Dzieciuki: «Гармідару больш ня будзе»
Альбомам месяца па вэрсіі наведнікаў Tuzin.fm стаў «Гарадзенскі гармідар» гурта Dzieciuki. Вакаліст гурта з гэтай нагоды распавёў пра свае ўлюбёныя дыскі і пра будучы рэліз каманды.
«Гарадзенскі гармідар» у галасаваньні ў сёмым туры CD-чарту апярэдзіў нязьменнага лідэра апошніх месяцаў — гурт «Нельга забыць» з альбомам «Mertvets». Перамога лішні раз засьведчыла вартасьць гэтай працы, шмат у чым дзякуючы якой Dzieciuki былі прызнаныя летась «Героямі году» ў беларускай музыцы па вэрсіі Tuzin.fm. Словы з гэтых песень ужо разышліся на цытаты, шэраг твораў атрымалі сваё відэаўвасабленьні. Аднак праз 14 месяцаў пасьля рэлізу, вакаліст каманды прызнаецца: бездакорным «Гарадзенскі гармідар» музыкі ня лічаць. «Як наогул можна штосьці ў гэтым сьвеце лічыць бездакорным? — усьміхаецца Алесь. — Тым больш, калі размова ідзе пра панк-рок! Ёсьць у гэтым і свае плюсы. У тым сэнсе, што мы нікому нічога не даказваем, нікога не зьбіраемся зьдзіўляць ці перамагаць. А вось сваю ляноту і рас…зяйства трэба перамагаць. Таму нам яшчэ вельмі далёка да мэдалёў на грудзях. Працаваць, працаваць і яшчэ раз працаваць!»
Dzieciuki выступаюць у Менску па атрыманьні прэміі «Героі году — 2014»
З новых альбомаў беларусаў, вакаліст «Дзецюкоў» вылучае найперш «Грамадазнаўства» Вольскага і «Раёк» Vuraj, а таксама творчасьць «безальбомных» пакуль выканаўцаў: «У Беларусі я бы адзначыў цяпер адносна новую цікаваю зьяву. Склалася новае пакаленьне маладых сонграйтэраў: Сяргей Башлыкевіч, Яўген Барышнікаў, Стась Сілка ды іншыя. Такія неверагодна цікавыя і таленавітыя адзіночкі. Нехта іх на стары манер называе бардамі, але яны дакладна ня барды», — кажа музыка. Агулам жа да музычных навінак Алесь ставіцца скептычна, кажа, што ад часоў System of a Down яго мала што ўражвае. З замежных альбомаў апошніх гадоў ён раіць хіба «Signed and Sealed in Blood» Dropkick Murphys і «Соль» гурта «Аквариум». «Я цяпер у сваіх музычных падарожжах часьцей вяртаюся назад. Некаторыя гурты я не даслухаў. А некаторыя зусім прайшлі міма. Апошнія з такіх піянэры фольк-панку The Pogues, віцебскі „Алмазны фронт“, піцерцы Markscheider Kunst, Лех Янерка (Lech Janerka) з Польшчы».
Датычна ж новага альбому гурта Dzieciuki, Дзянісаў кажа, што праца ідзе. Матэрыял запісваецца ў Менску, што крыху зацягвае працэс — бракуе то грошай, то часу, каб прыехаць. Музыкі прыкідваюць, што рэліз другога дыску адбудзецца на пачатку 2016 году. «Гэта ўжо ня будзе гармідар. Мы хочам зрабіць больш канцэптуальны і цэласны альбом, на ім будуць песьні выключна на гістарычную тэматыку. А вось па музыцы мне падаецца, наадварот, ён будзе больш разнастайны», — апавядае Алесь.
Dzieciuki ў Віцебску, 18 красавіка 2015
Dzieciuki на гэтых выходных выдатна адыгралі свой сэт на супольным канцэрце з гуртамі Sciana ды Nizkiz у Віцебску — гэта быў першы канцэрт гарадзенцаў у гэтым горадзе, які яны вельмі любяць і добра ведаюць. 24 і 25 красавіка Dzieciuki выступаюць — і таксама ўпершыню — ва Ўкраіне, адпаведна ў Кіеве і Чарнігаве. Багата выступаў у музыкаў будзе і ўлетку. Яны заяўленыя ў хэдлайнэрах «Басовішча-2015», а ў жніўні едуць разам зь нямецка-сорбскім гуртом Berlinska Droha ў сумесны Rakija-tour па паўднёвай Польшчы, Чэхіі, Аўстрыі, Харватыі і Сэрбіі.
Tuzin.fm
Berlinska Dróha не сербскі а сорбскі гурт - гэта зусім іншы народ...
і мова зусім іншая хаця і абедве славянскія ;) https://www.youtube.com/watch?v=GcBWWBuQsOo
Дзякуй, паправілі
КАМЕНТАВАЦЬ