Алег Сухараў («Самі Свої»): «Бацька мне сказаў: заставайся ў Беларусі»
3551 / 0
20.03.2015

Алег Сухараў («Самі Свої»): «Бацька мне сказаў: заставайся ў Беларусі»

Пасьля туру па Беларусі лідэр фармацыі «Самі Свої» і заснавальнік некалькіх украінскіх фэстаў прызнаўся Tuzin.fm, што яго бацькі адгаворвалі ехаць у нашу краіну, выдаў рэспэкты Гілевічу і Вайцюшкевічу ды распавёў пра свой Майдан.

Алег Сухараў з гурта «Самі Свої» ужо некалькі гадоў як актыўна выступае ў сольнай якасьці. Ён ужо аб’езьдзіў з канцэртамі Ўкраіну, Польшчу, частку Расеі, граў некалькі разоў у Беларусі. Але апошні тур па нашай краіне — самы буйны. Па яго сканчэньні Алесь Дзянісаў пагутарыў з музыкам і арганізатарам украінскіх фэстаў.

ТГ: Як прайшоў твой тур па Беларусі?

Вельмі задаволены сваёй вандроўкаю па Беларусі ў гэты раз! Усяго было дзевяць канцэртаў у сямі гарадах: Менск, Горадня, Маладэчна, Вялейка, Віцебск, Магілёў, Гомель. Удзельнічаў у фэстывалі «Грынфэст» пад Менскам, які арганізоўваў мой ўжо вельмі добры сябар і калега па цэху Паша «Грын». Астатнія канцэрты праходзілі як у арт-установах (галерэі, арт-кавярні, моладзевыя клюбы) так і ў фармаце «кватэрнікаў», якія на самой справе, нашмат лягчэй зладзіць і якія найлепш пасуюць пад фармат бард-року.

Пасьля такіх паездак у мяне становіцца нашмат больш сяброў. А вось калі выступаем гуртом, то сцэна заўважна аддзяляе музыкаў і слухачоў. Нельга не сказаць, што беларусы — вельмі гасьцінныя людзі! Так што ў пляне арганізацыі і цёплага прыёму праблемаў не было.

ТГ: У чым адрозьненьне твайго сёлетняга туру па Беларусі ад ранейшых і які з выступаў найбольш запомніўся?

У Беларусь прыяжджаю ў чацьверты раз. Раней я езьдзіў з канцэртамі ў Расею і разам з тым заяжджаў у вашую краіну. Але сёлета быў першы тур, які быў арыентаваны толькі на Беларусь. Найбольш яркім уражаньнем быў «Грынфэст»: шмат цікавых музыкаў у адным месцы, пэўная атмасфэра, і людзі, якія дыхаюць з табой адным паветрам! Такія моманты жыцьця запамінаюцца назаўжды і вельмі каштоўныя!

ТГ: У цябе атрымалася праехацца па розных гарадах і ахапіць амаль усе рэгіёны: і захад, і поўнач, і ўсход. Ці ты заўважыў асаблівасьці, настрой, дух гэтых беларускіх гарадоў?

Адрозьненьні ёсьць. На захадзе Беларусі быў у Берасьці і Горадні. У іх адчуваецца, што Эўропа бліжэй і настрой больш патрыятычны, людзі больш свабодалюбівыя.У Горадні захавалася шмат старажытнай архітэктуры. Пра Менск магу сказать — адразу бачна, што гэта сталіца! Горад будуецца, разьвіваецца ўжо ў новым рэчышчы. Відавочна шмат будынкаў савецкага пэрыяду. Віцебск і Магілёў мне падабаюцца па-іншаму. Прыемна гуляць у парку над Дзьвіной у Віцебску. Там неяк так утульна, спакойна, ціха. Філязофская такая атмасфэра. У Гомелі, на жаль, ня меў часу прагуляцца. Прыехаў — і адразу на канцэрт, а раніцай трэба было вяртацца дамоў. Маладэчна мне падаўся самым чыстым горадам, які я бачыў. Так што тое, што кідаецца ў вочы найперш — гэта чысьціня вуліц, добрыя дарогі ды яшчэ законапаслухмянасьць беларусаў. Вы — малайцы! Так трымаць!

ТГ: Ці адкрыў для сябе нешта новае ў беларускай музыцы і культуры?

