Пераможцы чарту Nizkiz: «Будзем сьпяваць па-беларуску і надалей»
4430 / 1
22.12.2014

Пераможцы чарту Nizkiz: «Будзем сьпяваць па-беларуску і надалей»

Магілёўцы з посьпехам працягнулі беларускамоўны экспэрымэнт. Іх новы гіт «Цяпер і далей» стаў пераможцам 6-га туру ў аўдыёчарце на Tuzin.fm.

Перамога Nizkiz у чарце на Tuzin.fm — ня першая ў іх гісторыі. У мінулым сэзоне музыкі на пэўны час апанавалі верхнюю прыступку гіт-параду зь песьняй «Гуантанама», якая па выніку трапіла ў лік 12 галоўных песень сэзону. Гісторыя паўтараецца і зь іх новым беларускамоўным гітом — «Цяпер і далей», напісаную вакалістам каманды Аляксандрам Ільіным разам з паэтам Віталём Рыжковым.

У шостым туры сэзону 2014/2015 яна перамагла з адрывам 21 голас ад другога месца. Самі музыкі зь цікавасьцю назіралі за разьвіцьцём падзеяў у чарце. «Мы штодня заходзім на „Тузін“, каб зірнуць навіны ды стан справаў у чартах. Безумоўна прыемна бачыць актыўнасьць слухачоў, падзяка ад нас вялізарная тым, хто нас падтрымлівае», — кажа ўдзельнік каманды Дзьмітры Халяўкін. Ён зазначае, што «Цяпер і далей» — адна з улюбёных песень саміх музыкаў. Яны вельмі задаволеныя тым, як яна атрымалася і граюць яе на кожным сваім выступе. Самае істотнае і тое, што публіцы гэты сьпеў надзвычай падабаецца.

Nizkiz мае намер працягнуць беларускамоўны экспэрымэнт (акрамя гэтых дзьвюх песень увесь рэпэртуар каманды расейскамоўны), хоць цалкам пераходзіць на мову не плянуюць. «Адназначна можам сказаць, што мы хочам і надалей ствараць песьні па-беларуску. У нашым новым альбоме будуць творы на абедзьвюх мовах».

У сэзон зацішша з канцэртамі магілёўскі гурт засяродзіўся якраз на новым матэрыяле. Іх новы альбом ужо запісаны ды адпраўлены на зьвядзеньне, так што яго рэліз будзе ўжо зусім хутка. Неўзабаве музыкі запусьцяць адмысловую суполку, прысьвечаную новаму дыску, дзе выкладуць усе падрабязнасьці пра працу над ім — фота, відэа, тэксты, цікавыя факты.

Сачыць за навінамі каманды можна празь іх афіцыйную суполку.

Tuzin.fm

КАМЕНТАРЫ: