Rokash прэзэнтуе EP «Пад знакам крумкача» з нагоды 10-годзьдзя (аўдыёпрэм’ера)
Рэліз менскага фольк-гурта ўключае чатыры новыя песьні — «Ноч лістапада», «Вецер вее», «Хмары» і «Стары замак».
Выхад міні-альбому «Пад знакам крумкача» адмыслова прымеркаваны да 10-годзьдзя гурта «Рокаш». Музыкі называюць яго сваеасаблівым падарункам — сваім слухачам ды самім сабе.
«Наш дзень народзінаў прыпадае на восень, таму ў нашым міні-альбоме песьні восеньскай тэматыкі, якая нам вельмі блізкая», — кажа сьпявачка Паліна Дулінец. Апроч цалкам аўтарскіх кампазыцыяў — «Ноч лістапада» і «Стары замак», у рэлізе ёсьць інтэпрэтацыі народнага сьпеву «Вецер вее». Гэты твор паўстаў дзякуючы Аксане Вечар, Юрыю TEO Вашчуку і тэлепраекту «Наперад у мінулае», а таксама людзям, якія захавалі цудоўныя беларускія народныя песьні для нашчадкаў, а менавіта калектыву «Купалінка» зь вёскі Пратасы Акцябрскага раёну Гомельскай вобласьці.
Яшчэ адна кампазыцыя міні-альбому напісаная на верш Ларысы Геніюш. Налета будзе адзначацца 105 гадоў з дня нараджэньня паэткі і музыкі падрыхтавалі да гэтае даты песьню «Хмары».
«Гэты рэліз для нас зьяўляецца своеасаблівым пунктам адліку. Сымбалічна, што менавіта ім завяршаецца першыя дзесяць гадоў жыцьця гурта і распачынаецца другое дзесяцьцігодзьдзе. У нашых далейшых плянах запіс нашага наступнага поўнафарматнага альбома. Мы спадзяемся, што ён пабачыць сьвет у 2016 годзе», — кажуць музыкі і запрашаюць усіх на свой вялікі сольны канцэрт у суботу 25 кастрычніка ў клюб Re:Public.
Tuzin.fm
Rokash — EP «Пад знакам крумкача»
1. Ноч лістапада (муз. А. Акульчык; сл. Л. Казакоў)
2. Вецер вее (муз. А. Акульчык паводле народных сьпеваў; сл. народныя)
3. Хмары (муз. П. Дулінец; сл. Л. Геніюш)
4. Стары замак (муз. П. Дулінец, А. Акульчык; сл. Л. Казакоў)
КАМЕНТАВАЦЬ