Sakramant запісаў міні-альбом пад уплывам казак Караткевіча (прэм’ера)
5201 / 2
24.06.2016

Sakramant запісаў міні-альбом пад уплывам казак Караткевіча (прэм’ера)

Гурт Sakramant прэзэнтуе на Tuzin.fm EP «Чортаў скарб», названы ў гонар казкі Ўладзімера Караткевіча. У рэліз увайшлі тры песьні-гісторыі аўтарства былых удзельнікаў каманды Litvintroll Васіля Верабейчыкава і Алеся Стаціўкі.

Litvintroll распаўся пры канцы мінулага году на дзьве часткі — Trollwald, дзе пяе Андрэй Апановіч і Sakramant, які заснавалі дудар Васіль Верабейчыкаў і басіст Алесь Стаціўка. Дзеля запісу прома-сынглу да іх далучыўся вакаліст Gods Tower Лэсьлі Найф, але месца сталага вакаліста заставалася некалькі месяцаў вакантным. «Мы доўга шукалі чалавека, які бы ня толькі заняў пасаду вакаліста гурта, але і быў сапраўдным франтмэнам, які зацікаўлены ў разьвіцьці, стаў бы добрым сябрам. І мы яго знайшлі. Гэта Браніслаў Рамановіч. Ён той, хто здольны ўзначаліць Sakramant», — распавёў Tuzin.fm Васіль Верабейчыкаў.

На фота (зьлева направа): Аляксандар Стаціўка, Мікалай Шаранговіч, Браніслаў Рамановіч, Васіль Верабейчыкаў, Дэн Быкаў

З усіх песень, што былі напісаныя да гэтага часу, музыкі адабралі тры, аб’яднаныя агульная ідэяй. Зь іх і складаецца дэбютны рэліз «Чортаў скарб». Канцэпцыя, якая зьвязала матэрыял кружэлкі, вырасла зь містычнай спадчыны Ўладзімера Караткевіча.

«Што ёсьць сапраўдны скарб? Магчыма гэта гаршчок з золатам, які быў атрыманы ў якасьці прызу за перамогу над рагатым нахлебнікам? Ці гэта нечаканае каханьне, здабытае замест гонару ў барацьбе са злой пачварай? Ці скарб — гэта твая спадчына, тое, што ты зрабіў у жыцьці — і добрае, і кепскае, што намагаешся пакінуць нашчадкам? Тры скарбы, тры гісторыі, тры песьні», — вядзецца ў анатацыі да міні-альбому.

Жывая прэзэнтацыя «Чортава скарба» адбудзецца 25 чэрвеня ў межах фэсту «Купальскае Кола». Sakramant выступіць з паўтарагадзінным сэтам, пачатак яго ў 17:00.

Tuzin.fm, фота з афіцыйнай суполкі гурта

1. Čortaŭ skarb (Чортаў скарб)
Музыка: А. Стаціўка, Д. Быкаў
 
Словы: А. Стаціўка паводле казкі У. Караткевіча «Чортаў скарб»


2. Mužny vołat Pahaniajła (Мужны волат Паганяйла) 
Музыка: В. Варабейчыкаў, А. Стаціўка 
Словы: В. Варабейчыкаў 

3. Bona (Бона)
Музыка: А. Стаціўка 
Словы: А. Стаціўка


SAKRAMANT: 
Браніслаў Рамановіч — вакал
Васіль Варабейчыкаў — дуда, жалейка, флейта, бэк-вакал
Аляксандар Стаціўка — бас, бэк-вакал
Дэн Быкаў — гітара, бэк-вакал
Мікалай Шаранговіч — бубны

Над альбомам працавалі: 
Lesley Knife — бэк-вакал
Зьміцер Аўчыньнікаў — клавішы
Яўген Халманскіх, Кастусь Нікіфараў, Раман Брэжнеў і Іван Бондар — бэк-вакалы.

Студыя «Famous Music» (Эльдар) — запіс бубнаў.
Студыя «Arec» (Зьміцер Зыбайла, Яўген Савановіч) — запіс гітар, басу, дудаў, вакалаў і ўсяго астатняга.
Аляксей Болатаў — mixing & mastering

Аранжыроўка — Sakramant

Зьміцер Гельд — фота і відэа
Devor — art & design

КАМЕНТАРЫ:

  • Ihar Kulikou
    Ihar Kulikou / адказаць
    24.06.2016 / 17:23

    Іван Бондарь - думаю, па-беларску будзе ўсё-такі "Бондар" :).

    Сам амбольм - агонь! Чакаем новых песень!

  • 12tuzin@gmail.com / адказаць
    26.06.2016 / 23:54

    Дзякуй за заўвагу, паправілі.

  • КАМЕНТАВАЦЬ