Ідэолягі афіцыйна зьвінавацілі Вайцюшкевіча ў экстрэмізьме (дакумэнт)
Менскія ўлады далі пісьмовы адказ у сувязі з адмовай у выдачы гастрольнага пасьведчаньня на канцэрт Зьмітра Вайцюшкевіча.
Чарговая спроба зладзіць канцэрт Зьмітра Вайцюшкевіча ў Менску скончылася няўдала. Упраўленьне ідэалягічнай работы Менгарвыканкаму ня выдала гастрольнае пасьведчаньне на выступ вядомага беларускага выканаўцы, які плянаваўся на 22 ліпеня. Вайцюшкевіч меўся паказаць праграму на вершы Ўладзімера Маякоўскага з нагоды дня народзінаў паэта ў Доме Масквы. Папярэдняя згода з пляцоўкаю была дасягнутая.
Калі раней выступы Вайцюшкевіча зрываліся з надуманых прычынаў, проста па тэлефанаваньні зьверху (прыклады — Ворша, Полацак, калядны канцэрт у Менску, канцэрт у межах «Жывога Тузіна» ды іншыя), то ў гэтым выпадку чыноўнікі ўпершыню далі афіцыйнае тлумачэньне за подпісам першага намесьніка начальніка галоўнага ўпраўленьня ідэалягічнай работы, культуры і па справах моладзі — кіраўніка ўпраўленьня культуры Менгарвыканкаму (так афіцыйна гучыць пасада) Віталіны Рудзікавай. Адмова ў выдачы гастрольнага пасьведчаньня зьвязаная з тым, што дзейнасьць выканаўцы, на думку чыноўніцы, падпадае пад дзеяньне пункту 5 главы 2 указу кіраўніка дзяржавы №257. У ім вядзецца пра тое, што арганізацыя і правядзеньне канцэртаў, якія маюць на мэце ажыцьцяўленьне прапаганды вайны ці экстрэмісцкай дзейнасьці; прадстаўляюць пагрозу нацыянальнай бясьпецы, грамадзкаму парадку, маральнасьці і здароўю насельніцтва, правам і свабодам грамадзянаў; парушаюць іншыя акты заканадаўства, у тым ліку аб аўтарскім праве і сумежных правах.
Да гэтай высновы Віталіна Рудзікава прыйшла пры «вывучэньні дзейнасьці» Зьмітра Вайцюшкевіча. Але спасылкі і прыклады, якія б пра гэта сьведчылі, не прывяла. У размове з арганізатарам канцэрту Вайцюшкевіча ідэоляг заявіла, што «паслухала аўдыё і паглядзела відэа» ў сеціве і асабіста прыняла рашэньне не дазваляць мерапрыемства. Канкрэтна да Маякоўскага чыноўніца прэтэнзіяў ня мела, яна ўдакладніла, што справа тычыцца канкрэтна творчасьці Вайцюшкевіча.
Сам Зьміцер у камэнтары для Tuzin.fm адказаў на кожны пункт першага афіцыйнага абвінавачваньня ў свой бок. «У мяне гэты дакумэнт выклікае поўную зьбянтэжанасьць. Ніводная зь пералічаных падставаў ня мае нічога супольнага з маёй творчасьцю. У маіх сьпевах няма ані прапаганды вайны, ані экстрымізму. Наадварот — я імкнуся славіць Беларусь з дапамогай песень на вершы як беларускіх, так і замежных паэтаў. Можа буду нясьціплым, але мне здаецца, што мае творы зусім не пагражаюць здароўю насельніцтва, а наадварот — лякуюць слухачоў і прыносяць толькі пазытыўныя эмоцыі, пра што магу меркаваць з сваіх канцэртаў, на якія людзі прыходзяць сем’ямі. Што тычыць аўтарскіх правоў, то тут таксама за ўвесь час ня меў аніякіх пытаньняў і нават на музыку Моўчана сьпяваў без наступстваў», — кажа сьпявак.
Маючы на руках афіцыйную адмову ў правядзеньні канцэрту, сьпявак можа аспрэчыць гэтае рашэньне. І ён дэкляруе сваю гатоўнасьць: «Канечне, хацелася, каб чыноўнікі адказвалі за свае словы і больш уцямна абгрунтоўвалі сваю пазыцыю. Таму я гатовы адстойваць у судзе права займацца сваёй улюбёнай справай у сваёй краіне для сваіх слухачоў».
За час існаваньня практыкі забароны канцэртаў у Беларусі, гэта толькі другі выпадак, калі арганізатары атрымалі афіцыйны ліст. Летась такую ж паперу за подпісам тойсама Рудзікавай атрымаў гурт Amaroka.
Яшчэ: Канцэрт Вайцюшкевіча ў «Піратах» не адбудзецца
Калядны сюрпрыз. Забаранілі канцэрт Вайцюшкевіча
Хто такая Віталіна Рудзікава, якая забараніла гурт Amaroka?
Больш па тэме забаронаў у Беларусі – па тэгу ЗА!барона
Tuzin.fm
"Iдэолухi"...
КАМЕНТАВАЦЬ