Фэерычны Башлыкевіч (аўдыё/відэа)
5349 / 0
16.10.2014

Фэерычны Башлыкевіч (аўдыё/відэа)

Можна сьмела сказаць — на беларускай незалежнай сцэне зьявілася новая яскравая асоба.

Сяргей Башлыкевіч сам па сабе ды з гуртом Leibonik пачынаў з кватэрнікаў для сяброў. Песень у выканаўцы з школьных часоў назапасілася багата. Ён вельмі любіць цытаваць сябе самога часоў сьветлага наіву, калі ён пісаў у асноўным па-расейску душашчыпальныя тэксты пра піва ды каханьне з растаньнем. Выканаўца мае непадробную харызму, вельмі проста ідзе на кантакт, не саромеецца сьпяваць чужое (можа Башлачова, а можа Лану Дэль Рэй), але стаўку робіць, вядома ж, на сваё. Кола прыхільнікаў расло, таму Сяргей наважыўся на сольныя клюбныя канцэрты. Выступае ён у «Графіці», практычна безь ніякай рэклямы зьбірае пэрыядычна поўную залю.

«Мяне звыклі прадстаўляць як барда і я гэтаму не пярэчу. Неяк на афішы напісалі „гумарны бард“, так яно да мяне і прыклеілася. Я выступаю часта адзін у такім фармаце, што інакш як бардам мяне не назавеш. Адзінае, што падкрэсьлю, што я бард ня ў тым савецкім уяўленьні паэта з гітараю, а больш на заходні манер. Боб Дылан для мяне прыклад, хацеў бы пісаць такія песьні, як ён».

Сам выканаўца паходзіць з Ашмянаў, скончыў Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт інфарматыкі і электронікі. Акром музыкі ягонае захапленьне — гульня «Што? Дзе? Калі?», ён уваходзіць у каманду Паўла Малецкага беларускага клюбу ШДК. Афіцыйна ў Башлыкевіча ані сынглаў, ані альбомаў, ані кліпаў. Але матэрыялу хапае — сольны выступ даводзіцца дзяліць ажно на тры аддзяленьні, каб паказаць найлепшыя творы і выканаць замовы прыхільнікаў. Прасоўвае сваю творчасьць Сяргей ў сацсетках з дапамогай «хатняга відэа», так ён заве свае іранічныя ролікі. «Наогул жа шлях прасоўваньня ў мяне просты. Я пішу: прыходзьце на канцэрт, бярыце сяброў. І атрымліваецца такая лавіна. Два гады таму на кватэрнікі прыходзілі адзінкі, а цяпер нечакана для сябе самога бачу поўны „Графіці“», — кажа выканаўца.

Башлыкевіч нямала зьдзівіўся, калі паглядзеў статыстыку свайго пабліку на прадмет аўдыторыі. Высьветлілася, што яго музыка найбольш даспадобы дзяўчатам 18—25 гадоў. «Я падзівіўся, бо гэта аўдыторыя хутчэй гурта Hurma. Я ж думаў, што наш гурт будуць слухаць хутчэй юнакі і людзі больш сталага веку. Агулам жа мы арыентуемся на моладзь, таму рыхтуем шмат вясёлых песень, каб быў раскаўбас паціху. Пры гэтым застаецца пласт больш сур’ёзных тэкставых песень, якія ўжо незалежна ад узросту арыентаваныя на слухача, які хоча ўслухацца ў тэкст і пачуць гісторыю з сюжэтам». Сапраўды, вясёлыя ды іранічныя сьпевы суседзяць у Сяргея зь песьнямі сур’ёзнымі ды ўдумлівымі з адсылкамі да падзеяў беларускай гісторыі.

На свае выступы Башлыкевіч апранае як правіла чорную майку, на якой вялікімі літарамі напісана прозьвішча паэта-клясыка. Апошні канцэрт ён даваў у саколцы з надпісам «Ядвігін Ш.».  «Спачатку хацеў напісаць „Башлыкевіч“, але потым падумаў, што занадта гэта ганарліва, лепей набыць цішотку з імём якога пісьменьніка. Але высьветлілася, што такога ніхто не прадае, таму давялося рабіць самому. На адзін канцэрт зрабіў майку „Паўлюк Багрым“, так і пайшло — увесь гурт цяпер у цішотках „Якуб Колас“, „Васіль Быкаў“, „Уладзімір Караткевіч“… Зь цягам часу можа гэта стане нашай адметнай рысай і мы будзем распаўсюджваць такія рэчы сярод слухачоў. Каб ты ішоў па вуліцы, пабачыў чалавека з надпісам „Элаіза Ажэшка“ і зразумеў, што ён слухае Башлыкевіча і гурт Leibonik», — усьміхаецца Сяргей. На яго канцэртах заўсёды весела. Ён няспынна жартуе між песьнямі, ды і самі творы ўздымаюць настрой. Як песьня пра «Птэрадактыля» на верш Віктара Лупасіна, заснавальніка гурта «Засралі казарму», а цяпер намесьніка галоўрэда ў часопісе «Маладосьць». У творы распавядаецца пра сумны лёс таго птэрадактыля: яго судзілі, лятаць забаранілі — «і ад гэтае пары ён падаўся ў „Песьняры“». Мілая рэч.

Калі вылучаць галоўны канцэртны гіт Сяргея, то гэта напэўна мусіць песьня «О, Купала» — пераробка поп-гіта другой паловы 80-х «Rock Me Amadeus». Башлыкевіч без праблемаў прайшоў адбор на сёлетнюю «Бардаўскую восень» і яўна будзе ў фаварытах конкурсу маладых выканаўцаў. Цяпер музыка хоча «аформіць свае песьні ў фармаце гурта», паралельна зь сябрам Мікалаем Янкойцам заснаваў праект «Ябаш, БаЯн», які ўжо адзначыўся гітом пра самотнага лася. Альбому Башлыкевіч не абяцае і наогул пра студыйную працу не задумваецца. Кажа, што ў найбліжэйшых плянах зьняць новае «хатняе відэа». Бо людзі зачакаліся ўжо.

SB, Tuzin.fm