Краўдфандынг у Беларусі: ці магчыма?
4075 / 0
17.10.2014

Краўдфандынг у Беларусі: ці магчыма?

Прадстаўнікі новай хвалі беларускай незалежнай музыкі падзяліліся з Tuzin.fm сваім меркаваньнем адносна мэтазгоднасьці і эфэктыўнасьці прымяненьня мэтаду «народнага фінансаваньня» ў беларускіх умовах.

Пасьля сьветлага і аптымістычнага эсэ Юліі Глебавай мы вырашылі зьвярнуцца да беларускіх музыкаў, каб дазнацца: ці вераць яны ў краўдфандынг?

«Безумоўна, я веру ў добрых людзей. Веру, што ня ўсе зь іх ведаюць, што яны добрыя і, магчыма, ім трэба падказаць: „Глядзі, ты даеш капейку — а мы запісваем песеньку“. Таму сама ідэя краўдфандынгу агулам сімпатычная. Насьцярожвае, што палове патэнцыных слухачоў, як і самім музыкам, дапамога б не зашкодзіла», — разважае вакаліст TonqiXod Уладзь Лянкевіч. Ён разам з бубначом калектыву Андрэем Аляксеенкам больш верыць у «барочную» сыстэму мэцэнацтва, якая б сыходзіла ад адной, дзьвюх, трох асобаў. Гэта можа быць больш дзейсна і рэальна: «Наша гісторыя ведае выдатныя прыклады, калі дзякуючы падтрымцы шляхты і магнатаў квітнела мастацтва. Але ў такім выпадку таксама трэба быць асцьярожным, каб не прадацца з канцамі ды застацца верным сабе:). Калі каротка: трэба карыстацца любымі магчымасцямі, але не рабіць стаўкі толькі на нешта адно. Мы прыхільнікі шматвэктарнай палітыкі:)», — заяўляюць музыкі з TonqiXod. Самым аптымістычным у іх лічыцца клявішнік Максім Субач, але ён выказвае сумнеў што да эфэктыўнасьці краўдфандынгавых праектаў у Беларусі: «Лічу, што трэба над гэтым працаваць, каб людзі ведалі, што можна пры жаданьні паспрыяць. Але, канечне, гуртам накшталт нашага спадзявацца на вялікія сумы ў цяперашні момант — глупства».

Віталь Варанко, фотасэсія для брэнду LSTR

Пераможца сёлетняга конкурсу «Засьпявай.BY» Віталь Варанко параўноўвае краўдфандынг з зборам сродкаў на лячэньне хворых: «У дадзеным выпадку можа загінуць талент, без спрыяньня з боку іншых», — кажа Віталь і канстатуе, што ў Беларусі сыстэма такой дапамогі зусім не на тым узроўні, чым у іншых краінах. «Што казаць, калі нават на канцэрт, сродкі ад якога ішлі на лячэньне таленавітага прадусара Макса Алейнікава, прыйшло няшмат людзей, праўда самі артысты падтрымалі яго».

Мікіта Найдзёнаў, фота «Арт-сядзіба»

Мікіта Найдзёнаў з гурта Hurma кажа, што на яго адчуваньне шмат хто зь беларускіх слухачоў гатовы дапамагчы сваім любімым артыстам, праўда станоўчых прыкладаў пакуль няшмат: «Ведаю, што такім чынам Sounduk назьбіраў грошы на альбом, але праз расейскія фан-базы. Ведаю таксама сумны вопыт ili-ili, якія зьбіралі сродкі праз MaeSens.by, але іх не падтрымалі. Парадавала, што цяпер фаны дапамагаюць зьбіраць грошы на альбом гурту Martin S. Падумваем пра тое, каб зьвярнуцца да сваіх слухачоў і мы. Беларусы сяк-так купляюць дыскі, набываюць квіткі на канцэрты. Думаю, мы паспрабуем сабраць нейкую суму. Але разганяць гурт у выпадку фіяска дакладна ня будзем. Ну і на ўласным вопыце высьветлім: ці ёсьць беларускі краўдфандынг». Мікіта кажа, што для запісу паўнавартаснага дыску яго гурту патрэбна каля 2000 даляраў. Сабраць усю суму праз слухачоў ён нават не спадзяецца, але кажа, што калі нават чвэрць гэтай сумы будзе атрымана праз краўдфандынг, то будзе лічыць гэта посьпехам.

Алесь Дзянісаў, фота Budzma.by

Лідэр гурта «Людзі на балоце» і вакаліст гурта Dzieciuki Алесь Дзянісаў пэўны ў тым, што прасіць грошы ў сваіх прыхільнікаў на запіс маюць права толькі некамэрцыйныя гурты. «Складана, канечне, ва ўмовах беларускага шоўбізу вызначыць пасьпяховыя з гэтага пункту гледжаньня гурты, але, калі б, напрыклад, у свой час „Ляпіс Трубяцкі“ звьярнуўся да фанатаў па грошы, то гэта было б няшчыра. У самім жа факце таго, што гурт просіць грошы ў сваіх слухачоў няма нічога дзіўнага і кепскага. Запіс у студыі цяпер каштуе нармалёвыя грошы, плюс зьвядзеньне і майстарынг — усё гэта вылятае ў нармалёвую „капейку“. Тут ці пару-тройку гадоў зьбіраць на запіс, ці шукаць якіх мэцэнатаў, ці прасіць у сяброў-фанаў. Яшчэ можна зрабіць запіс самастойна, але якасьць, зразумела, будзе горшая. Кожнаму выбіраць свой шлях. На маёй памяці толькі гурт Sounduk сабраў грошы на запіс, магчыма яшчэ пару гуртоў ды ўсё. Падобная практыка нячастая для Беларусі. Але мы з гуртом Dzieciuki верым у людзей і задумваемся над такім варыянтам».

Нагадаем, у дадзены момант адкрытыя тры публічна заяўленыя краўдфандынгавыя праекты беларускіх гуртоў.

Юлія Глебава

Martin S. ідзе ва-банк: «Альбом альбо сьмерць!» (відэа)

La Libertad. Мысьліць прагрэсіўна (аўдыё/відэа)

На загалоўным фота: гурт TonqiXod

Tuzin.fm