
TuzinFM аднаўляецца ў рэвалюцыйным рэжыме
Мы аднаўляем TuzinFM пасля амаль гадовага зацішша, каб фіксаваць тое, што адбываецца тут і зараз у музыцы. І не толькі. А таксама, каб паўдзельнічаць у важнай ініцыятыве: стварэнні Беларускага фонда культурнай салідарнасці.
Падзеі ў нашай краіне развіваюцца імкліва. На нашых вачах пішацца гісторыя. Відавочна, Беларусь апынулася на парозе вялікіх зменаў. І ўсе падзеі апошніх месяцаў не пакідаюць абыякавым нікога. У тым ліку творцаў. За лета-восень 2020 года створана проста неверагодная колькасць годнага творчага кантэнту - ад песень і кліпаў да вулічнага арту і пратэстных плакатаў.
Цяпер TuzinFM - гэта партал пра культурны супраціў і медыйная пляцоўка Беларускага фонду культурнай салідарнасці.
Падчас свайго 18-гадовага існавання “Тузін Гітоў” заўжды быў больш, чым проста сайт пра музыку.
Мы маніторылі парушэнні правоў музыкаў і супрацьстаялі забаронам.
Мы пашыралі сферу ўжывання беларускай мовы - за гэты час у нас на партале была прэзентаваная незлічоная колькасць песень, кліпаў і альбомаў. Шмат хто з беларускіх музыкаў упершыню заспяваў па-беларуску, дзякуючы нашай ініцыятыве.
Мы працавалі на імідж беларускай культуры ў краіне і за яе мяжою. Для нашых праектаў па-беларуску спявалі “Мумий тролль”, Zdob si Zdub, The Hardkiss, O.Torvald, Андрэй Макарэвіч, Аляксандр Рыбак, “Воплі Відоплясова” ды іншыя.
Мы першыя, хто cістэмна даследваў гісторыю беларускага андэграўнду ад 1960-х гадоў да нашых часоў, правёў маштабнае апытанне пра “100 найвялікшых беларускіх песень усіх часоў”, зрабіў рэйтынг галоўных беларускамоўных хітоў сучаснасці.
Праз музыку мы вярнулі інтарэс да класікі беларускага нямога кіно.
І да спадчыны “Песняроў”.
Звярнулі ўвагу на грамадскаважныя тэмы, сярод якіх - смяротнае пакаранне.
Уздымалі тэму масавых рэпрэсій 1930-х, якой прысвечаны праект “Нерасстраляныя”
Зладзілі адукацыйнае талент-шоў для маладых музыкаў “Заспявай”.
Беларускую музыку розных стыляў ва ўсёй яе прыгажосці мы паказалі ў нашым тэлепраекце “Belsat Music Live” і ў розных праграмах на беларускіх і замежных радыёстанцыях, у тым ліку ў “Радыё Тузіне” на “Беларускім Радыё Рацыя”.
Мы арганізавалі нямала ўнікальных і непаўторых канцэртных падзеяў, заснавалі сваю музычную прэмію, знялі дакументальны фільм пра адзін з галоўных музычных праектаў сучаснасці і чатыры навагоднія тэлешоў.
Зараз нашая дзейнасць яшчэ больш пашыраецца.
Разам з спявачкай Русяй мы выступілі ініцыятарамі адкрытага ліста дзеячаў культуры, які падпісала ўжо 1250 чалавек, а таксама заснавалі Беларускі фонд культурнай салідарнасці, які будзе падтрымліваць творцаў у гэты няпросты час.
З кастрычніка 2020 года, роўна праз 18 гадоў пасля свайго заснавання, “Тузін” аднаўляецца як інфармацыйны партал.
Гэта сайт і старонкі ў сетках, дзе будзе распавядацца пра рэакцыю творцаў на падзеі ў Беларусі, пра іх пратэст, штовыказваецца з дапамогай словаў, фарбаў, гукаў і рухаў. Захаваецца і галоўная фішка нашага парталу - хіт-парады песень і кліпаў.
А калі Перамога будзе за намі, то мы з радасцю будзем распавядаць на “Тузіне” пра актуальную культуру новай Беларусі ва ўсіх яе праявах.
Дадавайце ў закладкі наш сайт!
Сяргей Будкін, заснавальнік TuzinFM, кіраўнік Беларускага фонда культурнай салідарнасці
Загалоўнае фота: FB Pit Pawlaw
КАМЕНТАВАЦЬ