Tomato Jam. Фанк можа быць беларускім (прэм’ера!)
3302 / 0
22.04.2015

Tomato Jam. Фанк можа быць беларускім (прэм’ера!)

Вакаліст адметнай фанкавай каманды Tomato Jam Андрэй Лісоўскі паразважаў у інтэрвію Tuzin.fm пра беларускі кавэр-рух ды прэзэнтаваў адразу дзьве аўтарскія рэчы.

Tuzin.fm звычайна пра кавэр-бэнды ня піша, бо гэта чыстая камэрцыя і мінімум творчасьці. Выключэньне апошніх гадоў — хіба гурт Detroit, які мы запрасілі ў шматпакутны праект «Re:Песьняры», бо дужа цудоўны ў іх быў кавэр. На першы погляд Tomato Jam — таксама звычайны музычны аўтамат, толькі што жывы. Укідваеш капейчыну — і табе музыка грае на пажаданьне. Кампазыцыі разьбітыя на пяць групаў: фанк (Стыві Ўандэр, Джэймз Браўн, Red Hot Chili Peppers і «Бітлз», вядомая справа), густоўны рок (Pink Floyd, ZZ Top, Depeche Mode), рок-н-ролы/тўісты (Элвіс, Чак Бэры), бітовыя рэчы тыпу Haddaway і Daft Punk  ды тэчка «айчыннае», куды звальваецца, як звычайна, і сваё, і суседзкае — «Брава», Zdob si Zdub, «Ляпіс»…

Аднак, ад большасьці айчынных кавэр-бэндаў Tomato Jam адрозьнівае тое, што яны чужое граюць як сваё — з эмоцыяй і цікавінкай, таму гайдаюць неймаверна. А яшчэ тое, што ўплятаюць у свой рэпэртуар уласныя напрацоўкі ды аўтарскія кампазыцыі. Адразу дзьве зь іх гурт прадстаўляе наведнікам Tuzin.fm. Вакаліст гурта Андрэй Лісоўскі выдатна валодае беларускай мовай і першыя свае песьні спрабуе пісаць менавіта на ёй. У час інтэрвію папярэджвае, што адказаць за ўсіх удзельнікаў гурта ня можа, але спадзяецца, што яны будуць згодныя зь ягоным пунктам гледжаньня.

ТГ: У самапрэзэнтацыі вы заяўляеце пра сваю «вялікую амбітнасьць». У чым яна палягае?

Так, сапраўды, ёсьць такое. Справа ў тым, што асабіста я лічу музыкаў, якія прымаюць удзел у нашым калектыве, яскравымі і таленавітымі асобамі. Нягледзячы на іх вонкавую сьціпласьць. А таксама на тое, што кожнаму з нас яшчэ шмат трэба працаваць. Тым ня менш, ужо цяпер магу ўпэўнена казаць, што нашае гучаньне якасна адрозьніваецца ад шматлікіх айчынных гуртоў. Якраз гэтая думка і надае часам упэўненасьці і адвагі, каб кожны раз пры запрашэньні слухачоў на нашыя канцэрты, мы маглі абяцаць ім найлепшы настрой, мора драйву і пазытыву. А гэта вялікая адказнасьць, на мой погляд. Гэта я і называю амбітнасьцю. І гэта ўжо прэтэнзія (усьміхаецца).

ТГ: Якім чынам тое, што вы сказалі, суадносіцца з вашай накіраванасьцю «генэраваць новыя кавэры»?

