Айцец Павал Касьпяровіч: «Музыкай можна шанаваць Хрыста, а можна зьдзеквацца» (прэм’ера)
Сьвятар Гарадзенскай япархіі Беларускай праваслаўнай царквы і тэкставік гэві-мэтал гурта «Иго» распавёў у інтэрвію Tuzin.fm за што любіць рок-музыку і як гэтая цікавасьць спалучаецца з богаслужэньнем, выказаў сваё стаўленьне да фольку і паган-мэталу і прадставіў зусім новую песьню — «Каляда».
TГ: Як так выйшла, што Вы сталі супрацоўнічаць з гуртом, які грае цяжкую рок-музыку?
Пачаў пісаць вершы для рок-гурта, праўда іншага, яшчэ ў 1997 годзе, але тая каманда распалася ўжо. На пару гадоў я закінуў вершаваньні — гэта быў час зьмены майго сьветапогляду: я прыйшоў да хрысціянства, ажаніўся, паступіў вучыцца ў сэмінарыю, працаваў. Але паэзія цікавіла мяне і раптоўна з гадоў сем таму, напісаў нізку вершаў, якія пранізаныя адной тэматыкай. Гэтыя вершы і сталі песьнямі, я неяк заўсёды пішу вершы-песьні. Пасьля цяжкага пошуку стварыўся наш калектыў, і праграма была падрыхтаваная, толькі запіс не атрымліваўся.
ТГ: Ня часта гурт сьпявае песьні на вершы сьвятара. Ці гэта патрабуе ад музыкаў нейкага адмысловага стаўленьня?
Калі я напісаў гэтую нізку вершаў, я ня быў сьвятаром. Праграма была зробленя да прыняцьця сану. Пра стаўленьне да маёй творчасьці лепей у музыкаў запытацца. Я бачу іх зрэдку, магу па паўгоду ня бачыць нікога. Мая справа — паэзія. Я не адміністратар. Жыву жыцьцём сьвятара — богаслужбовы графік, трэбы, грамадзкая дзейнасьць, больніцы, пастырства.
ТГ: Ці былі ў Вас асабіста нейкія праблемы з кіраўніцтвам праваслаўнай царквы? Ці не было папрокаў наконт вашай супрацы з рок-гуртом?
Маё кіраўніцтва ведае, што я займаюся паэзіяй. Мы ладзім літаратурныя сустрэчы. Гурт «Иго» ня дужа вядомы, рэвалюцыйнай ці яшчэ нейкай правакацыйнай пазыцыі мы не прытрымліваемся. Можа кіраўніцтва і ня ведае пра гурт. Вось калі гурт прэзэнтуе песьні, тады і пачуем водгукі.
Вакалістка гурта «Иго» Вольга Шлавенец
ТГ: Я так разумею, прайшоў той час, калі царква трымала сталую пазіцыю: рок-музыка — гэта зло, гэта ад нячыстага?
Сталая пазіцыя Царквы — гэта веравучэньне. А стаўленьне да музыкі — гэта меркаваньні розных людзей з царкоўнай герархіі. Яны зьмяняюцца зь цягам часу.
ТГ: Вам падабаецца, што Вашыя вершы кладуцца на музыку ў стылі гэві-мэтал? Можа гэта таксама Ваш шчыры выбар?
Я люблю такую музыку. Музыка — гэта форма, інструмэнты, голас і словы. Зьмест — галоўнае. Любой музыкай можна шанаваць Хрыста, а можна зьдзеквацца.
Айцец Павал падчас прабегу «Цьвярозая Горадня», фота pokrovgrodno.org
ТГ: Што ў рок-музыцы Вам падабаецца, а што Вамі рэзка адкідваецца? І яшчэ: чым рок-музыка адрозьніваецца, наш погляд, ад папсы, якая цяпер пануе паўсюль?
Я не прымаю паганскі мэтал, нейкую «чорную» тэматыку, сатанінскія погляды, мат, распусту, ЛГБТ, наркатычны зьмест. Не люблю, калі ўжо моцна крычаць ці вішчаць. Палітагітацыю не люблю, падлеткавы супраціў не ўспрымаю. Калі мы былі падлеткамі, была вельмі рэзкая пазыцыя супраць папсавікоў, але цяпер я не змагар супраць папсы. Хоць лічу добрай песьняй «Папсу» Юрыя Шаўчука.
ТГ: Чаму абралі беларускую мову, а назва гурта пішацца па-расейску?
Раней я пісаў вершы па-расейску, потым па-беларуску. Але сёньня ехаў з адпяваньня, глядзеў на краявіды гарадзенскіх могілак Аульс і пачаў штосьці рыфмаваць па-расейску. У нейкім сэнсе, мне ўсё адно. Расейская мова для мяне асабіста таксама родная. Гурт «Иго» хутка пакажа слухачам песьню «Мова», вось тады і паразмаўляем. Я не прыхільнік варожага стаўленьня да ўсяго расейскага, таму і назва гурта па-расейску. Я выхоўваўся на расейскай рок-музыцы і паэзіі. Любоў да беларушчыны прыйшла потым. Хоць памятаю, як бацька-нябожчык любіў цытаваць Міцкевіча: «Там возера Сьвіцязь, як шыбіна лёду…». І гэтае слова «шыбіна» мяне зачароўвала сваёй прыгажосьцю і нязвыкласьцю. Люблю беларускую мову, толькі не сучасную, а аўтараў савецкага часу, пасьляваеннага, калі і норма склалася, і аўтары мову ведалі ад нараджэньня, а ня так, як мы — па кнігах. Пры канцы сьнежня мы праводзілі імпрэзу, прысьвечаную Сяргею Ясеніну. Раней ладзілі мерапрыемства, дзе гаварылі пра творчасьць Караткевіча. У плянах — Гумілёў, Колас, Багдановіч, Рубцоў, Міцкевіч.
Айцец Павал прамаўляе на вечарыне «Уладзімер Караткевіч і хрысьціянства» ў актавай залі Сьвята-Пакроўскага сабору Горадні, лістапад 2015, фота orthos.org
ТГ: Распавядзіце пра песьню, якую прэзэнтуеце для наведнікаў нашага парталу.
Гурт прэзэнтуе песьню «Калядная». Яна напісана ў жанры калядак, песень прысьвечанных сьвяту Нараджэньня Хрыстова. Я не музыказнаўца, але часта даводзілася сустракацца з такой творчасьцю, як народнай, так і царкоўнай. Вось я і вырашыў напісаць сваю калядку. Я не люблю, калі тэму сьвята Нараджэньня Хрыстова засьмечваюць паганскай ці фальклёрнай тэматыкай пра Каляду, ці звычаі народныя. Таму што самога сьвята Нараджэньня Богачалавека не застаецца, толькі намаганьні рэанімаваць паганскія вераваньні. Нараджэньне Хрыста ўплывае на ўвесь сусьвет, таму і ноч гэтая асаблівая, як для чалавецтва, так і анёлаў. Толькі людзі ўжо дзьве тысячы гадоў бываюць «глухімі».
Сачыць за навінамі гурта «Иго» можна праз афіцыйную суполку.
Размаўляў Алесь Дзянісаў, Tuzin.fm
КАМЕНТАВАЦЬ