
Андрэй Хадановіч: «Кантакт музыкі з паэзіяй адбыўся» (аўдыё)
Сябра журы конкурсу «Засьпявай 3.0», паэт Андрэй Хадановіч уразіўся намінацыяй «Сьпеўная паэзія» і быў расчараваны перакладамі замежных песень.
Найперш хочацца падзякаваць усім, хто прыняў выклік арганізатараў і ўзяў удзел у конкурсе. Па-мойму, не абы-які кантакт музыкі з паэзіяй (а часам і мастацкім перакладам) адбыўся. Калі так пойдзе й далей, нашыя музыкі пачнуць арыентавацца ў сучаснай беларускай паэзіі ня горш ад саміх паэтаў, чаму я толькі парадуюся.
Найлепшае ўражаньне пакінула намінацыя «Сьпяваная паэзія». Удзельнікі-музыкі выбіралі вершы збольшага добрыя й розныя. Прыемна, што побач з заслужанай, «стопудовай» клясыкай было й музычнае прачытаньне вершаў маладых аўтараў, і можна было пачуць песьні ня толькі на словы Караткевіча, Барадуліна, Бураўкіна, але й на тэксты Марыі Мартысевіч, Веры Бурлак, Ігара Канановіча. А верш Дашы Бялькевіч можна лічыць тут абсалютным чэмпіёнам, бо на яго напісаліся аж дзьве розныя песьні. Часьцей за гэты твор — тройчы! — удзельнікаў конкурсу спакушалі хіба толькі «Вы шуміце, бярозы» Гілевіча, але гэта ўжо абсалютная клясыка, да таго ж у іншай намінацыі. А «Сьпяваная паэзія», на мой суб’ектыўны густ, выглядае так (парадак тут пададзены адвольны, — заўвага ТГ):
Pauline — Смутак горада (Ірына Багдановіч)
Антось Звычайны — Быў. Ёсьць. Буду (Уладзімер Караткевіч)
Sun Beat — Ну а пакуль (Ігар Канановіч)
Сон-Трава — Горадзе наш (Наста Кудасава)
Голая манашка — Танец-фрык (Зьміцер Вішнёў)
Кетэван Асраташвілі — Свабода (Рыгор Барадулін)
Калі казаць пра намінацыю «Кавэр», пачуваюся занадта дылетантам, каб сур’ёзна абмяркоўваць нейкія нюансы выкананьня й аранжыровак. Хай гэта зробяць больш кампэтэнтныя ў музыцы сябры журы. Скажу пра самае відавочнае. Калі кавэр не дадае да вядомай песьні чагосьці істотнага, не перайначвае яе па-новаму, не адкрывае нейкія дагэтуль схаваныя там сэнсы й вобразы, то ён як бы й не патрэбны. Навошта множыць сутнасьці? Частка праслуханых кавэраў так і не пераканала мяне, што гэта камусьці трэба: нават калі гэта проста музычнае прызнаньне ў любові — яно тым больш павінна быць арыгінальным, каб сам аб’ект любові ня моршчыўся.
На гэтым фоне, здаецца, здорава вылучаюцца тры працы, што пэўным чынам зьмяняюць увесь сэнс, усю канцэпцыю выбранай песьні, і гэта чуваць нават мне, тэкстацэнтрыку, без слыхавога апарату. Калі ў Віктара Лупасіна гэта суцэльная хуліганская дэканструкцыя, а ў Сяргея Башлыкевіча — больш памяркоўная, але таксама іранічная вэрсія (плюс сымпатычная ўласная тэкставая ўстаўка ў стылі «Я мэляман» Кінчава), то ў Яўгена Барышнікава, з дакладнасьцю да наадварот, нашмат сур’ёзьнейшае, мэтафізычнае прачытаньне, здавалася б, усім вядомага эстраднага шлягеру. Па-добраму ўразіў голас і манера Кетэван Асраташвілі, каб жа яшчэ трохі больш павагі да словаў, якія сьпяваеш, — магла б і выйграць.
