
Ігар Бабкоў: Калі зьнікае эмоцыя, застаецца юзаньне трэндаў (аўдыё)
Філёзаф і пісьменьнік паслухаў усе песьні сэзону на Tuzin.fm і канстатаваў: у іх няма эмоцыі, якая бярэ і не адпускае.
Гэтым разам у музычным сэзоне на «Тузіне» нічога не зачапіла. Цудоўныя сьпевакі і сьпявачкі, важныя гурты, многа песень. Няма толькі музыкі. Эмоцыі, якая бярэ і не адпускае. Простых словаў, якім проста верыш.
А калісьці была. І ў іх, і ў іншых.
Калі зьнікае эмоцыя, застаецца «юзаньне трэндаў». Жаданьне пралічыць і скарыстаць публіку. Перапяваньне «клясычнага». У такія часы нават простае ўскладненьне музычнага сынтаксісу (як у TonqiXod), ці «Вайцюшкевіч весяліцца» выглядае ўцёкамі з коміксу.
І ясна, фальклёр, традыцыя. Яна заўсёды ратуе. Shuma працуе, думае разам з традыцыяй, ідзе сваім шляхам.
Будзем чакаць. І верыць.
Гэтым разам выбар склаўся такім чынам. Зважаў найперш на складаную музычную форму, ясныя эмоцыі, на асобаў, якім верыш і на работу з традыцыяй.
TonqiXod — Камняпад
Shuma — Лося
Зьміцер Вайцюшкевіч — Стары муж
Ilo&friends — Сьвечкі
Нагуаль — Вясенка
Sounduk — Давай сьмяяцца
Ян Жанчак і Ларыса Сімаковіч — Гэта я
Akute — О Божа мой
Dzieciuki — Тадэвуш Касьцюшка
Irdorath — Быў. Ёсьць. Буду
Pawa — Зайграй жа дударочку
Ілюжан — Маценька
Ігар Бабкоў, для Tuzin.fm
Ігар Бабкоў — беларускі пісьменьнік, філёзаф. Нарадзіўся ў 1964 годзе ў Гомелі. Скончыў аддзяленьне філязофіі Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту (1986) і там жа асьпірантуру. Працуе ў інстытуце філязофіі Акадэміі навук Беларусі, выкладае ва ўнівэрсытэтах у Менску і Вільні. Пры канцы 80-х быў сябрам літаратурных суполак «Бабілён» і «Тутэйшыя». Браў удзел у аднаўленьні газэты «Наша Ніва» на пачатку 90-х, быў адным з заснавальнікаў Беларускага калегіюму, выдаваў і рэдагаваў часопіс «Фрагмэнты». Ляўрэат літаратурных прэміяў «Гліняны Вялес» (1992) і «Залатая літара» (2005), пераможца прэміі імя Ежы Гэдройца (2014). Аўтар шасьці кнігаў (тры зборнікі вершаў, два раманы і зборнік эсэ). Апавяданьні, вершы і эсэ перакладаліся на польскую, украінскую, нямецкую, чэскую і вугорскую мовы. Аўтар тэкстаў да песень гурта «Новае Неба».
КАМЕНТАВАЦЬ