Асабіста я назіраю ў гэтым наўпроставую залежнасьць: калі ты заяўляеш пра сябе як гурт, які здольны прымусіць скакаць увесь танцпляц, тады, будзь ласкавы, адпавядай. Зьдзіўляй і радуй слухачоў кожны раз па-новаму. І калі ўжо так адбылося, што ты граеш кавэры, то старайся рабіць іх ня горшымі за арыгінал. Вядома, што далёка ня кожную песьню можна данесьці да аўдыторыі ў тым выглядзе, у якім яна ім палюбілася. Так гэта і не патрабуецца, на мой погляд. Вось тут і пачынаецца так званая «генэрацыя кавэраў», калі ты на базе ўжо вядомага робіш новы асабісты твор, пажадана ня горшы, як я казаў, за арыгінал. Зразумела, што без прэтэнзіяў на аўтарства. А то б гэта ўжо выглядала на плягіят. Карацей кажучы, перадаем зьмест кампазыцыі праз прызму сваіх густавых пераваг. Не заўсёды. Але так нам больш падабаецца.

ТГ: Дык вас лічыць самастойнай творчай адзінкай ці ўсё ж кавэр-бэндам?

Я не вялікі аматар кавэр-бэндаў у тым выглядзе і колькасьці, у якіх яны цяпер існуюць, але лічу, што кожны зь іх можна сьмела называць самастойнай творчай адзінкай, калі яны робяць сваю працу з густам і ўкладаюць у яе частку сваёй душы. На тое, каб граць чужыя творы і пры гэтым не сапсаваць іх, а нават паляпшаць, таксама трэба мець талент і творчы пачатак. Зь некаторымі песьнямі людзі знаёмяцца якраз у выкананьні кавэр-бэндаў. Напрыклад, зусім нядаўна я пачуў песьню Лу Рыда «Perfect Day» ў выкананьні калектыву The Jolly Boys. І яна мне сапраўды спадабалася ў адрозьненьне ад таго моманту, калі я пачуў яе ўпершынюМы імкнемся да таго, каб стаць гуртом са сваім імем, стылем, тварам. Яшчэ няшмат у нашым даробку аўтарскіх твораў, але зразумела, што гэтую задачу адужаем. І мне хочацца спадзявацца, што хоць некаторыя з новых аўтарскіх твораў змогуць крануць слухачоў.

ТГ: Цяпер назіраецца сапраўдны бум кавэр-бэндаў. Дык а чаму цяпер, як лічыш?

Можа гэта нейкі кітч. А можа хтосьці спадзяецца на лёгкае бабло. Але гэты міт у такім разе руйнуецца пасьля выступу на першым жа вясельлі. Можа камусьці здаецца, што нічога новага ўжо не атрымаецца, таму лепей перарабіць старое наноў. А можа на сучаснага слухача з розных крыніцаў валіцца столькі рознага музла, што ён не пасьпявае ўсё пераварыць, і яму патрабуецца час, каб паслухаць твор у розных варыянтах. А можа мы проста ведаем шмат пра кавэр-бэнды, таму што ў наш час дастаткова ўвесьці запыт у Гугле, і ты знойдеш, што шукаеш. Можа іх і раней было ня менш. Але ў газэтах пра гэта не пісалі. Прычынаў можа быць шмат.

Асабіста я заўсёды арыентаваўся на тое, каб граць менавіта свае аўтарскія кампазыцыі, але, каб добра адчуваць у калектыве адзін аднаго, трэба адразу пазнаёміцца на базе кавэраў. Да таго ж, самае элемэнтарнаетрэба плаціць за час арэнды студыяў для рэпэтыцыяў, а на гэта трэба трошкі зарабляць. Напрыклад, на вясельлях ды карпаратывах, дзе патрабуюць тое, што ўжо недзе чулі. Вось табе і кавэр-бэнд (усьміхаецца).

ТГ:  Наколькі гэта выгодная справа быць кавэр-бэндам у Беларусі? Ці можна з гэтага жыць?