Карацей, мой топ-6 выглядае так (парадак месцаў тут пададзены адвольны, — заўвага ТГ):
Leibonik — Я рок-музыкант (Лявон Вольскі/Уладзімер Давыдоўскі)
Віктар Лупасін — Пачакай (Pauline)
Яўген Барышнікаў — Здарожыўся (Эдуард Ханок/Ніл Гілевіч)
Кетры — На Граной нядзелі (народная)
Ганна Крамер — На станцыі Койданава (Бонда/Адам Глёбус)
Кетэван Асраташвілі — Калыханка (Зьміцер Яўтуховіч/Леанід Пранчак)
Найбольш расчаравала намінацыя «Пераклад». Сьпевакі, вядома ж, не абавязаныя быць бліскучымі перакладчыкамі, але калі ўжо бярэсься — дык пажадана хоць элемэнтарных памылак не рабіць. А то атрымліваецца, як у вядомай показцы: перакладчык — той, хто перакладае з мовы, якую ня ведае зусім, на мову, якую ведае кепска. Нават такі культурны герой беларускай прасторы, як Аляксандар Памідораў, робячы для DrЫмоn’а пераклад з трохі сумнеўнай назвай «Позна для выбачай», спатыкаецца на памылках: «Ты кажаш, што патрэбны, ды не спяшыш уратаваць…». Спадару Аляксандар, па-беларуску можна «сьпяшацца», ад бяды «сьпяшаць», а вось «сьпяшыць» — выбачайце, нельга (мабыць, вельмі «сьпяшылі» ўратаваць гурт сваім перакладам). На гэткім фоне дакараць менш тытуляваных хлопцаў, што ня ведаюць, як падае націск у слове «застанешся» ці як утвараецца форма «назіраючы», нават язык не паварочваецца.
Гэтыя дакоры не датычаць чатырох песень і — адпаведна — чатырох перакладчыкаў, што справіліся з задачай на выдатна ці амаль на выдатна. Дзьве з гэтых песень, перасьпяваныя Віктарам Лупасіным і Дзімам Нікановічам з Вольгай Сацюк, як на мяне, цалкам вартыя перамогі, бо іх беларускія тэксты, па-першае, выйшлі вельмі някепскай паэзіяй, а па-другое, арганічна спалучаюцца з арыгінальнай музыкай і ў выніку добра сьпяваюцца. Я трохі павагаўся й вырашыў ня ставіць адну зь іх вышэй за другую, бо абедзьве мне падабаюцца, але па-рознаму. Пераклад Лупасіна падкупае найперш самой амбітнасьцю, складанасьцю пастаўленай задачы: усё-ткі Фрэдзі Мэрк’юры і Эрас Рамацоцьці — розныя музычныя лігі (прозьвішча Эраса, да ведама, па-італьянску вымаўляецца праз «ц»). Затое ў аўтара перакладу Мікіты Найдзёнава з калегамі выйшаў шыкоўны прадукт — хоць зараз запускай на беларускую эстраду і ўсе айчынныя тэлеканалы (нашыя эстрада з тэлебачаньнем ад гэтага толькі выйграюць).
1—2. Віктар Лупасін — Багэмская рапсодыя
1—2. Мікіта Найдзёнаў/Дзіма Нікановіч/Вольга Сацюк — За табой
3. Bar Akaryna — Дзе кветкі ўсе?
4. DW — So Far
5. МК — Я зьмяняю сьвет
6. DrЫмоn — Позна для выбачай
Сымпатычнае ўражаньне пакінулі таксама Čas Łajna, але іх «Дзяўчына, ня плач» — занадта вольны перасьпеў, ну й русізмаў да халеры (гл. вышэй). Па-добраму крануў і «Яуген Цярэнцьеу» (так у ягонай заяўцы) зь перакладам «Ноч у ліп(е)ні». Спадару Яўген, Вашыя пераклады будуць глядзецца яшчэ лепей, калі знойдзеце трохі часу й паставіце беларускую раскладку зь літарай «Ў».
Андрэй Хадановіч, для Tuzin.fm
Андрэй Хадановіч — паэт, перакладчык. Нарадзіўся 13 лютага 1973 году ў Мінску. Скончыў філфак i асьпірантуру пры БДУ. Выкладае замежную літаратуру ў БДУ, кіруе перакладніцкай майстэрняй пры Беларускім Калегіюме. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў, з 2008-га — старшыня Беларускага ПЭН-Цэнтру. Аўтар кніг вершаў «Листи з-під ковдри» (2002, па-ўкраінску), «Старыя вершы» (2003), «Лiсты з-пад коўдры» (2004), «Землякi, альбо Беларускiя лiмэрыкi» (2005), «From Belarus with Love» (2005), «Сто лі100ў на tut.by» (2006), «Swieta nowego rocku» (2006, па-польску), «Берлібры» (2008), «Несіметрычныя сны» (2010), «Нататкі таткі» (2015). Запісаў таксама аўдыёкнігу «Абменьнік» (2007) і музычны альбом «Муры» (2015), удзельнічаў у музычных праектах «Я люблю ліцэй» (2004) і «Партызанская школа» (2005), супрацоўнічаў з гуртом «Рацыянальная дыета». Вершы перакладаліся на расейскую, польскую, англельскую, латыскую, летувіскую, нямецкую, славацкую, украінскую мовы. Перакладае з францускай, украінскай і польскай моваў. Песьні ў яго перакладзе на беларускую мову сьпявалі Indiga, Сяргей Пукст, «Воплі Відоплясова», Алена Сьвірыдава, «Мумий Тролль» ды іншыя.
КАМЕНТАВАЦЬ