
Андрэй Маркуц. Калі твая гітара плача (аўдыё/відэа)
У інтэрвію Tuzin.fm гітарыст Андрэй Маркуц распавёў зь якой нагоды ён стаў вакалістам, прызнаўся, што яго рок-опэра «Дзікае паляваньне» да Караткевіча ня мае дачыненьня, згадаў пра творчы саюз з Аліпавай, песьні на вершы Глёбуса і здымкі кліпу ў Курапатах ды прадставіў свой інструмэнтальны альбом.
ТГ: Ты ўспрымаесься найперш за гітарыста. Калі і з чаго ты вырашыў яшчэ і за мікрафон стаць?
Ну, апроч таго, што я быў гітарыстам, я зьяўляўся аўтарам музыкі да песень гурта NEO, так што мне заўжды было што сказаць. І песень было значна болей, чым мог выконваць вакаліст у той час. Таму, ужо пазьней захацелася ажыцьцявіць задумы тых часоў, ну й цяперашнія. Адно толькі, не адразу ў мяне атрымлівалася самому пісаць словы, хоць я й не надаваў гэтаму вялікага значэньня. А так, упершыню за мікрафон я ўстаў на запісу песьні «Не сгореть» у 2005 годзе, дзе напісаў тэкст да першага куплету.
ТГ: Пасьля сыходу Касалапава ты спрабаваў утрымаць брэнд NEO, чаму адмовіўся ўрэшце ад гэтай задумы?
Разумееш, я якраз такі не спрабаваў захоўваць брэнд. Быў час, калі некалькі канцэртаў мне даводзілася самому сьпяваць пасьля сыхода з гурта Касалапава. Але гурту ўжо было шмат гадоў, многа было аддадзена сілаў, я пачаў адчуваць стому ад гэтага. Дагэтуль у мяне вельмі добрыя ўспаміны пра часы росквіту гурта: мноства канцэртаў, наша любімая публіка, першыя месцы ў гіт-парадах, прэміі і так далей. Я шчыра любіў гэты праект і аддаваўся яму душой, але трэба было адэкватна зразумець, што час NEO прайшоў, трэба ісьці далей, не засяроджваючыся на мінулым.
Андрэй Маркуц у складзе гурта NEO
ТГ: А што сталася з шыкоўнай задумай «Дзікае паляваньне» на Караткевіча? І патлумач, навошта трэба было рок-опэру паводле Караткевіча запісваць на расейскай?
Гэта папулярная памылковасьць. На жаль, рок-опэра «Дикая охота» да «Дзікага паляваньня» Ўладзімера Сямёнавіча дачыненьня практычна ня мае. Адно толькі, матывы аркестровай апрацоўкі ўзятыя з опэры «Дзікае паляваньне караля Стаха».
Сама ідэя так званаг міксту «Дикая охота» належыць мадэльеру Сашу Варламаву ў якасьці музычнага суправаджэньня для паказу адзеньня. Выглядала гэта кшталту оды заганам чалавека: кожная кампазыцыя і адзеньне мадэляў для асобнага загану. Лібрэта для песеннай часткі пісаў паэт і сябар Варламава Канстанцін Міхееў. А для музычнай складовай ён запрасіў гурт NEO. Туды ўвайшла музыка, якую я ўжо даўно напісаў, але якая яшчэ нідзе не гучала. Аркестровае суправаджэньне да песень напісаў кампазытар і аранжыроўшчык Андрэй Зубрыч. Атрымалася няблага, але да гэтага часу мне не даюць спакою шматлікія «касякі» запісу, вакалу, асобных інструмэнтаў. Дагэтуль я мару пра тое, каб перапісаць і годна зьвесьці гэтую рэч, па меншай меры музыку. Што тычыцца расейскамоўнага тэксту, я асабіста лічу, ня варта было выкарыстоўваць назву клясычнага твору такім чынам на расейскай мове.
Андрэй Маркуц у складзе гурта «Рэй» (другі справа)
ТГ: Пра мінулыя свае гурты згадваеш зь якім пачуцьцём?
Па-рознаму, але, безумоўна, прыемнага заўжды болей. «Рэй» — гэта пачатак, першы выхад на сцэну, першыя запісы на вуліцы Чырвонаай, 4. Першыя фанаты і аўтографы, кліпы ў Курапатах… Гэта было на хвалі набыцьця Незалежнасьці, узьнікненьня першых беларускамоўных гуртаў. Выступалі і рэпэтавалі разам з «Мрояй». Музыку пісалі на вершы Віктара Шніпа, Адама Глёбуса…
Але, як бы я станоўча ні ставіўся да слушных ідэяў, мяне заўжды больш цікавіла музычная складаючая. Далей Twilight — творчы саюз з Воляй Аліпавай — у жанры, падобным да Led Zeppelin. У яе быў шыкоўны голас, але ня склалася — ня змог працаваць і прыдумляць музыку пад дыктоўку.
