!OUT: Гарачы лонгплэй (прэм’ера альбому ад трыё Гарачага!)
Найвядомейшы ў Беларусі джаз-клявішнік Канстанцін «Stan» Гарачы прэзэнтуе на Tuzin.fm дэбютны альбом свайго трыё. Музыка распавёў, чым дзьве менскія студыі горшыя за адну варшаўскую, чаго не стае айчынным бубначам і як слушна граць імправізацыю.
Дэбютнік Канстанціна Гарачага запісваўся ў Варшаве цягам трох дзён. Асобныя партыі на сынтэзатарах аўтар дадаваў потым на хатняй студыі. Два месяцы цягнулася зьвядзеньне. Кружэлка «On the Bridge» памерам у гадзіну складаецца з 9 кампазыцыяў: 8 аўтарскіх і 1 кавэр на Боба Марлі.
МЕНСК — ВАРШАВА
ТГ: Канстанціне, Вы публічна выступаеце з самага юнацтва. Чаму толькі цяпер сасьпелі да сольнай працы?
К. Гарачы: Як сказаць? Папросту не сфармаваўся матэрыял, было не зразумела, што граць. То бок, падабалася рознае, але ня ясна было, як прывесьці ўсё да нейкае вызначанае музыкі. Відаць, прыйшоў такі момант: чужое музыкі наслухаўся, а ўласных ідэяў шмат, розных кароткіх музычных кавалкаў, якія ляжаць гігабайтамі на кампутары. Прыйшоў час гэта неяк сыстэматызаваць і зразумець, што ўвогуле адбываецца.
ТГ: Чыста музыканцкае пытаньне: чаму пісалі альбом у Варшаве? Што не задаволіла ў менскіх студыях?
У Менску не было магчымасьці запісаць такі просты, падавалася б, склад, як раяль, кантрабас і бубны з той умовай, што яны граюць адначасова, бо джазавая музыка інакш і ня пішацца. У нас, у прынцыпе, дзьве студыі, дзе ёсьць жывы акустычны раяль: студыя радыё на вул. Чырвонай і студыя тэлевізіі на вул. Макаёнка. Паспрабавалі і там, і там — высьветлілася, што студыі не прыстасаваныя для гэтага. Яны для іншага — каб села аркестра ды адразу нешта сыграла. Тое, што мы там найгралі атрымалася як экспэрымэнтальны дэма-запіс. У Варшаве ж студыя была заточаная менавіта пад джазавае трыё. Мы там запісалі мінулы альбом Apple Tea «Ten-Ten». І з такой працай гукарэжысэра я сутыкнуўся ўпершыню.
ПАРАДЫ ПАНА ЯНА
ТГ: Маеце на ўвазе Яна Смачынскага? Ён, пэўна, таксама паўплываў на ваш агульны настрой падчас запісу?
Канечне! Мы некалькі разоў заходзілі ў тупік, і ў яго заўсёды знаходзілася нейкая ідэя, каб вырашыць праблему. Прычым, я заўважыў такую цікавую дэталь: калі мы запісваліся з Apple Tea з тым жа самым раялем, то мікрафоны стаялі інакш. Я спытаўся ў Яна: «У чым справа?» Ён кажа: «Я іду наперад. Спрабую і так, і гэтак. Цяпер мне такі гук падабаецца». І сапраўды атрымалася зусім іншае гучаньне. Яшчэ ў адной кампазыцыі мусіў гучаць кахон, але мы забыліся яго прыхапіць з сабой. Тады Ян, каб замяніць кахон, параіў пакласьці на барабан анучу.
ТГ: Можа быць, імя альбома таксама зьвязанае з польскай сталіцай?
Студыя знаходзілася на ўскраіне Варшавы, а мы штодзень езьдзілі па нейкіх справах у цэнтар і пастаянна празь Віслу, праз масты. На вокладцы альбома, што зрабіў Уладзімер Цэсьлер, ня той мост, не варшаўскі, але вельмі падобны.
ALL TOGETHER NOW
ТГ: А як так сталася, што падчас запісу ў складзе трыё зьявіўся іншы бубнач?
