Топ-12 песень вясны-2015 (аўдыё)
4690 / 0
08.06.2015

Топ-12 песень вясны-2015 (аўдыё)

Прадстаўляем вашай увазе рэйтынг найбольш запатрабаваных твораў на ўласным канале парталу Tuzin.fm у сетцы Soundcloud за тры вясновыя месяцы.

Усяго на канале нашага парталу ў Soundcloud у пэрыяд з 1 сакавіка да 31 траўня 2015 году зафіксавана больш чым 143 000 праслухоўваньняў — гэта больш чым на 100 000 (!) болей, чым за папярэднія тры зімовыя месцы. Усплёск слухацкай актыўнасьці тлумачыцца найперш прэм’ерай новага праекту Tuzin.fm «100 найвялікшых беларускіх песень» ды вялікай колькасьцю прэм’ераў. Уласна песьні з топ-100 усіх часоў і занялі ў асноўным месца самых запатрабаваных песень вясны-2015. Тузін самых запатрабаваных трэкаў выглядае наступным чынам (у дужках лічба праслухоўваньняў за апошнія тры вясновыя месяцы — сакавік, красавік і травень 2015-га):

12. Сузор’е — Старый мост (1573)

Песьня зь першага магнітальбому беларускага року «Рок-тэрапія» (1984) была запісана ў той час, калі самы першы гард-рокавы бэнд БССР пазбавілі назвы і фактычна расфармавалі на загад Мінкульту БССР. Музыкі выступалі ў якасьці акампаніятараў у салістаў філярмоніі, а ў вольны час запісвалі свае песьні. Што праўда «Старый мост» яны пасьпелі выдаць у 1983 годзе на кружэлцы. Забаўна, што ў якасьці суаўтара пазначаны выдуманы пэрсанаж — ад імя 12-хлопчыка Младэна Клуге верш пра стары мост напіша Агнія Барто, а кіраўнік ВІА Пучынскі пазычыць у яе некалькі радкоў. Назву і статус гурту вернуць у часы перабудовы і «Старый мост» загучыць яшчэ на ўвесь СССР, калі на «Мэлёдыі» выйдзе вінілавая кружэлка «Сентябрьская река» (1988). 95-е месца ў топ-100 найвялікшых беларускіх песень.

11. Я нарадзіўся тут — Разьвітаньне з Радзімай (1671)

Шэдэўр беларускай музыкі быў напісаны 29-гадовым падскарбіем (чытай — міністар фінансаў ВКЛ) у драматычны момант. Толькі што пацярпела паразу паўстаньне Касьцюшкі, у якім Міхал Клеафас браў чынны ўдзел — кіраваў атрадам паўстанцаў. Мяркуецца, што напісаны твор у Залесьсі, у маёнтку дзядзькі Агінскага, ледзьве не пад грукат расейскіх гарматаў, калі кампазытар і дзяржаўны дзяяч вырашыў пакінуць Радзіму (ён вызначаў сябе ліцьвінам). Інструмэнтальны твор, напісаны для клявіру, стане знакавым у сваім жанры, стане ўвасабленьнем урачыстага танцу «палянэз» ды перажыве шматстайнасьць інтэрпрэтацыяў ды аранжыровак. Упершыню выдадзены за пару гадоў да сьмерці ў Італіі, ён стане асабліва папулярным у XX стагодзьдзі. У 1914 годзе ён выходзіць асобным выданьнем, у 1958 годзе музыка Агінскага скарыстаная ў фільме Анджэя Вайды «Попел і алмаз», з 1961 году гучыць на ўсю СССР у выкананьні камэрнага хору ўсесаюзнага радыё ў аранжыроўцы Рогаля-Лявіцкага і нават з турнікетаў у маскоўскім мэтро. У гонар твору назавуць мастацкі фільм, зьняты на «Беларусьфільме» (1971), а ў незалежнай Беларусі будуць разглядаць як адзін з варыянтаў гімну (1994). Самая ўдалая спроба пакласьці на музыку Агінскага тэкст выйшла ў Сержука Сокалава-Воюша, які пачаў працу над ім у 1983 годзе, а скончыў у 1999-м. Выканалі яе Вераніка Круглова і Зьміцер Вайцюшкевіч у межах праекту «Я нарадзіўся тут» (2000).

