Tonqixod: «„Гусьляр“ вымагае поту і аддачы ў стылі Brutto»
Фрагмэнт з рок-опэры «Гусьляр» стаў пераможцам у галасаваньні на Tuzin.fm за найлепшы трэк праекту «Re:Песьняры».
У галасаваньні «Гусьляр» у выкананьні Tonqixod з адрывам у 81 голас апярэдзіў «Жураўлі на Палесьсе ляцяць» у вэрсіі Re1ikt. У тройку таксама трапіў гурт Pomidor/off з творам «Скрыпяць мае лапці». Вакаліст каманды-пераможцы Ўладзь Лянкевіч кажа, што перамагчы ў адмысловым туры на Tuzin.fm музыкам было прыемна, хоць і называе гэтую перамогу ўмоўнай — з той нагоды, што ня ўсе плянаваныя і запісаныя песьні былі прэзэнтаваныя па выніку. «Цешыць, што знайшліся слухачы, якія зацанілі тое, што мы зрабілі. У той жа момант важную ролю адыграў матэрыял, узяты намі для пераасэнсаваньня. Вельмі ўдзячны і эфэктны матэрыял сам па сабе, а для тых, хто знаёмы з рэпэртуарам „Песьняроў“ па радыё і тэлеэтэрах, яшчэ і нечаканы. Некалькі знаёмых нам казалі, што пакруціўшы пару разоў наш „фрагмэнт“ палезьлі ў сеціва шукаць поўны арыгінальны варыянт „Гусьляра“. І нам здаецца, што гэта выдатна. Бо адна з мэтаў праекту была ў тым, каб зьвярнуць увагу слухачоў на песьняроўскую спадчыну, і калі нашае выкананьне паспрыяла гэтаму, то ставім плюсік», — кажа Ўладзь.
Тыя, хто добра знаёмы з арыгіналам, наракалі на практычную нязьменнасьць вэрсіі «Гусьляра» ад Tonqixod: маўляў, які ж гэта кавэр, калі ўсё адзін у адзін і нават гучаньне перанята. Уладзь на такія закіды адказвае так: «Мы не спрабавалі ўзяць зусім чужую нам па духу і музыцы кампазыцыю і дастасаваць да сябе. Мы ад пачатку выбіралі тое, што нам сапраўды бліжэйшае. Таму лягічна, што не было патрэбы кардынальна мяняць настрой ці аранжыроўку, хутчэй гаворка пра нюансы. Дзесьці басовую лінію, дзесьці акуратненька клявішы падкруціць. Хаця ў цэлым пошук рашэньняў па выкананьні амаль аркестроўкі ўтрох — гэта было цікава. У пэўнай ступені гэта таксама элемэнт творчага пераасэнсаваньня. У выніку падчас канцэрту-прэзэнтацыі „Гусьляр“ глядзеўся лягічным працягам нашага сэту і ў цэлым таго, што мы спрабуем рабіць». Уладзь таксама дадае з усьмешкаю, што выкананьне жываком гэтага 8-хвіліннага фрагмэнту вымагае поту і аддачы ў стылі новага праекту Міхалка.
Музыкі з Tonqixod зь цікавасьцю паслухалі ўсе песьні праекту «Re:Песьняры» і кажуць, што сярод іх нямала сапраўды сымпатычных, сьмелых і канцэпутальных рашэньняў, таму вылучыць найлепшую з свайго боку досыць цяжка, але… «Калі б пытаньне стаяла, якую з кампазыцыяў гэтага праекту паслаць у космас у капсуле для знаёмства іншым цывілізацыям, то тут галоўны кандыдат „Александрына“ ад Сяргея Пукста. Да таго ж за межамі Зямлі будзе меней невырашальных праблемаў з аўтарскім правам».
У найбліжэйшы час ужывую Tonqixod можна будзе пачуць на сольным канцэрце ў менскім клюбе TNT 5 кастрычніка ў 21:00. Музыкі сыграюць там і «Гусьляра» ў сваёй вэрсіі. Магчыма, што ў апошні раз.
Старонка песьні: Tonqixod — Гусьляр
Tuzin.fm, фота Budzma.by
КАМЕНТАВАЦЬ