Мы з Александрам Мінцам шмат гадоў аддалі гэтаму праекту, рэпэтавалі тут. Але калі надыйшоў час запісвацца, Аляксандар ня змог, а Цімох Бірукоў (ён жыве ў Нямеччыне) ня толькі зь лёгкасьцю ўліўся, але й моцна зьмяніў гэты запіс у бок болей джазавага гучаньня, нават больш пранікнёнага выкананьня. Цімох здольны граць вельмі камэрна, што сярод бубначоў ня часта сустракаецца.
ТГ: Ці сапраўды гэтую кружэлку можна лічыць першым беларускім джазавым рэлізам, запісаным «пачкам»? У студыі вы гралі ўсе адначасова?
На маёй памяці гэта дакладна першы альбом, падчас запісу якога музыкі прыйшлі, селі ды ўсё сыгралі. Там можна было й нічога не дадаваць. Нават у альбомах Apple Tea, якія мы намагаліся запісваць жыўцом, заставалася толькі 2—3 партыі, як аснова, а астатнія запісвалі потым у хатніх студыях.
ТГ: На Ваш уласны слых, чым музыка трыё Гарачага адрозьніваецца ад Apple Tea?
Яна больш імправізацыйная, больш адкрытая. Музыка Ігара Сацэвіча ляжыць у іншай плоскасьці, менавіта кампазытарскай. Яна можа гучаць у выкананьні й сымфанічнае аркестры, і ансамбля ўдарных інструмэтаў з балалайкамі… Я ж сябе кампазытарам не лічу. Я намагаўся злавіць нейкае ўражаньне й яго зафіксаваць.
ГАЛОЎНАЕ — КАНТАКТ
ТГ: Якая доля імправізацыі ў тым, што Вы робіце?
Вялікая. Канечне, ёсьць аснова, але шмат чаго залежыць ад кантакту між музыкамі. Сучасная джазавая музыка цяпер вельмі гэтага патрабуе. Каб музыкі ня столькі гралі матэрыял, колькі камунікавалі між сабой праз інструмэнты. Інакш нічога не працуе.
ТГ: Вам важна бачыць вочы сваіх калегаў падчас граньня?
Не абавязкова. Можна ўважліва слухаць. Піяніст Кэні Вэрнэр колісь даваў майстар-клясу ў Кіеве і на пытаньне: «Што вы робіце, калі граеце імправізацыю?», адказаў, што ў першую чаргу слухае сваіх калегаў. Для мяне тое было адкрыцьцём!
ТГ: Як Вы зьбіраецеся прасоўваць свой дэбютны альбом па-за межамі Беларусі?
Пакуль ніякае канкрэтыкі няма, але я буду імкнуцца. Мне гэты запіс падабаецца хаця б тым, што ён даведзены да канца, і гэта даволі дакладная фіксацыя часавага пэрыяду. Не магу сказаць, што альбом зьяўляецца нейкім вялікім дасягненьнем у сусьветнае джазавае музыцы. Не, канечне. Але ў маім выпадку гэта вельмі сур’ёзны этап.
Намячаецца цэлая сэрыя прэзэнтацыяў альбома «On the Bridge» на клюбных і вялікіх пляцоўках. У прыватнасьці, 6 чэрвеня трыё Канстанціна Гарачага будзе на граць на Плошчы Свабоды ў Менску ў межах «Джазавых вечароў» (пачатак каля 22:00), а на наступны дзень, 7 чэрвеня, сольны канцэрт адбудзецца ў Малой залі Белдзяржфілярмоніі (19:00). Дадамо, што практычна адначасова з дэбютнікам Гарачага мусіць выйсьці й новы альбом Apple Tea. На ім будзе дзьве рэчы Канстанціна, што маюцца на кружэлцы «On the Bridge», але ў іншых аранжыроўках.
Віктар Сямашка, Tuzin.fm, фота з афіцыйнай суполкі трыё Гарачага
Отличный альбом. Послушал целиком и еще послушаю, думаю, не раз)
Вітаю, Максіме! Радыёварыянт гутаркі з Канстаньцінам + яшчэ шэраг адметных клявішнікаў тут - http://vvsiamashka.podfm.ru/krakatuk/540/
Віктар, цікавы выпуск. Дзякуй.
Клюбная прэзентацыя - у "Графіці" 3га чэрвеня :)
КАМЕНТАВАЦЬ