10. Андрэй Мельнікаў — Гэта мы! (1816)

Песьня, напісаная 30-гадовым бардам з Гомелю пад натхненьнем ад вялікага каханьня і вынікаў рэфэрэндуму-1995, калі ў беларусаў ізноў забралі іх сьцяг і герб, стала ня толькі галоўнай у яго творчасьці, але і адной са знакавых беларускіх песень пратэсту 90-х. Яна выйшла на аднайменным альбоме-касэце (1996), наклад якога быў раскуплены імгненна. Праз пару гадоў Кася Камоцкая і «Новае Неба» сыграюць яе ў жорсткай рокавай аранжыроўцы і песьня стане саўндтрэкам таго неспакойнага часу. У топ-100 найвялікшых песень гэты твор знаходзіцца на 94-м месцы.

9. Чараўніцы — Пах чабаровы (1834)

Галоўны гіт фактычна першага беларускага гёрлз-бэнду, які паўстаў у Горадні і вельмі хутка быў пераведзены ў Менск ды прадстаўляў краіну на самых адказных фэстах моладзевай і патрыятычнай песьні ў Саюзе ды за мяжою. 100% пазнавальнасьць ансамблю гарантаваў посьпех на Ўсесаюзным конкурсе артыстаў эстрады, дзе яны занялі другое месца (1979), а па выхадзе на «Мэлёдыі» кружэлкі зь песьняю «Пах чабаровы» (1982), яе сьпявалі ва ўсіх саюзных рэспубліках, часам не да канца разумеючы тэкст, але маючы ўпэўненасьць, што вядзецца пра нешта дужа прыемнае. 92-е месца ў сьпісе беларускіх гітоў усіх часоў.

8. Хор студэнтаў п/к М. Равенскага — Мы выйдзем шчыльнымі радамі (1847)

Твор быў напісаны 30 кастрычніка 1919 году кампазытарам і хормайстрам Ўладзімерам Тэраўскім на словы Макара Краўцова. Сьпеў называлі «маршам слуцкай брыгады», бо яго сьпявалі паўстанцы. На наступны год афіцыйна зацьверджаны ў якасьці гімну БНР. Як піша Юлія Андрэева, яго з пэўнымі цэнзурнымі праўкамі па першым часе дазваляся выконваць і ў БССР, але нядоўга. Тэраўскага арыштуюць і расстраляюць у 1938-м, Краўцова закатуюць у турме на год пазьней. Больш за 70 гадоў твор гучаў толькі на эміграцыі. На Радзіме пра марш згадалі ўжо ў 1991 годзе — Быкаў, Адамовіч, Барадулін высоўвалі яго на дзяржаўны гімн, але прапанова не прайшла. Гэта вэрсія хору беларускіх студэнтаў Лювэнскага ўнівэрсытэту, якім кіраваў Мікола Равенскі, зроблена пры канцы 40-х гадоў мінулага стагодзьдзя.

7. Akute — Алеся (1888)

Песьня, запісаная для праекту «Re:Песьняры». Хлопцы прызнаюцца, што кавэры ў межах Akute ім граць нецікава і ад прапановаў на гэты конт яны звычайна адмаўляюцца. Але ня ў гэтым выпадку. «Нам досыць складана падабраць тую песьню, якая б магла пасаваць па духу, эмацыйна, і пры гэтым падыйшла б у музычным пляне, — кажа Раман. — У „Алесі“ ўсё сыйшлося, па выніку атрымалася сапраўды наша песьня!» Ад часу прэм’еры ўвосень 2014 гэты твор паслухалі 3590 на партале Tuzin.fm і 3440 на нашым канале на Soundcloud.

6. Зьміцер Вайцюшкевіч — Жыве Беларусь (2012)

Новы самотнік Вайцюшкевіча, прэзэнтаваны на Tuzin.fm імгненна ўвайшоў у топ самых запатрабаваных песень. Не апошнюю ролю тут адыгравала сама назва кампазыцыі — Вайцюшкевіч прасіў Някляева напісаць яму тэкст менавіта з гэтай фразай: «Мы ўсе кажам яе, а сьпяваць няма чаго», — зазначыў сьпявак. Песьня, дарэчы, ад 15-га туру ўдзельнічае ў аўдыёчарце.

5. Зьміцер Вайцюшкевіч — Дзе мой край (2168)

Узорны патрыятычны твор, вядомы таксама пад назваю «Беларуская песьня», запісваўся для супольнага праекту «Скрыпка дрыгвы» (2003), які так і ня быў даведзены да канца. Трэк выйшаў праз тры гады на складанцы «Песьні свабоды», а потым стаў загалоўным у праграме «Беларуская песьня», выдадзенай у выглядзе live-альбому (2010). «Я вельмі шчасьлівы, што напісаў гэтую мэлёдыю, бо пасьля яе ўжо можна ўвогуле нічога не пісаць як кампазытару», — прызнаўся неяк Вайцюшкевіч. Ён трапіў у топ-100 найвялікшых беларускіх песень (91-я пазыцыя).

