Сяргей Будкін. Тэорыя добрых справаў
3662 / 2
24.02.2016

Сяргей Будкін. Тэорыя добрых справаў

Кіраўнік Tuzin.fm пра забарону на правядзеньне музычнага Дня Волі ў Палацы спорту.

Выйшла спадзяванка — харошыя людзі захацелі зладзіць сапраўднае беларускае сьвята на дзень беларускай дзяржаўнасьці, улады ім адмовілі. Дробязі і дэталі могуць трошкі зьдзівіць — канцэрт з гэтай нагоды меркавалася правесьці 25 сакавіка ў Палацы спорту з удзелам найлепшых музыкаў краіны. Пад ідэю падпісаліся Лявон Вольскі, «Крамбамбуля», Dzieciuki, Akute, Vinsent, «Крама», Trubetskoy, Vuraj, :B:N:, Amaroka, РСП, «Мутнаевока», «Амплітуда сьмеласьці». Дырэктар пляцоўкі Сяргей Прановіч быў ня супраць, грошы на арганізацыю меліся, але ўмяшалася трэцяя сіла — этыленгліколь. Таксічнае рэчыва, трапляньне якога ў арганізм можа прывесьці да непапраўнага, наступствы такія, што пагроза сьмерці. Рэчыва пратачылася падчас правядзеньня чэмпіянату Беларусі па самба акурат за дзень, калі гарадзкім уладам трэба было даць адказ наконт заявы аб правядзеньні мерапрыемства. Ліквідаваць праблему будуць якраз пасярод сакавіка, кажуць у аргумэнтацыі адмовы прадстаўнікі ўлады. Іншыя сакавіцкія канцэрты на гэтай пляцоўцы не адмененыя. У сеціве жартуюць: трэба папярэдзіць фанатаў Стаса Міхайлава, у якога канцэрт у Палацы спорту 7 сакавіка. Яшчэ ў пэрыяд уцечкі атрутнага рэчыва да рамонтных працаў тут выступяць сусьветныя зоркі The Gregorian (8.03) i The Hurts (12.03), а таксама будзе паказаны рок-м’юзыкал «The Todd» (11.03). Крэатыў чыноўнікаў з этыленгліколем выглядае сьмешна — фармальна яны сьвядома труцяць гледачоў гэтых мерапрыемстваў.

Арганізатары канцэрту з «Арт-сядзібы» на 25 сакавіка паставілі на тое, што цяпер ідэю сапраўднага беларускага сьвята ўлады могуць прыняць. У іх была някепская аргумэнтацыя і перадгісторыя — тая ж вышываначная тэма прайшла на ўра, а іхныя кубкі з Каліноўскім можна пабачыць нават у кабінэтах генпракуратуры. Але ёсьць абсалютна яснае тлумачэньне чаму выйшла так.

Тэма з сымбалямі, арнамэнтамі і героямі мінуўшчыны зайшла, гэта было сьмела, але вялікай небясьпекі для цяперашняй дзяржавы яна не выяўляла. Ідэя працавала на ўзроўні вонкавага ўспрыняцьця, магла па-рознаму трактавацца і наўпрост не падмывала ідэалягічны падмурак цяперашняй дзяржавы. Уласна для ўлады дні роднай мовы ды ўсе астатнія вышывачныя рэчы не ўяўлялі праблемы і часам працавалі нават на карысьць. БРСМ мусіў да гэтага дадумацца сам, але глуздаў не хапіла, таму давялося пераняць.

Цяпер Павал Белавус і «Арт-сядзіба» ступілі на іншую глебу. І гэта ўжо не каробка для падарунка, а сам падарунак — сьвята беларускай дзяржаўнасьці, якое афіцыйна адзначаецца ў іншую дату ды іншымі спосабамі. Гэта ўжо ня знак і сымбаль, які можа быць інтэрпрэтаваны, а можа і ня быць. Гэта ўжо канстатацыя факту — 25 сакавіка адбылася вызначальная для беларускага народу падзея, мы яе сьвяткуем. Апанэнты — цяперашнія ўлады — лічаць інакш, таму мусяць даць адназначны адлуп, бо іншых трактовак тут для іх быць ня можа. Інакш ставіцца пад сумнеў усе напрацоўкі дзяржаўных ідэолягаў за апошнія 20+ гадоў наконт таго, што беларус пайшоў ад «гома саветыкуса», а не ад крывіча.

