Экспэрт Tuzin.fm Ягор Цывілька: «Без тыраніі мовы не здарылася б шмат якіх песень»
Аўтар блогу «Broken CD» і адзін з штатных аўтараў Experty.by праслухаў усіх удзельнікаў чарту і падзяліўся сваімі меркаваньнем.
Рэгулярна наведваю сайт «Тузіна», але разьдзел гіт-парадаў для мяне заўсёды заставаўся невядомым і не зусім зразумелым. І вось нарэшце зьявілася нагода паглыбіцца ў таямнічы сьвет сьпісаў беларускамоўных песень, кліпаў і альбомаў.
Чарты tuzin.fm — гэта ня зрэз сучаснай папулярнай музыкі нашай краіны. Усё становіцца відавочным нават пасьля беглага прагляду лічбаў вынікаў ды простых арытмэтычных дзеянняў. Для перамогі дастаткова 20, а ў альбомным ды відэа-чарце і 15 чалавек, якія б штодзённа выбіралі ўлюбёны гурт і націскалі на кнопачку. А калі ўлічваць, што можна заходзіць як розныя асобы як мінімум з пошты і «кантакціка», ды амаль у кожнага, акрамя кампутара, ёсьць яшчэ які дэвайс з выхадам у інтэрнэт, неабходная для перамогі колькасьць удзельнікаў становіцца яшчэ меншай. З гэтага выходзіць не зусім відавочная выснова: для выканаўцаў дастаткова зусім мінімальных высілкаў, каб атрымаць абсалютна бясплатную, прычым ня толькі віртуальную, рэкляму і раскрутку сваёй творчасці. Дзіўна, што ня ўсе гурты актыўна гэтым карыстаюцца.
Найбольш папулярны з чартаў — гіт-парад. Растаноўка сілаў па выніках двух тураў крыху зьдзівіла. Дзе яшчэ перамогу двойчы магло атрымаць спэцыфічнае шаманства электраакустыкі ад .К?
Нашмат больш даспадобы прыйшлася песьня ад Tonqixod, што наступала на пяты пераможцу. Цудоўны арт-рок, хоць зь іхняга дэбютніка «Pradmova» падышла б любая, там усё каліва ў каліва. Някепская альтэрнатыва ў Zolki band, але без расшыфроўкі зразумець, што песьня напісаная ад імя камэры назіраньня, наўрад ці ў каго б атрымалася. Выдатны ўзор стадыённага року паказалі Nizkiz. «Цяпер і далей» гучыць тлуста і смачна ды вельмі просіцца на вялікую сцэну. Вельмі ўразіла «Дыхаць» Haina. Цікавае гукавое рашэньне, дзе рок па-сутнасьці гучыць так не па-рокаваму, выдатны тэкст, драматургія песьні — усё на вельмі высокім ўзроўні.
Акрамя рок-блёку, шырока прадстаўленая і этна-фольк сцэна. Прыемна зьдзівіла «Як мае быць» ад «Ілюжан». Моцная этна-джазавая кампазыцыя з унутранай энэргіяй і прасторай, адчуваецца, што музыкі вельмі добра сыграныя і наогул здольныя на многае. «Нагуаль» жа крыху расчаравалі, кудысьці зьніклі іх былыя вар’яцтва і шалёнасьць, «Маладзік удалы» падаліся нейкай поп-вэрсіяй саміх сябе. На жаль, саступіла месца «сьвежай крыві» драйвовая фолькавая «Вэлытай, перэпылко» Vuraj.
Да поп-музыкі з нацяжкай можна аднесьці толькі «Цябе» Pauline. Нумар зроблены прафэсійна, але гучыць абсалютна ў фармаце амэрыканскага поп-року, без разынак.
Астатнія трэкі, прадстаўленыя ў гіт-параде, падаліся значна слабейшымі, хоць зь іх толькі «Нельга забыць» з нудотнай «Залілось сьлязьмі» засталіся ў сьпісе далейшых удзельнікаў.
Відэачарт дэманструе тое, што і чакалася. Кліп — гэта ўсё ж даволі дарагі камэрцыйны праект, а пры ўмовах, калі амаль адсутнічае магчымасьць яго недзе, акрамя інтэрнэту, паказаць, усё пачынае трымацца толькі на энтузіязьме. Хоць падборка збольшага парадавала — няма зусім ужо правальных ролікаў, ды і адкрытага безгустоўя нямнога.
