
Абраныя фіналісты конкурсу «Басовішча-2018» (аўдыё)
На адборачным канцэрце 11 траўня ў клюбе «Брюгге» былі названыя гурты, якія возьмуць удзел у 29-м фэстывалі музыкі маладой Беларусі.
У «Адборышчы» ўзялі ўдзел 7 гуртоў, якія былі адабраныя пасьля папярэдняга праслухоўваньня журы. Усяго на конкурс было пададзена 31 заява. У выніку пасьля жывых выступаў канкурсантаў журы, якое складалася з прадстаўнікоў арганізатараў фэсту зь Беларускага аб’яднаньня студэнтаў у Польшчы, кіраўніцтва TuzinFM і музычных экспэртаў, назвала тры каманды, якія паедуць на фэстываль. Гэта гурты Snop Snoŭ, «MorkvoЦвет» і «Eryk i Ja» (яны пакуль ня маюць студыйнага запісу). Чацьвертага фіналіста назвалі гледачы, ім стаў гурт «Колір» з Адэсы. Калі нехта з абраных ня здолее паехаць на фэстываль, яго заменіць гурт Nürnberg.
Чацьвёра фіналістаў выступяць на галоўнай сцэне «Басовішча-2018» 20 ліпеня. Пераможца атрымае грашовую ўзнагароду, магчымасьць выступіць у другі дзень фэстывалю, гарантаванае месца ў праграме «Басовішча-2019» ды ратацыю песень у этэры «Беларускага Радыё Рацыя».
TuzinFM
КАМЕНТАВАЦЬ