Вядома ж! Я наогул з кожным прыездам усё больш прасякаюся беларускімі справамі і ўжо нават трохі валодаю беларускай мовай. Падчас гэтага туру падарылі кнігу Юрыя Станкевіча «П’яўка». Адзін беларускі сябрук сказаў: калі прачытаю яе, дакладна вывучу мову. Усё больш даведваюся пра гісторыю Беларусі, больш знаёмлюся зь беларускай літаратурай — Васіль Быкаў, Ніл Гілевіч, Уладзімер Караткевіч. З інтарэсам дазнаўся, што ёсьць тры варыянты беларускай мовы: трасянка, тарашкевіца і наркамаўка. І што «о» заўсёды пад націскам, таму два «о» ў адным слове ня можа быць.

Што тычыцца музыкі, то першыя знаёмствы зь беларускімі музыкамі ў мяне адбыліся яшчэ восем гадоў таму. Пад Кіевам праходзіў «Вертифест» і туды прыяжджалі выступаць Цімафей Яравікоў («Сердце дурака»), Воля Ганакова, Akute. Потым я пачуў Зьмітра Вайцюшкевіча. Ягоная творчасьць настолькі мяне захапіла, што я ўсім сваім сябрам яго раіў слухаць. Таксама N.R.M., «Ляпіс Трубяцкі» можна не называць, бо гэта ясна.

Вельмі рады, што ў час гэтай паездкі пазнаёміўся з Сашам Памідоравым, музыкамі з гурта Dzieciuki. Бачу, што ў Беларусі сфармаваўся новы пласт рок-бардаў — маладыя і вельмі кайфовыя хлопцы, як Паша Грынкевіч («Грын»), Сяргей Башлыкевич, Дзіма Новікаў («Агнявіт»), Дзяніс Сівіцкі ды іншыя.

На фота: Алег Сухараў (зьлева) і Алесь Дзянісаў. Фота радыё Рацыя.

ТГ: Нашы ўлады ня надта прыязна ставяцца да рокераў у цэлым, а ўжо тым больш да тых, якія былі на Майдане. Не было ў гэтай сувязі засьцярогаў?

Мая маці перад паездкай вельмі хвалявалася, каб на мяжы не затрымалі і на вайну не адправілі. Яна мне так і казала: «Ня едзь нікуды!». А калі я ўжо быў у Беларусі, то напісаў бацькам, што ўсё нармальна, а той мне адпісваецца: «Вось і сядзі там, не вяртайся ва Ўкраіну!» Што да Майдану, то там былі сотні тысяч людзей. Так што ім усім цяпер нельга прыяжжаць ў Беларусь?! Я музыка. Я ня еду рабіць рэвалюцыі. Я еду сьпяваць песьні і чытаць вершы. Яшчэ хачу сказаць, што шлях Украіны — гэта шлях Украіны. Ні ў якім разе нельга праецыраваць яго на Беларусь. Мы блізкія, мы вельмі блізкія, але мы — розныя. Гэта трэба разумець, і тады нам лягчэй будзе будаваць узаемаадносіны на парытэтных і сяброўскіх асновах. На жаль, у Расеі гэтага не разумеюць і ня хочуць разумець. Вось мы цяпер бачым да чаго такое неразуменьне прывяло…

ТГ: Дарэчы пра Майдан. Ты ж там быў не выпадковым чалавекам?

Там выпадковых людзей не было. Усе шчыра падтрымлівалі, хто як мог. Я рабіў тое, што магу — сьпяваў песьні. Сьпяваў сольна, граў і сьпяваў ў складзе гурта «Самі Своі», з паўакустычным праектам «Грэч Е!». Я хадзіў туды як грамадзянін, выказаць сваю пазыцыю, сваю нязгоду зь дзеяньнямі злачыннай улады. Канечне, самы цяжкі дзень быў 20 лютага, калі на Майдане забілі аднаго з маіх сяброў. Мы забіралі яго і іншых Герояў Нябеснай Сотні зь Міхайлаўскага сабора, везьлі ў морг і там ахоўвалі целы нябожчыкаў, таму, што ў тыя дні міліцыя тайна вывозіла загінулых, каб зьменшыць статыстыку. На мой погляд, на Майдане ня сотня палегла! Нашмат больш! Бо да гэтага часу шмат людзей лічацца зьніклымі бязь зьвестак…

Я думаю што музыка на Майдане была канцэнтраваным адлюстраваньнем самога Майдану, бо выступалі ня толькі рок-музыкі, але і поп-выканаўцы, і фолькавыя калектывы, і барды і электроншчыкі. Як і сам Майдан, гэта былі людзі самых розных як культурных так і сацыяльных слаёў. Аб’ядноўвала ўсіх жаданьне жыць і працаваць у сваёй краіне, на сваёй зямлі вольна! Людзі стаміліся ад несправядлівасьці і хлусьні. З сумам адзначу, што пакуль што за год мы ня ўбачылі хоць бы якіх відавочных зьменаў да лепшага. Але гэта быў яшчэ адзін крок у станаўленьні нацыі. Крок радыкальны і балючы, але ў людзях адбыўся пералом, які ўмацоўвае Веру і Дух. І разуменьне: так як было ўжо ня будзе ніколі! Нездарма назвалі гэты Майдан «Рэвалюцыяй Годнасьці».