Мілыя кліпы ў Зьмітра Вайшюшкевіча і Алеся Камоцкага. Яны зроблены ў розных стылях, але глядзяцца, эмоцыі выклікаюць. Дынамічны «эмцівішны» ролік выйшаў у «Мутнаевока». Крыху няроўныя ў падачы матэрыялу, але ў цэлым сымпатычныя працы ў Pauline ды ili-ili.
Абсалютна не спадабаўся кліп «Хопіць ламаць камедыю» Hurma — выглядае танна і шаблённа, з улікам пазыцыянаваньня — поўны правал, але ён і выляцеў. Вельмі слабым, асабліва параўноўваючы зь «Бегчы», выйшаў ролік на песьню «Сьцены» Akute. Ёсьць задумка, нейкія мэтафары, але пра ўсё астатняе нават пісаць ня хочацца. Статычна, нецікава, непрыгожа. Уражаньне, што паглядзеў вынік перадачы «ПРОдвижение» па БТ, зроблены на хуткую руку зь мінімальнымі сродкамі. У той жа шэрай палітры зроблена і відэа Лявона Вольскага, але кліп на «Шэрую кроў» выглядае ў разы лепшым. Тут ужо задумка рэжысэра знайшла някепскае візуальнае ўвасабленьне.
Відэа ад «Дзецюкоў» на «Сумнае рэгі» атрымалася надта ілюстратыўным. Здымаць тое, пра што сьпяваецца, не дадаючы новых сэнсаў на сутыку кадру і слова, раней было дурным тонам для кліпмэйкераў, але цяпер чамусьці заўважаецца ўсё часьцей. Няўцямная работа на «Чаго ты, лося» і ў Relikt. Стандартнае візуальнае рашэньне — дэманстрацыя выкананьня на цікавым фоне — парушаецца неабгунтаванымі плянамі, незразумелым ірваным мантажом ды недарэчнай устаўкай лялькі, пэўна, каб неяк разбавіць відэашэраг. Адчуваецца, што зьнята на энтузіязьме без бюджэту.
Найбольш прафэсійна зробленая работа з камэрцыйным патэнцыялам у Brutto. Брудны амэрыканскі футбол у восеньскім лесе, «Ліцьвіны» перамагаюць, усьмешка з выбітым зубам — што можа быць лепш?
Крыху дзіўная і вельмі розная падборка рэлізаў у альбомным чарце. Пра пераможцу «Нельга забыць» ды іхні дэбютнік не магу сказаць асабліва добрых словаў, як мне падаецца, вершы Багдановіча маглі знайсьці больш прафэсійнае ўвасабленьне, ды і з мужчынскім вакалам ёсьць праблемы. Вельмі стракаты, няроўны і нейкі ўжо надта канцэптуальны альбом у Like A Gossamer. Ну і як у гэтым сьпісе трымаецца Guda зь іх вельмі патрэбнай, але цяжка слухабельнай рэканструкцыяй фальклёру, для мяне наогул загадка. Пра астатнія альбомы, прадстаўленыя у чарце, я ўжо выказваўся ў межах рэцэнзіяў на сайце experty.by.
Хочацца сказаць вялізны дзякуй Сяргею Будкіну і ўсім людзям, якія яму дапамагаюць у гэтай справе, за тое, што tuzin.fm ужо колькі гадоў жыве і працягвае рабіць штодзённую працу прасоўваньня беларускай мовы ў музычную культуру. Упэўнены, что без гэтай тыраніі мовы ў падыходзе ня здарылася б шмат якіх песень па-беларуску. Пры гэтым агульны ўзровень матэрыялу на сайце штогод павышаецца, што ня можа ня радаваць. «Тузін» жыве, расьце і разьвіваецца, як і беларуская музыка.
Ягор Цывілька, для Tuzin.fm
Экспэрт Tuzin.fm Ягор Цывілька нарадзіўся ў г. Вялейка Менскай вобласьці ў 1988 годзе. З 2005 году жыве ў Менску. У 2010 годзе скончыў БДЭУ па спэцыяльнасьці «фінансы і крэдыт». З таго ж году і па цяперашні час працуе ў сыстэме ААТ «ААБ Беларусбанк». У 2011 годзе стаў студэнтам завочнага аддзялення БДАМ па спэцыяльнасьці «мастацтвазнаўства (кінатэледраматургія)». У 2008—2011 гадах быў удзельнікам гурта-прывіда «Кацін Бор», які за час існаваньня даў два канцэрты і пасьпяхова зьнік. З 2012 году вядзе музычны блог Broken CD. Пераможца народнага кастынга маладых экспэртаў і штатны экспэрт сайту experty.by з 2013 году.
КАМЕНТАВАЦЬ