4. IQ48 feat. Памідораў — Выйсьце (2372)

Самая ўдумлівая тэма ў рэпэтуары весельчакоў з IQ48. На хвалі эўфарыі пасьля перамогі на фэсьце «Басовішча-2003» музыкі запісалі сваю першую праграму «Вар’яты» і на самы ўдарны нумар паклікалі сьпець vip-госьця — Памідорава, які дадаў у песьню драматызму — так што ажно мурашы па скуры. У 2005 годзе «Выйсьце» доўгі час панавала ў гіт-парадзе на «Тузіне Гітоў» і заняла другое месца ў «Залатым тузіне» па выніках сэзону. 97-е месца ў топ-100 найвялікшых беларускіх песень.

3. Данчык — Калыханка (2493)

Цудоўная дзіцячая песенька зьявілася ў рэпэртуары беларускага сьпевака, народжанага ў Нью-Ёрку, калі ён першы раз завітаў у Менск у 1989 годзе. Аўтар «Калыханкі» Зьміцер Яўтуховіч прапанаваў яе Данчыку і тут жа яна была запісаная на студыі з клявішамі Яўтуховіча і ледзьве заўважным бэк-вакалам Барткевіча. Выкананьне было настолькі чульлівым і кранальным, што беларускія дзеткі адразу ж прызналі песьню сваёй — пэўны момант яна гучала ў застаўцы да «Калыханкі» на беларускім тэлебачаньні і радыё ды ўвайшла ў трэцюю кружэлку сьпевака «Мы яшчэ сустрэнемся» (1992), выдадзеную ў ЗША. 93-е месца ў топ-100 найвялікшых беларускіх песень.

2. Зьміцер Вайцюшкевіч і WZ-orkiestra — Сьцяг (2512)

Някляеў пісаў гэты свой верш адмыслова пад Вайцюшкевіча і спрачаліся яны зацята наконт таго, як мусіць выглядаць песьня. У варыянце, запісаным для альбому «Тое, што трэба» (2008), кампазыцыя вырашана ў балядным рэчышчы. Вайцюшкевіч тлумачыць гэты тым, што калі пісаў музыку, згадаў як лунаў бел-чырвона-белы сьцяг па-над Домам ураду і ў рытм гэтага лунаньня напісаў кампазыцыю. «Вядзецца не пра рэвалюцыю, а пра стан душы!» — заўважыў артыст падчас яе прэм’еры на «Тузіне Гітоў». 99-е месца ў топ-100 найвялікшых беларускіх песень.

1. Андрэй Макарэвіч — Сьнег (26 493)

Бясспрэчны лідэр рэйтынгу. 26 з паловай тысячаў праслухоўваньняў на Soundcloud, 10 700 на афіцыйным канале «Тузіна» на Youtube і яшчэ 11 670 непасрэдна на сайце Tuzin.fm. Песьня, запісаная для праекту «Global Reload» у сакавіку 2015-га за кароткі час стала самым запатрабаваным творам ад часу рэбрэндынга «Тузіна» ў кастрычніку 2013-м.

Песьня «Сьнег», перакладзеная на беларускую мову Юрыем Несьцярэнкам. У 2015 годзе яна запісаная разам з музыкантамі з гурта Apple Tea, а ў арыгінале яна была напісаная недзе ў 1977 годзе. «Асаблівай гісторыі пра яе стварэньне няма, — кажа Андрэй Макарэвіч. — Сеў за піяніна — і напісаў. Лічу, што ў песень наогул ня можа быць гісторыі. Калі аўтар пачынае расказваць гісторыі, як зьявіліся яго песьні — ён хутчэй за ўсё хлусіць. Упершыню мы яе запісалі ў 1978 годзе, ня ведаю ці захаваўся гэты запіс, а потым у 1980 ці 1981 годзе ўжо зь Пецем Падгарадзецкім. Цяпер яна загучала па-беларуску. У адным з нумараў часопіса Дзеяслоў“ было нямала вершаў і песень маіх, перакладзеных на беларускую. І мне здалося, што менавіта ў гэтай песьні найбольш блізка гучаць нашыя мовы, проста па наборы словаў гэта было заўважна. І мне прасьцей было зь ёй працаваць».

ЯШЧЭ: ТОП-12 ПЕСЕНЬ ЗІМЫ-2014-2015

ТОП-12 ПЕСЕНЬ ВОСЕНІ-2014

ТОП-12 БЕЛАРУСКІХ ПЕСЕНЬ ЛЕТА-2014

Tuzin.fm