Ганна Янкута: «Галоўнае, удала выбраць песьню ці верш» (аўдыё)
Сябру журы «Засьпявай 3.0» перакладчыцу Ганну Янкуту моцна ўразіў пераклад песьні Піта Сыгэра, песьні на вершы Насты Кудасавай і Касі Глухоўскай, а таксама кавэр на «Без билета», які выйшаў лепшым за арыгінал.
Праца ў журы конкурсу «Засьпявай 3.0» была для мяне вельмі незвычайным досьведам: я некалькі разоў уваходзіла ў журы літаратурных прэміяў — і ніколі ня бралася ацэньваць музыку. Зразумела, найбольш мяне цікавіла намінацыя «Замежны пераклад», якая ў выніку аказалася самай слабай. У тэкстах досыць шмат памылак, падчас слуханьня многіх песьняў стваралася ўражаньне, што іх перакладчыкі зь цяжкасьцю ўціскаюць беларускі радок у музыку. Абсалютны лідэр у гэтай намінацыі ў маім рэйтынгу — «Дзе кветкі ўсе» Bar Akaryna. Гурт вельмі цікава пераасэнсаваў арыгінальную песьню і захаваў у перакладзе яе асаблівасьці; апроч гэтага, сам выбар песьні падаецца мне вельмі ўдалым. Яна перакладзеная на многія мовы, беларускае выкананьне вылучаецца сярод іх сваім гучаньнем.
У намінацыі «Сьпяваная паэзія» для мяне было вельмі важна, якія вершы выбіралі ўдзельнікі. Паводле ўмоваў конкурсу гэта мусілі быць вершы сучасных беларускіх паэтаў ці паэтак. Цікава, што паняцьце «сучаснасьці» разумелася музыкамі вельмі шырока: у намінацыі падавалі песьні і на Янку Купалу, і на Петруся Броўку, і на вершы сёлетніх намінантаў на прэмію «Дэбют» імя М. Багдановіча. Працы гуртоў «Апоўначы» і «Сон-трава» занялі найвышэйшыя месцы ў маім рэйтынгу ня толькі дзякуючы цікавым музычным інтэрпрэтацыям паэзіі, але таксама дзякуючы ўдаламу выбару сучасных вершаў.
Кавэр «Тутэйшых» на песьню «Чырвоны дыск Сонца» — гэта той выпадак, калі конкурсная праца падабаецца нашмат больш, чым арыгінальная песьня. Што да самой намінацыі «Беларускі кавэр», то ў ёй мой выбар быў самым эмацыйным: у мяне не было нейкіх асаблівых крытэраў, і кавэры траплялі ў рэйтынг выключна паводле прынцыпу «падабаецца — не падабаецца». У шасьцёрцы мусіў бы таксама быць выдатны кавэр гурта Leibonik, аднак я не ўлучыла гэтага намінанта ў свой сьпіс праз абраную песьню, у якой ёсьць радок «Я супраць блакітных і залатых». У публічнай прасторы не павінны гучаць дыскрымінацыйныя ідэі.
Увага! Песьні ў рэйтынгах сяброў журы растаўленыя ў адвольным парадку.
Сьпяваная паэзія
Адарвірог — Баляда пра паўстанца Ваўкалаку (на словы Ўладзімера Караткевіча)
Сон-трава — Горадзе наш (на словы Насты Кудасавай)
Чтобы-чтобы — Мірны хоп (на словы Марыі Мартысевіч)
Апоўначы — Стварэньне сусьвету (на словы Касі Глухоўскай)
Son Beat — Ну а пакуль (на словы Ігара Канановіча)
Ільля Фаляжынскі — Хуткай дапамогі сьцяг (на словы Кацярыны Массэ)
Беларускі кавэр
Yellow Power — Котка (кавэр на «Новае Неба»)
UGoslavia — Фабрыка (кавэр на N.R.M.)
SnopSnoǔ — Я да жалю ня пан (кавэр на «Народны альбом»)
Тутэйшыя — Чырвоны дыск Сонца (кавэр на «Без білета»)
Чтобы-чтобы — 10 афрабеларусаў (кавэр на «Бостонское чаепитие»)
Ганна Крамэр — На станцыі Койданава (кавэр на «Бонду»)
Замежны пераклад
Bar Akaryna — Дзе кветкі ўсе (Pete Seeger cover)
Дзіма Нікановіч, Вольга Сацюк і Мікіта Найдзёнаў — За табой (Eros Ramazzotti cover)
Тацяна Карнейка — Чырвань (Scarlet cover)
Віктар Лупасін — Багэмская рапсодыя (Queen cover)
Яўген Цярэнцьеў — Ноч у ліпні (Кипелов cover)
Дзіма Ску — Блакітныя Гаваі (Elvis Presley cover)
Ганна Янкута — перакладчыца, літаратурны крытык. Нарадзілася ў 1984 годзе ў Горадні. Выпускніца філфаку БДУ (беларуская філялёгія), магістр філялягічных навук (ангельская літаратура). Ляўрэатка конкурсаў маладых літаратараў імя Карласа Шэрмана (2009) і Чэслава Мілаша (2011), а таксама конкурсу «Экслібрыс» (2012). Ляўрэатка прэміі часопіса «ПрайдзіСьвет» (2009) за пераклад першай часткі «Каляднага харала» Ч. Дыкенза і паэзіі Ф. Пэсоа, А. Э. Гаўсмэна і Я. Я. Слаўэргофа. Пераклады друкаваліся ў часопісах «Дзеяслоў», «ARCHE», газэце «Літаратурная Беларусь». Пераклала на беларускую мову шэраг паэтычных і празаічных твораў Эдгара Алана По, якія ўвайшлі ў зборнік «Маска Чырвонае Сьмерці» (у 2012 годзе калектыў часопіса «ПрайдзіСьвет» быў адзначаны за гэтую кнігу прэміяй імя М. Багдановіча «Дэбют»), паэму «Сьвет» Чэслава Мілаша (разам з А. Ф. Брылём і К. Маціеўскай; «Выратаваньне», Логвінаў, 2011), а таксама шмат іншых твораў. Перакладае з ангельскай, польскай, афрыкаанс, нідэрляндзкай.
Яугена i Вiктара загрузiлi адзiн и той жа трэк, выпрауце калi ласка
Перапрашаем, паправілі
Шаноўная Ганна,
да разгляду прымаюцца песні, створаныя беларускімі аўтарамі ў жанры папулярнай музыкі ў яе шырокім разуменні, пад якое могуць падпадаць узорныя творы эстраднай музыкі, року, джазу, фолку, электронікі, аўтарскай песні ды зьмешаных і сумежных стыляў. Час напісання і стыль ролі не граюць. Пры выбары можна карыстацца рэйтынгам парталу Tuzin.fm «100 найвялікшых беларускіх песень».
І менавіта у гэтым спісе «100 найвялікшых беларускіх песень» пад нумарам 57 "Я рок-музыкант" Мроі.
З павагай, экс-гітарыст гурта Leibonik.
КАМЕНТАВАЦЬ