Топ-12 песень гэтай восені (аўдыё)
4626 / 0
01.12.2014

Топ-12 песень гэтай восені (аўдыё)

Прадстаўляем вашай увазе рэйтынг найбольш запатрабаваных твораў на ўласным канале парталу Tuzin.fm у сетцы Soundcloud.

Усяго на канале нашага парталу ў Soundcloud у пэрыяд з 1 верасьня да 30 лістапада зафіксавана больш чым 35 000 праслухоўваньняў (для параўнаньня — за тры летнія месяцы гэтая лічба склала 20 000). Людзі актыўна слухалі як новыя песьні, прэзэнтаваныя на канале, так і тыя творы, якія былі зьмешчаныя раней. Тузін самых запатрабаваных трэкаў выглядае наступным чынам (у дужках лічба праслухоўваньняў за апошнія тры восеньскія месяцы):

12. Guda — Ой, у каго-то на печы (595)

У тузіне самых запатрабаваных песень яшчэ зь лета ўтрымліваецца трэк гурта Guda зь іх новага альбому. Тое, што стварыла Guda можна назваць музычнай энцыкляпэдыяй беларускага вясельля. Унікальны сьпеўны матэрыял на гэтую тэму зьбіраўся па ўсёй Беларусі і разьмеркаваны такім чынам, каб паказаць паэтапна тую традыцыю, якая існавала тут. Гэты сьпеў выконваўся, калі пяклі каравай.

11. NizkizCiaper i daliej (610)

Спадзевы магілёўскіх музыкаў апраўдваюцца — другая іх песьня па-беларуску паўтарае посьпех сынглу «Гуантанама». Прынамсі інтарэс да яе досыць вялікі. «Цяпер і далей» трапіла ў топ-12 па выніках лета і працягвае ў ім трымацца надалей. З нагоды прэм’еры песьні на «Тузіне» аўтар і вакаліст кампазыцыі Аляксандр Ільін зазначыў, што называе гэтую песьню — гімнам людзям, якія здольныя на сьмелыя ўчынкі і могуць прыняць рашэньне ў складанай сытуацыі.

10. SP Kava & Angst — Думалі (620)

Рэп-прывітаньне Мулявіну і Купалу, запісанае адмыслова да праекту «Re:Песьняры» ад яскравага дуэту. Ліст пра час, у якім мы жывем, чым мы жывем і пра тое, якія мы самі, як прадстаўляюць яго аўтары. На жаль, пасланьне прынялі ня ўсе — і трыб’ют выйшаў ва ўсечаным выглядзе, без найбольш сьмелых і радыкальных вэрсіяў «песьняроўскіх» кампазыцыяў. Варта дадаць, што менавіта гэты сьпеў быў скарыстаны ў пекным прома-роліку праекту аўтарства Арцёма Лобача.

9. Сяргей Бабкін — Грай (623)

Лідэр летняга рэйтынгу застаўся ў ліку самых запатрабаваных песень і ўвосень. Меркаваньні адносна яго бачаньня гіта «Ляпісаў» падзяліліся — некаторыя слухачы лічаць, што ўкраінскі выканаўца песьню папсаваў і настрой яе не перадаў. Але ёсьць і значная частка тых, хто мяркуе, што ў Бабкіна выйшла нават лепей за арыгінал.

8. Грязь — Сьпі (645)

Сайд-праект вакаліста выдатнай магілёўскай каманды John Doe Дзяніса Астапава з сваім пераасэнсаваньнем творчасьці Akute ўтрымаўся ў рэйтынгу зь лета і нават падсунуўся на адну прыступку ўверх. З пасылу выканаўцы ён наогул мусіць трымацца ў рэйтынгу вечна. Інтэрвію зь Дзянісам з нагоды прэм’еры трэку для «Тузіна» зрабіў аўтар арыгіналу — Рома Жыгараў. «Ну раскажы, ты пра што думаў калі трэк пісаў?» — задае пытаньне Рома, а Дзяніс яму адказвае: «Калі пісаў думаў пра Жыжака, сучаснага філёзафа. Заўсёды пра яго думаю. Усе мае трэкі арыентаваныя ў вечнасьць, таму і актуальныя заўжды».