Цяперашнія людзі пры ўладзе, як бы куды ні хіліла тую ўладу, аніяк ня могуць зрабіць выбар на карысьць Вольскага і напісаць нават у месцазнаходжаньні сваім у сацсетцы ня Мінск, а Менск. Гэта не ўкладаецца ў іхні сьветапогляд, гэта ня іх рэальнасьць. Таму ніякія скалабаны-малодшыя (даруйце, спадар Віталь, вечная памяць Вам і Вашым справам!) ніколі не падпішуць паперу на дазвол таго, што падмывае ў тым ліку іх прынцып існаваньня. Гэтыя дзьве рэальнасьці не перакрыжуюцца, пакуль не адбудзецца беларускай Беларусі, гэта ясна кожнаму чалавеку, які ўмее думаць.

«Арт-сядзіба» зрабіла вялікі крок наперад у самім расповядзе пра тое, што так павінна быць: цяпер яны гавораць ня толькі пра форму, але і пра зьмест. Пайшла рэакцыя ад ушанаваньня традыцыяў — калядных папевак ды сымболікі — яны перайшлі да канкрэтыкі — прамаўленьня сябе. Гэта ўжо не вывучэньне беларускага альфабэту, якое знаёміць з чужой-сваёй мовай, а фармуляваньне ідэяў, якія прыводзяць да ўсьведамленьня сябе іншым, самастойным чалавекам. Чалавекам, які ня ўпісваецца ў цяперашняе сьветаўспрыманьне янчэўскіх, карпенкаў, рудзікавых, скалабанаў-джуніёр, мартончыкаў ды іншых.

Што рабіць у гэтай сувязі? Можна весьці папяровую вайну, падпісваць онлайн-пэтыцыі, зьбіраць подпісы, выступаць у прэсе, гнеўна пісаць у фэйсбук — тое бяз сэнсу ды зноў жа — на карысьць апанэнтам, бо адбываецца зусім ня страшнае, уяўнае такое аспрэчваньне, якое нават можна назваць дэмакратыяй.

З паперкамі выніку ня будзе, сьцяну лепей прабіваць іншым — малымі, дробнымі справамі. Проста публічнае прысьвячэньне песьні, напрыклад, Палуце Бадуновай, кліп, зьняты на радзіме, скажам, Аркадзя Смоліча, альбом на вершы Макара Краўцова ды іншых рэпрэсаваных беларускіх паэтаў, канцэрт на дзень народзінаў Антона Луцкевіча і г. д. зробяць сваю справу, канечне не адразу. Гэтыя людзі, якія выдумляюць крэатывы пра этыленгліколь, на жаль, страчаныя. Але ёсьць іншыя, якім трэба шмат чаго расказаць: ад рамантычных казак ды легендаў да, як мінімум, справаў братоў Луцкевічаў.

Сяргей Будкін, галоўрэд Tuzin.fm

КАМЕНТАРЫ:

  • uladzimir / адказаць
    28.03.2016 / 11:03

    Прошу прощения, но не нашел на сайте информацию о контактах. Я директор кемпинга / www.camping1.by/. Мы располагаем своей огороженной территорией в 2 га. А так же рядом, на берегу озера есть большая площадка, где можно проводить большие open-air мероприятия. Свой трансформатор, все коммунальные удобства. Предлагаем сотрудничество для проведения муз. фестивалей. Владимир Рудой + 375 29 6523673.

  • 12tuzin@gmail.com / адказаць
    28.03.2016 / 21:42

    Спадар Уладзімір, дзякуй за прапанову.
    Рэдакцыйны мэйл сайту - у самім нізе старонкі. Пішыце, гатовы абмяркоўваць дэталі.

  • КАМЕНТАВАЦЬ