Botanic Project: «Мы бы з задавальненьнем выступілі ў вышыванках»
3896 / 0
13.11.2014

Botanic Project: «Мы бы з задавальненьнем выступілі ў вышыванках»

Гурт з Маладэчна запісаў новы альбом, у якім абвесьціў пра вяртаньне да сваіх каранёў.

«Людзі православные, вера наша истова, отгоняй нечистого, защищай свою Отчизну, брат» — гэта цытата з праграмнага твору Botanic Project, які і даў назву ўсяму альбому «Делай своё дело». У сеціве пачалі кпіць — «батанікі» кінуліся з галавою ў праваслаўе, ім бы на «Рускім маршы» граць. Tuzin.fm пацікавіўся ў лідэраў каманды Андрэя Багамолава і Кліма Малажавага што канкрэтна яны мелі на ўвазе.

ТГ: Што вы разумееце пад паняцьцем «вяртаньне да каранёў»?

Мы ў мінулых альбомах часта зьвярталіся да тэмы індыйскай філязофіі, да вайшнавізму, да ведычнай канцэпцыі. На жаль, ня шмат хто ведае, што гэтая веда ў Індыю прыйшла праз нашыя землі і распаўсюдзілася старажытнымі славянамі, «русамі». Да нашых дзён шмат якія зьвесткі пра гэтыя часы страчаныя, гісторыя шмат разоў скажалася і перапісвалася дзеля дагаджэньня рэлігіі, якая першапачаткова была інструмэнтам палітыкі. Але засталіся казкі, легенды, назвы рэкаў і мясцовасьцяў, сымбалі і вобразы, што ўказваюць на гэта. Вось на гэтыя карані мы і хацелі зьвярнуць увагу.

ТГ: Чаму для вас у паняцьце «вяртаньня да каранёў» не ўключаецца мова?

Тут усё проста — нас вучылі ў школах па-расейску. Нашы бацькі размаўлялі па-расейску, адпаведна мы думаем і выкладаем свае думкі па-расейску. Лічым, што не настолькі важна на якой мове сьпяваць, галоўнае каб гэтая мова была зразумелая. На тэрыторыі Беларусі ўсе выдатна разумеюць расейскую мову. І нам важна, каб нас таксама разумелі ва Ўкраіне, у Сыбіры і на Ўрале, дзе мы таксама любім выступаць.

ТГ: Чым патлумачыце зварот да праваслаўнай тэматыкі ў альбоме. Ці ўсьведамляеце вы той факт, што на беларускіх землях ніколі не было дамінуючай праваслаўнай веры?

Так, сапраўды, у адной песьні з альбому сустракаюцца згадкі пра праваслаўе, але гэта хутчэй вырваная з кантэксту фраза і значэньне тэрміну трэба ўспрымаць шырэй. Наогул мы ня бачым вялікіх адрозьненьняў у варыянтах хрысьціянскай веры. Рэлігія мае ўласьцівасьць больш разьядноўваць людзей. Тэрыторыя сучаснай Беларусі неаднойчы ўмоўна дзялілася на сэктары рэлігійнага ўплыву на Захад і Ўсход, што стала прычынаю шматлікіх канфліктаў, але мы зноў жа хочам зьвярнуць увагу на больш старажытныя канцэпцыі, што ядналі цэлыя кантынэнты.

ТГ: Ці не баіцеся адгарнуць тых сваіх слухачоў, якія каталікі ў некалькіх пакаленьнях, напрыклад?

Мы не баімся адгарнуць ад сябе фанатычна настроеных людзей альбо тых, хто чапляецца за асобныя словы ў нашых тэкстах і спрабуе імі спэкуляваць. Хочацца спадзявацца, што нашая публіка ў большасьці сваёй мысьліць неаднабакова і слушна зразумее тое, пра што мы імкнуліся распавесьці ў гэтым альбоме. 

ТГ: Хто зь пісьменьнікаў, філёзафаў, дзеячоў, маральных аўтарытэтаў паўплываў на вас, як аўтараў у гэтым альбоме?

Складана пералічыць усіх тых, хто ў розныя часы паўплываў на творчасьць Botanic Project, але адно імя мы абавязаны назваць. Гэта нямецкі філёзаф і пісьменьнік Гэрман Гэсэ, аўтар такіх працаў, як «Сідхартха» і «Гульня шкляных перлаў». Яго ідэі і думкі для нас заўжды былі адкрыцьцём, сакральнай ведай, адказам на шматлікія духоўныя пытаньні і часта зьяўлялася крыніцай натхненьня.

ТГ: І яшчэ такое пытаньне ў сувязі з трэндам гэтага году — ці выйшлі бы вы на сцэну ў беларускіх вышыванках?

Так, чаму б і не. Мы з задавальненьнем выступілі бы ў адзеньнях зь беларускім арнамэнтам. Мы лічым, што тыя руны, якія выкарыстоўваюцца пры стварэньні ўзору маюць у сабе пэўную энэргетыку і кожны сымбаль мае сваё значэньне. Да слова, у афармленьні альбому мы скарысталі славянскі ведычны сымбаль першапачаткова ўнутранага полымя чалавека «Духабор» і абаронны абярэг «Адалень-трава». Гэтыя сымбалі, гэтак жа як і «Крыж Сварога», «Радавік» ці «Раціборац» у розных варыяцыях сустракаюцца ў арнамэнтах практычна ўсіх народаў ад Індыі да Скандынавіі.

Слухаць альбом «Делай своё дело»

Прэзэнтацыя альбому 21 лістапада ў менскім бары Shelter. Падрабязнасьці ў афіцыйнай суполцы гурта.

Tuzin.fm