«(Не) расстраляная паэзія». TuzinFM зладзіць 12 адкрытых лекцыяў пра беларускіх паэтаў 1930-х
5755 / 0
20.07.2017

«(Не) расстраляная паэзія». TuzinFM зладзіць 12 адкрытых лекцыяў пра беларускіх паэтаў 1930-х

Цягам восені знаўцы беларускай літаратуры разам з музыкамі распавядуць пра паэтаў, чый шлях быў гвалтоўна спынены 80 гадоў таму.

Кожны зь літаратурных экспэртаў правядзе па дзьве лекцыі цягам верасьня-лістапада ў кнігарні «Логвінаў». Ганна Севярынец рыхтуецца распавесьці пра Міхася Чарота і Алеся Дудара, Андрэй Хадановіч — пра Юлія Таўбіна і Тодара Кляшторнага, Аляксей Стрэльнікаў — пра Міхася Зарэцкага і Ўладзіслава Галубка, Вольф Рубінчык — пра Ізі Харыка і Майсея Кульбака, Віктар Жыбуль — пра Юрку Лявоннага і Зяму Піваварава, Антон Рудак — пра Анатоля Вольнага і Валерыя Маракова.

«Мы хочам зрабіць гэтыя вечарыны ў надзвычай цікавым фармаце, таму просім шаноўных лектараў зьвярнуць увагу на малавядомыя моманты з жыцьця паэтаў і на тыя іх творы, якія былі забытыя пасьля расстрэлу аўтараў. Мы хочам зразумець, якімі яны былі людзьмі, чым жылі і натхняліся, чым уражвалі і абуралі тых, хто быў побач зь імі. І тым самым сьцьвердзіць, што памяці пра гэтых творцаў наканавана жыць далей, як бы там нехта ні хацеў інакш», — зазначае прадусар праекту Сяргей Будкін.

Сябры літаратурнага аб’яднаньня «Маладняк», Менск, 1925 год. Сядзяць зьлева направа: Язэп Падабед, Алесь Якімовіч, Міхась Чарот, Алесь Дудар, Язэп Пушча, стаяць зьлева направа: Адам Бабарэка, Нічыпар Чарнушэвіч, Паўлюк Трус, Анатоль Вольны, Андрэй Александровіч, Кузьма Чорны. У 1930-х з 11 чалавек са здымку дзевяць будуць рэпрэсаваныя, пяцёра пасьля рэпрэсіяў не выжывуць.

У лекцыях таксама возьмуць удзел музыкі, якія ў камэрным фармаце ўпершыню зайграюць песьні, напісаныя на словы рэпрэсаваных творцаў. У межах лекцыяў заплянаваная прэзэнтацыя «маўклівых кнігаў», якія найперш атрымаюць тыя, хто падтрымаў праект на Talaka.by.

Усе 12 лекцыяў будуць дэманстравацца он-лайн: кожная зь іх праз пэрсанальную старонку паэта-героя праекту на Facebook. Адрасы ўсіх старонак — тут. Поўны расклад лекцыяў апублікуем пры канцы жніўня.

Яшчэ можна спрычыніцца да рэалізацыі праекту «(Не) расстраляная паэзія». Краўдфандынгавая кампанія сканчаецца 31 ліпеня.

Падтрымаць праект

TuzinFM