Андрэй Маркуц у складзе гурта Flammable (крайні справа)
Наступным быў Flammable, фактычна першым маім сольным праектам. Выконвалі песьні на ангельскай мове, а гралі ў жанры прагрэсіў-рок, які быў модным у той час у ЗША. Плаўна Flammable пераўтварыўся ў NEO, дзе песьні гучалі ўжо на расейскай мове на словы Касалапава. Быў час, калі супрацоўнічаў з гуртам Atlantica, але нядоўга. У цяперашні час я бяру ўдзел у гурце HandmadE, дзе гучыць у асноўным не мая музыка й ня рок, да якога я схільны, але таксама дужа пераймаюся за гэты праект. Пішу і выковаю музыку, а часам і тэксты, да альтэрнатыўнага гурта Taho.
Андрэй Маркуц у складзе HandmadE
ТГ: Што цябе ўтрымлівае амаль 30 гадоў на беларускай сцэне? Ці ёсьць па-твойму ў беларускай сытуацыі пэрспэктывы для руху і разьвіцьця музыканта?
Увесь гэты час я пісаў і працягваю ствараць рок-музыку. У сусьветнай практыцы гэта называецца рок-аўтар. Гэта мой любімы занятак, якім я жыву, якім не магу не займацца, як у такім разе можна спыніцца, а галоўнае навошта? А датычна другога пытаньня, пэрспэктывы ёсьць, але яны, як мне падаецца, залежаць ад пастаўленых задачаў: камусьці хапае нашага рынку, а камусьці ў ім ужо цесна. Як у творчым, так і ў камэрцыйным пляне.
ТГ: Чаму ты не пайшоў у чыстае кампазытарства і прадусарства поп-прадукту, як Леанід Шырын, да прыкладу?
Да прадусарства я ніколі ня быў схільны, хіба што да саўндпрадусарства. Большасьці музыкантаў арганізацыйныя якасьці ня дадзены. І тым больш, не магу сказаць, каб я калісьці займаўся тым, што мне не падабаецца. А наконт чыстага кампазытарства — я дагэтуль пішу інструмэнтальныя кампазыцыі, яны таксама запатрабаваны, гучаць у кінафільмах. Нядаўна выклаў на Soundcloud свой інструмэнтальны альбом, выконваю сваю музыку у дуэце з акардэаністам пад назвай «MarkutsBand Acoustic». Аказалася, што ў нас даволі шмат аматараў інструмэнтальнай музыкі. Але драйву часам не стае, хочацца граць рок, таму не спыняюся на чымсьці адным.
Markuts Band
ТГ: Што з таго, што цяпер гучыць на беларускай сцэне табе асабіста даспадобы?
Пытаньне няпростае для мяне, бо не зьяўляюся вялікім знаўцам беларускай сцэны. Магу меркаваць толькі аб тым, што навідавоку. Падабаецца тое, што робяць мэтры, іх шчырасьць і бесьсьмяротнасьць, напрыклад — «Крама», Вайцюшкевіч… Па стылі мне бліжэй за ўсё The Toobes, Stardust Circus.
ТГ: А што лічыш на цяперашні момант самым актуальным у сваёй творчасьці?
Самыя актуальныя накірункі маёй творчасьці — MarkutsBand i HandmadE. Я ўпэўнены, што такая музыка — гэта музыка не аднаго дня, яна і праз 10 гадоў будзе актуальнай, так, як гэта адбываецца зь песьнямі, што былі напісаны ў часы гурта NEO. І мы гэтым займаемся, ня столькі спадзяючыся на папулярнасьць, колькі з прычыны таго, што гэта трэба і неабходна для разьвіцьця беларускай музыкі. Чакаецца альбом гурта MarkutsBand на 2015 год, а таксама плянуецца запісаць і выпусьціць мае інструмэнталкі ў межах альбома MarkutsBand Acoustic пад меркаванай назвай «Дажджу». Верагодна, дачакаемся ў 15-м годзе і выхаду новага альбома HandmadE.
Размаўляў Сяргей Будкін, Tuzin.fm
КАМЕНТАВАЦЬ