«Басовішча» пераяжджае ў Менск. На адзін дзень
4740 / 1
05.02.2016

«Басовішча» пераяжджае ў Менск. На адзін дзень

19 лютага ў клюбе «Ілі» пройдзе 10-гадзінны канцэрт канкурсантаў сёлетняга фэстывалю, пераможцаў мінулых гадоў і гасьцей з Польшчы. Як і на самое «Басовішча», уваход будзе вольным!

22 і 23 ліпеня 2016 году ў польскім Гарадку адбудзецца  27-ы па ліку фэстываль музыкі маладой Беларусі «Басовішча». Аднак, яго арганізатары зь Беларускага аб’яднаньня студэнтаў у Польшчы пры падтрымцы парталу Tuzin.fm вырашылі распачаць дзею яшчэ узімку ў Менску. «Фэстываль ладзяць супольна беларусы і палякі, таму мы радыя, што атрымаецца ўрэшце правесьці конкурсную частку ў Менску ды хоць у нейкай ступені пазнаёміць з фэстывалем тых, хто яшчэ на ім ня быў. І, вядома ж, прыгадаць найлепшыя моманты разам з тымі, хто ўжо езьдзіў да нас», — кажа старшыня БАСу Ганна Пякарская.

У паўфінальным конкурсе «Адборышча» возьме ўдзел 10 гуртоў, папярэдне абраныя журы з 35 заяваў. Па выніку іх выступаў назавуць 4 каманды, якія возьмуць удзел улетку ў фінале конкурсу на самім «Басовішчы». Таксама заплянаваныя адмысловыя сэты гасьцей — пераможцаў «Басовішча-2015» гуртоў TonqiXod і Navi, а таксама гурта Akute (пераможцы фэсту ў 2010 годзе) ды беларускамоўнага гурта зь Беластоку Ilo&Friends на чале з шматгадовай арганізатаркай фэсту Ілонай Карпюк. У дадатак абяцаецца начны танцавальны сэт праекту Warsaw Balkan Madness (PL), які грунтуецца на рытмах музыкі Паўднёва-Ўсходняй Эўропы.

Канцэрт пройдзе ў новым менскім клюбе «Ілі», які знаходзіцца па адрасе: праспэкт Незалежнасьці, 131, корпус 1 (будынак насупраць Нацыянальнай бібліятэкі). Пачатак у 16:00 — і да самай ночы. Уваход вольны.

Далучайцеся да падзеі УКантакце/Facebook

«Басовішча» — найстарэйшы беларускі музычны фэстываль, які праводзіцца з 1990 году. Цяпер яго ладзяць дзеці тых беларусаў Польшчы, якія калісьці распачыналі рух. У розныя гады у конкурсе маладых гуртоў на фэстывалі перамагалі «Мясцовы час», «КальЯн», Deviation, Znich, Rima, Partyzone, Zero-85, :B:N:, Sciana, IQ48, Indiga, Tarpach, Mauzer, Nevma, «Глюкі», Akute ды іншыя.

Tuzin.fm, малюнак і афіша Дзімы Ску

КАМЕНТАРЫ:

  • Maximka Субоч
    Maximka Субоч / адказаць
    11.02.2016 / 23:48

    Нажаль, ТонкіХод не зможа ўзяць удзел у канцэрце з-за форс-мажору. Выбачайце.

  • КАМЕНТАВАЦЬ