рэжым выкрадае людзей, якія проста граюць музыку і спяваюць, каб падтрымаць беларусаў. Але гэтую музыку не заглушыш. Яна гучыць у нашых сэрцах.
Памятайце: беларусы гатовыя дапамагаць вам. Фонды салідарнасці падтрымаюць вас, калі вы сутыкнецеся з ціскам ці звальненнем. Бо дзякуючы вам у мірнага пратэсту ёсць голас – ён гучыць у вашых вершах. У мірнага пратэсту ёсць гімны – гэта песні, якія вы выконваеце. У мірнага пратэсту ёсць сімвалы – гэта вулічнае мастацтва, плакаты і муралы, якія вы ствараеце. І галоўнае: у мірнага пратэсту ёсць мэта – пабудаваць новую Беларусь, дзе ёсць свабода творчасці, свабода слова і свабода чалавека».
КАМЕНТАВАЦЬ