Рок-канцэрт у касьцёле (прэм’ера бутлегу)
Выкладзены запіс канцэрту, які адбыўся 3 лістапада 2007 году ў касьцёле сьвятых Сымона і Алены. Вольскі, Камоцкая, Памідораў, «Палац», Руся і Indiga пяюць свае песьні і творы, напісаныя на вершы Анатоля Сыса.
Ідэя гэтага канцэрту нарадзілася пасьля размовы з полацкім літаратарам Алесем Аркушам увосень 2007 году. Мінула ўжо два з паловай гады, як пахавалі Анатоля Сыса, а помніка на ягонай магіле не было. Саюз беларускіх пісьменьнікаў яшчэ на пачатку 2007-га абвесьціў конкурс на праект надмагільля. У ім перамог эскіз мастака Генадзя Лойкі. Усталяваньне помніка плянавалася прымеркаваць да дня народзінаў пісьменьніка — 26 кастрычніка. Але паўстала праблема — грошай на помнік не знайшлося. Аўтар эскізу пагадзіўся працаваць бясплатна, але апрацоўка пліты вагою амаль у тону і яе транспартыроўка вымагала немалых выдаткаў. Вось і паўстала такая задума — сабраць грошы з дапамогай дабрачыннага канцэрту. І зладзіць яго ў незвычайным месцы — Чырвоным касьцёле, у дольнай залі. У якасьці выступоўцаў мы запрасілі ня толькі тых выканаўцаў, якія былі добразнаёмыя з Анатолем, але і тых, хто яго ніколі ня бачыў, але шанаваў яго творчасьць. Драматургію вечара прадумаў Адам Глёбус, які спраўдзіў адну з сваіх мараў — зладзіць рок-канцэрт у касьцёле.
Вечарына адбылася 3 лістапада 2007 году. Адмыслова да яе мастак Алесь Квяткоўскі падрыхтаваў выставу з 10 карцін, на якія натхніўся вершамі Сыса. Усе ўдзельнікі канцэрту гралі бясплатна, уваход таксама быў вольны — з умоваю абавязковага ахвяраваньня на помнік. Яшчэ за паўгадзіны да пачатку заля запоўнілася дарэшты, таму хто прыйшоў пазьней, слухаў музыку пры ўваходзе, у фае. Адам Глёбус згадваючы той канцэрт кажа, што ён праходзіў цяжка.
«Кася не хацела сьпяваць першай. Я настойваў, бо толькі адзін радок мог задаць патрэбную танальнасьць усяму рок-канцэрту, радок „Надта хочацца ў вырай, мая белая лебедзь!“. Настаяў. Кася пагадзілася — з адной умоваю, што мы пачакаем, калі ўсе расьсядуцца, бо для гэтага радка патрэбна поўная цішыня. Таму і канцэрт пачаўся са спазненьнем. Капрызы Русі ляжалі ў іншай плоскасьці, ёй не падабалася, што вакол яе круцяцца жанатыя мужчыны. Заляцаньні і нават простая ўвага жанатых мужчын яе раздражняла. Раздражнёная рок-сьпявачка — рэч небясьпечная. Зь ёй трэба абыходзіцца тактоўна і асьцярожна, а дзе ўзяць тактоўнасьць, калі ўсе навокал узбуджаныя і нэрвовыя? Лявон не зрабіў песьню на словы Сыса. Добра, што мы былі ў касьцёле, дзе нельга лаяцца. Добра, што Кася згадала песьню, якую некалі даўно яна сьпявала разам зь Лявонам. Добра, што Лявон сеў у кутку і аднавіў тую песьню. Майстра. …я расказваў гісторыю, а рок-н-рольшчыкі сьпявалі. Рок-канцэрт у касьцёле прайшоў выдатна. Галоўнае: усе востра адчулі, як нам не хапае паэзіі, шчырасьці, праўды, песьні, музыкі і свабоды».
Гэты канцэрт па сваім зьмесьце — унікальны. З абсалютна рарытэтных рэчаў — няскончаная песьня Касі Камоцкай «Званы», першае выкананьне «Птушкі» гуртом «Палац» (песьня напісаная адмыслова да гэтага канцэрту выдатна прыжылася ў рэпэтуары гурта), прэм’ера дзьвюх песень Памідорава на вершы Сыса, твор у выкананьні Русі «Брыдка» (для Indiga гэта быў адзін з апошніх выхадаў на публіку, неўзабаве гурт разыдзецца) ну і эксклюзіў ад Вольскага — адноўленая проста на каленках за 15 хвілін да выступу «Хто натхніць мяне на сьмерць».
Па выніках вечара было сабрана 2 747 860 беларускіх і 100 расейскіх рублёў. Гэта трохі болей за 1200 даляраў па тагачасным курсе. Сумы гэтай хапіла, каб на могілках у Гарошкаве на Гомельшчыне зьявіўся помнік Анатолю Сысу.
Канцэрт захаваны ў гісторыі дзякуючы Паўлу Юрцэвічу і студыі «Осмос». Мы выкладаем аўдыё з усімі рэплікамі, прадстаўленьнямі, шумамі і жывымі эмоцыямі, каб можна было напоўніцу адчуць атмасфэру таго вечару.
Падзяка ўсім тым, хто спрычыніўся да акцыі — Адаму Глёбусу, Алесю Аркушу, Галіне Дзягілевай, Віталю Супрановічу, Эдуарду Акуліну, Міхасю Скоблу, Аляксею Мінчонку, Ветру Мэханічнаму, музыкантам, якія сыгралі і людзям, якія ахвяравалі.
Сяргей Будкін, фота — naviny.by, Міраслава Адамчыка, Андрэя Лянкевіча
Яшчэ: Час Сыса. Топ-12 песень на вершы Паэта (аўдыё/відэа)
Канцэрт памяці Сыса ў Чырвоным касьцёле (бутлег)
1. Уступнае слова Адама Глёбуса
2. Кася Камоцкая — Залатыя краты (на верш Анатоля Сыса)
3. Кася Камоцкая — Белая лебедзь (на верш Анатоля Сыса)
4. Кася Камоцкая — Званы (на верш Анатоля Сыса)
5. Кася Камоцкая — Роздум (на верш Уладзімера Караткевіча)
6. Палац — У чароце птушка начавала (на верш Анатоля Сыса)
7. Палац — Праваджала маці сына
8. Палац — Чужыя дзеўкі
9. Палац — Кола грукатала
10. Адам Глёбус. Рок-канцэрт у касьцёле.
11. Аляксандар Памідораў — Восені водар
12. Аляксандар Памідораў — Поўня (на верш Анатоля Сыса)
13. Аляксандар Памідораў — Мой сын (на верш Анатоля Сыса)
14. Аляксандар Памідораў — Дом
15. Руся і Indiga — Па-за межамі
16. Руся і Indiga — Лётаць
17. Руся і Indiga — Брыдка (на верш Анатоля Сыса)
18. Лявон Вольскі — Хто натхніць мяне на сьмерць (на верш Анатоля Сыса)
19. Лявон Вольскі — Калі ідуць на абардаж (на верш Уладзімера Караткевіча)
20. Лявон Вольскі — Менск і Мінск
21. Лявон Вольскі — Простыя словы
гэта такая каштоўнасць!
дзякуй, шыкоўны артэфакт!
Дзякуй за такі эксклюзіў! Я ледзь уваскрасіў гэты канцэрт у памяці. Было супер!
PS Перазапампуйце "Залатыя краты", каі ласка! У мяне чамусь "Уступнае слова" грае
Дзякуй за заўвагу, перазалілі трэк "Краты".
КАМЕНТАВАЦЬ