7. Akute — Алеся (726)

Самі ж Akute зь песьняй з праекту «Re:Песьняры» таксама ўвайшлі ў топ-12. Так выйшла, што паводле праслухоўваньняў у Soundcloud — гэта самая запатрабаваная кампазыцыя з праекту (без уліку праслухоўваньняў на самім партале Tuzin.fm). Гэтая вэрсія «Алесі» была ўшчэнт раскрытыкаваная ўдзельнікамі арыгінальнага складу «Песьняроў», але тым ня менш дазволеная да выкананьня кампазытарам Ігарам Лучанком. Некаторыя слухачкі пасьля праслухоўваньня трэку «ЎКантакце» прызнаваліся, што адкрылі для сябе ансамбль «Песьняры» якраз дзякуючы Akute.

6. Dzieciuki — Сумнае рэгі (911)

Увага да гэтай песьні гарадзенцаў, выкладзенай у лютым 2014 году, гэтай восеньню тлумачыцца найперш тым, што музыкі выдалі на яе кліп — між іншым, лідэр па праглядах на нашым партале ў гэтую восень. Слухачам блізка да сэрца прыйшоўся пасыл гэтага твору. «Гэтай песьняй мы ўшаноўваем памяць усіх бязьвінна загінуўшых ад фашыстоўскага і бальшавіцкага рэжымаў», — заявіў аўтар словаў Дзяніс Жыгавец.

5. SP Kava — Эндшпіль (926)

Уладальнік другога месца ў летнім рэйтынгу застаецца на вядучых пазыцыях і ўвосень. Гэты твор — плён конкурсу «Засьпявай.by», што праводзіў партал Tuzin.fm разам з фондам «Вяртаньне». Той выпадак, калі кампазыцыю можна нахвальваць у роўнай ступені як за музыку (яе напісаў сам SP Kava), так і за словы — уласна гэта верш Андрэя Адамовіча. Дарэчы, арганізатары «Засьпявай.by» падумваюць другі конкурс правесьці якраз сярод рэпэраў.

4. Філіп Чмыр (Drum Ecstasy) пра нянавісьць да беларускай мовы і нацыянальнай ідэі (964)

Унікальны выпадак — у песенны рэйтынг трапіла не кампазыцыя, а выказваньне музыкі. Лідэр культавай групы разважае наконт таго, чаму ён сябе ня можа лічыць беларусам ды прызнаецца, што ненавідзіць нацыянальную ідэю ды людзей, якія яе прасоўваюць. Матэрыял «Тузіна» з гэтай нагоды перадрукавалі вядучыя незалежныя СМІ, Філу давялося адгрэбсьці па поўнай ад сеціўных камэнтатараў, бо надта балючую для беларусаў тэму ён крануў.

3. Dzieciuki — Мужыцкая праўда (1074)

Песьня, зь якой пачынаецца «Гарадзенскі гармідар» ад прэм’еры альбому ў лютым стала знаходзіцца на верхніх радках рэйтынгу запатрабаванасьці (улетку яна мела 4-ю пазыцыю, яшчэ раней 2-ю). Тэма паўстаньня Каліноўскага наогул у трэндзе, у 2013—2014 адначаецца 150-годзьдзе тых падзеяў.

2. Саня Фунт — Ёсьць рублі (1903)

Галоўная нечаканасьць гэтай восені — месца ў лідэрах невядомага музыкі з Жодзіна. Выканаўца азадачыўся тэмай дэнамінацыі беларускага рубля і для гэтага свайго сынглу зладзіў фотасэсію на фоне 50-рублёвак, якія неўзабаве адменяць. Колькасьці праслухоўваньняў Саня абавязаны найперш наведнікам сайту «Хартыя-97», якіх зацікавіла праблематыка дадзенай кампазыцыі. Ёсьць усе падставы, каб напісаць для патэнцыйнай аўдыторыі таксама песьні пра мадэрнізацыю, рост цэнаў на электрычнасьць, прымусовую падпіску на дзяржвыданьні ды іншыя насутныя тэмы.

1.Dzieciuki — Хлопцы-балахоўцы (2800)

Бясспрэчны лідэр восені па праслухоўваньнях. Тут сышлося ўсё — інтарэс да неадназначнай асобы генэрала Булак-Балаховіча, гадавіна Слуцкага паўстаньня, новы кліп гарадзенцаў акурат на гэтую песьню. Вялікі прома-ўнёсак зрабіла і заслаўская міліцыя, якая затрымала ўсю здымачную групу ўключна з музыкамі непасрэдна на здымках роліку.

Яшчэ: Топ-12 песень гэтага лета

Tuzin.fm