Мяркую, што гэта залежыць ад таго, на што накіраваны калектыў. Калі гурт быў створаны менавіта для таго, каб зарабляць грошы на розных мерапрыемствах, то ён дасьць рады зарабіць сабе на жыцьцё. Пры ўмове, што ён добра рэклямуецца, а яго назва шмат каму знаёмая. Мабыць, гэта і ёсьць кавэр-бэнд у клясычным, так скажам, разуменьні. Такія лабаюць усё запар, што ні папрасі. Гэта таксама няпроста. Але мне такі фармат ня вельмі падабаецца. Нават ахвяруючы заробкам, хочацца знайсьці свайго слухача, які зацэніць удалы стоп-тайм ці смачную сынкопу. А гэта даволі рэдкі выпадак у нашых шыротах. Таму, на мой погляд, калі ты музыка, які не задзейнічаны ў іншых шматлікіх праектах, табе будзе даволі цяжка добра зарабіць у такім кавэр-бэндзе. Асабліва, калі ў ім больш за тры-чатыры асобы.

ТГ: Якое месца ў вашым рэпэртуары займае беларускамоўная песьня?

Пакуль што ў нашым рэпэртуары іх усяго толькі тры. Адна зь іх кавэр на Элвіса Прэсьлі. Астатнія дзьве — аўтарскія. Мне падабаецца складаць тэксты да песень менавіта на беларускай мове. Не магу сказаць што на гэта паўплывала. Але беларуская мова здаецца даволі мілагучнай. Хоць атрымліваецца заўсёды па-рознаму. Трэба працягваць... Мяркую, залежыць ад натхненьня.

ТГ: Якія перашкоды ёсьць у тым, каб пазыцыянаваць сябе па-беларуску?

Да гэтага чаму мы з такімі перашкодамі не сутыкаліся. Можа таму, што рэдка выкарыстоўвалі беларускую мову. Акрамя таго, што я, напрыклад, зусім невыдатна, на жаль, ёй валодаю (хлусьня — заўвага ТГ). Часам бывае няпроста выказваць свае думкі. Так, сорамна. Але, вядома ж, некаторым даводзіцца сутыкацца зь перашкодамі іншага кшталту, якія глыбока схаваліся ў нашых галовах. Бывае, што калі чалавек прычапіў ярлык, то ён ужо за ім нічога ня бачыць. Іншыя лічаць, што беларуская мова — мова апазыцыянэраў, некаторыя ставяцца да яе як да калхознага дыялекту расейскай глыбінкі, меньшасьць бачыць у ёй сьцяжынку да сваіх каранёў, якія надаюць ім сілы і ўпэўненасьці... Мне гэтыя гульні ня надта падабаюцца.

Мова існуе і яна вартая таго, каб на ёй размаўляць. Тым больш, што яна сапраўды прыемна гучыць, калі ёй добра валодаеш. Гэта асабісты выбар кожнага, на якой мове выказваць свае думкі. На мой погляд, ня мова павінна вызначаць чалавека, а наадварот. У любым выпадку трэба заставацца паўнавартаснай асобай. Ну і з другога боку, калі чалавек лайно, то ён лайном і застанецца, на якой бы мове ён ні размаўляў.

ТГ: Калі рабіць кавэры на беларускамоўныя кампазыцыі, дык на якія найперш?

Чамусьці адразу Лявон Вольскі ўсплывае ў памяці. «Тры чарапахі». Ці тыя ж «Госьці». Зразумела, што і ў «Песьняроў» шмат чаго можна знайсьці для выкарыстаньня. Але навошта іх здымаць, калі яны і самі гастралююць дагэтуль. Таму, што тычыцца беларускамоўных песень, то мы лепш зробім штосьці сваё.

ТГ: А песьні іншых беларускамоўных аўтараў прагучаць у вашым выкананьні калі-небудзь?

Магчыма. Калі ўзьнікне моцнае жаданьне ці сапраўдная неабходнасьць.

ТГ: І вы не баіцеся праведнага суду ў такім разе, як тое здарылася зь песьняй «Малітва»?

Будзем спадзявацца, што гэтая чаша абміне нас.

Размаўляў SB, Tuzin.fm

26 красавіка Tomato Jam можна паслухаць у TNT Rock Club у 21:00. Уваход на канцэрт бясплатны.