ТГ: Ці сустракаўся ты асабіста з забаронамі канцэртаў? У нас гэта справа звыклая.

У мяне такіх прэцэдэнтаў не было. Фармат, у якім я выступаю, ня ёсьць камэрцыйным па сваёй сутнасьці, таму няма сэнсу афішаваць канцэрты на афіцыйным узроўні. Гэта творчыя сустрэчы, «кватэрнікі». Яны лякальныя, таму думаю, што ўладам гэта не перашкаджае. Калі пра Ўкраіну казаць, то нашы ўлады, нават за Януковічам, проста ігнаравалі існаваньне рок-музыкі. Вы сабе сьпявайце што хочаце, а красьці вы не перашкаджаеце! Я магу сказаць, што ва Ўкраіне я ніколі не адчуваў ціску дзяржавы ці нейкага ўдзелу зь яе боку ў тым, што я раблю. Ня раз пераконваўся: той хто ідзе ў палітыку ці ва ўладу, наогул ня слухае рок-музыку і нават ня ведае пра існаваньне такіх як я. Вось таму так усё і дрэнна, бо краінай кіруюць «папсары»!

ТГ: Як цяпер выглядаюць твае справы з выступамі ў Расеі?

За апошнія гады я шмат езьдзіў у Расею і паволі ўсё рухалася. Але бачыш як па пстрычцы аднаго крэмлёўскага дзядзенькі ўсё зьмянілася! Шмат з кім я парваў сувязі, бо яны падтрымалі анэксію Крыму і вайну на Данбасе, але ёсьць частка людзей, зь якімі застаўся ў сяброўскіх адносінах. Яны мне пішуць і шкадуюць што мы ня можам сустрэцца, што яны ня могуць паслухаць мае песьні ўжывую. Якраз калі быў у Беларусі, мне напісалі зь Піцера і Масквы. Запрашалі на канцэрты. Але пакуль ня скончыцца вайна, я не магу туды паехаць. Гэта жудасна, але я думаю, што ўзаемаадносіны паміж украінцамі і расейцамі адкінутыя гадоў на 100, як мінімум! На жаль, міт навязаны нам, ну і вам у тым ліку, што мы — брацкія народы, пацярпеў фіяска. Але пры гэтым, мне падаецца, што гэтая сытуацыя дабратворна паўплывае на збліжэньне ўкраінцаў і беларусаў! Жыве Беларусь! Слава Ўкраіне!

Даведка Tuzin.fm: Алег Сухараў — аўтар песень, паэт, музыка, лідэр рок-гурта «Самі Свої» (Кіеў), створанага ім у 1996 годзе. Запісаў два альбомы з гуртом і ўласны сольны альбом, а таксама некалькі самотнікаў. Удзельнік і ляўрэат шматлікіх украінскіх фэстываляў. Ініцыятар і суарганізатар фэстываляў «Рок-акустыка» (Кіеў) у 2000—2001 гадах, «Фэстывалю мастацтваў — 2000», «Вертифеста» ў 2008—2010, 2012 гадах, «Мамалига-party-2014». Заснавальнік творчага аб’яднаньня «Вертыкаль», арганізатар культурнай акцыі «На кватэрнік да Лесі Ўкраінкі». Актыўную сольную дзейнасьць пачаў у 2011 годзе. Гастраляваў па Ўкраіне, Беларусі, Расеі, Польшчы. У канцэртную праграму агульнай працягласцю 1,5—2 гадзіны пераважна ўваходзяць песьні, якія не выконваюцца групай «Самі Свої». У сваёй творчасьці Алег не трымаецца нейкай адной тэматыкі і музычнай стылістыкі, тут можна сустрэць і сьветапоглядна-філязофскія разважаньні і сатырычныя нумары, праніклівую лірыку і патрыётыку. У 2014 годзе таксама стварыў разам з гітарыстам гурта «Самі Свої» Ігарам Кліменкам праект МКБ «Грэчка Е» (МКБ — мабільная канцэртная брыгада), зь якім цяпер рыхтуе альбом.

 Сачыць за творчасьцю Алега Сухарава і гурта «Самі Свої» можна праз афіцыйны сайт і афіцыйную суполку.

 Размаўляў Алесь Дзянісаў, Tuzin.fm, фота Аляксандра Саенкі, а таксама са старонкі сьпевака