Жэня Кучмейна (.К): «Мяне твор вядзе, а не я яго» (+відэа)
Пераможца 8-га туру аўдыёчарту на Tuzin.fm адказаў на закіды ў празьмернай энэргіі і нянавісьці, распавёў пра стыль сваёй працы ды запрасіў усіх з сабой у міні-тур па Беларусі ды Ўкраіне.
«Малады М» у выкананьні праекту аднаго чалавека «.К» у чарце на «Тузіне» зь лістапада 2014 году і ўвесь час імкнецца да першага месца. Найбольш блізка гэты дзіўны да неверагоднасьці твор падабраўся да яго ў туры №5, а потым пакрысе адступіў. Каб узысьці на вяршыню чарту праз шэсьць тыдняў галасаваньня. Зрэшты, лідэра праекту Жэню Кучмейну гіт-парадныя жарсьці ня тое, каб вельмі цікавілі: «Я спачатку сачыў за чартам, потым перастаў і амаль што забыўся. І сам не галасаваў. А тут раптам…»
«.К» выконваў гэтую песьню ўжывую на прэміі «Героі году — 2014» ад Tuzin.fm, на якой намінаваўся на «Адкрыцьцё году». Адзін з слухачоў, пабачыўшы запіс з таго выступу, спытаўся: «Адкуль столькі страшнай энэргіі і нянавісьці?» Жэня адказвае: «Я вельмі люблю свайго слухача і пяю яму з усяе сілы, як апошні раз. Калі так робіш, то выходзіць усё — і любоў, і нянавісць, і страшная энэргія, і нястрашная, але энэргія! А людзі па-рознаму ўспрымаюць».
Цяпер ён заняты сваім іншым праектам (гэтым разам трыё), які завецца «Демонтаж характера». Музыкі пішуць альбом трэці год і спадзяюцца скончыць працу якраз сёлета. Што да «Кропкі Кей», то Кучмейна мае нямала ідэяў, якія хоча рэалізаваць. Але неадразу: «Ідэі трэба яшчэ пераварыць хаця б годзік, каб можна было нешта сказаць канкрэтнае. Ці будуць яшчэ песьні па-беларуску сказаць не магу, бо ня ведаю: мяне твор вядзе, а не я яго. Галоўнае за жывое зачапіцца падчас паляваньня, астатняе прыкладзецца».
У лютым «.К» выпраўляецца ў міні-тур, у межах якога мяркуецца даць некалькі канцэртаў у Беларусі ды Ўкраіне. 7 лютага мяркуецца выступ у «Антыкафэ» ў Горадні, 8 лютага ў бары «ДК» у Менску, 12-га — у Кіеве, 13-га ў Днепрапятроўску, 15-га ў Адэсе. Падрабязнасьці можна спраўдзіць у афіцыйнай суполцы выканаўцы.
Tuzin.fm
КАМЕНТАВАЦЬ