
Топ-12 ад Мітрыя Сямёнава-Алейнікава. «Музыка — магутная крыніца!» (аўдыё)
Рэжысэр яркіх відэа для Макса Каржа і Mark Fоrmelle ды аўтар фільму «Адной крыві» назваў песьні, якія яго найбольш узрушылі ў гэтым сэзоне на TuzinFM.
Для мяне музыка — гэта магутная крыніца для фантазіяў ды натхненьня. Слухаю трэк і ўяўляю для сябе якую-небудзь візуальную гісторыю. У кожным музычным творы ёсьць свая ўнутраная гісторыя, атмасфэра, вобразы, якія альбо супадаюць з тваімі ўнутранымі адчуваньнямі, уключаюць фантазію, альбо ніяк працуюць у тваім уяўленьні. Я называю тыя песьні, якія мяне асабіста кранулі.
1. Сьвятлана Бень — У шэрым змроку (на словы Ізі Харыка). Гэта крута, самы моцны па атмасфэры трэк са сьпісу, проста адразу гатовы саўндтрэк для кіно.
2. K3tyvana — Толькі джаз. Выдатны сучасны танцавальны трэк, які нечым нагадвае Дорна і трошкі Антоху МС, у трэндзе карацей кажучы.
3. Teleport — Nioman. Вылучаю, таму што нагадвае Radiohead.
4. N.O.I.R./Stern — Восень. Мне падабаецца трып-гоп. Атмасфэрай і гучаньнем гэты трэк нагадвае Massive Attack «Karmakoma». Але калі на беларускай мове, дык асабліва кайфова.
5. Vinsent — Мэтрапалітэн. Трэк у традыцыях Ассаі — моцны вобраз, уключае фантазію на ўрбан-тэматыку, адназначна стаўлю ў плэер.
6. Palina Respublika — Vyšynia. Прыемная і ненапружвальная атмасфэра, сучаснае гучаньне, гарманічнае спалучэньне голасу і музыкі. Такі твор можа стаць саўндтрэкам да фільму.
7. NAVIBAND — Nie pakidaj. У гэтага гурта ёсьць індывідуальнасьць, ёсьць лёгкасьць і простасьць. Іх заўжды адрозьніш сярод іншых гуртоў, прыемныя, калі карацей. Проста ўключаеш і ім ужо хочацца падпяваць.
8. Лявон Вольскі — Ты помніш. Мне падаецца, што ў гэтай кампазыцыі ёсьць усё, каб быць гітом. Запамінальны прыпеў. Вельмі крутое гучаньне, як у старога добрага Bon Jovi.
9. Naka — Адыйшоўшым. Трэк з характарам, люблю, калі эмацыйна і калі з падтэкстам.
10. этна-трыё Троіца — Зіма зь летам. Драматычна. Песьня пагружае ў сябе, як этна-мэдытацыя.
11. Сразу май — Кранае. Магутна, ёсьць энэргія — не эмітацыя, а менавіта жыцьцё.
12. Павал Аракелян — Гультай. Цікавы голас, круты вымалёўваецца вобраз выканаўцы пры праслухоўваньні. Ну і хуліганства — заўжды крута.
Даведка TuzinFM. Мітры Сямёнаў-Алейнікаў. Нарадзіўся ў 1990 годзе ў Менску. Скончыў рэжысэрскі факультэт ВГИК у Маскве (2015). Аўтар фільму «Адной крыві», які атрымаў Гран-Пры фэстывалю Bulbamovie (Польшча) і быў паказаны ў праграме Short Film Corner на Канскім кінафэстывалі (Францыя). Таксама здымаў кліпы для Макса Каржа, Uzari, гуртоў «Без Билета» і «ili-ili», рэклямныя ролікі для Mark Fоrmelle, Velcom, Wargaming. Некаторыя працы рэжысэра можна пабачыць на ягоным канале на Vimeo.
КАМЕНТАВАЦЬ