Адкрытае даследванне "Мастацтва часоў рэвалюцыі ці рэвалюцыя новага мастацтва"
1027 / 0
21.10.2020

Адкрытае даследванне "Мастацтва часоў рэвалюцыі ці рэвалюцыя новага мастацтва"

Матэрыялы, сабраныя падчас даследвання, маюць зрабіцца настольнай кнігай культурнага работніка новага часу.

Даследванне праводзяць Руслан Вашкевіч і Аліна Саўчанка.


Мы на ўласныя вочы бачым: рэвалюцыя ўварвалася ў наш свет і паводле няўхільнага закону футурыстычнага праекта цывілізацыі мае цвёрды намер змяніць усё навокал. Рэвалюцыя не толькі прынесла абнаўленне ўсёй грамадскай супольнасці Беларусі, якая адкрылася сваімі лепшымі якасцямі для нас саміх і для ўсяго свету, але і радыкальна заявіла неабходнасць эвалюцыянаваць нацыянальнаму культурнаму працэсу, які затрымаўся паміж мінулым і будучыняй.

Усе мы як удзельнікі гэтага працэсу ў поўным праве інспіраваць культурную рэвалюцыю, якая з’яўляецца адным цэлым з агульнымі пераўтварэннямі. Культуры неабходна рэфармавацца, калі яна мае амбіцыі стаць сэнсаўтваральнай канструкцыяй нацыі. Сёння трэба выбудаваць разам новую стратэгію ў мастацтве на доўгатэрміновую будучыню, правесці маштабную рэвізію каштоўнасцяў, азначыць умовы сумленнага жыцця ў новай рэчаіснасці. Мы хочам знайсці актыўны пункт прыкладання, абазначыць месца і задачу мастака ў падзеях цяпершчыны і будучыні. Такія паняцці, як ідэалогія, прафесійная годнасць, свабода, аўтарытэт, цэхавая салідарнасць, маюць патрэбу ў канцэптуальным пераглядзе і перазагрузцы.

У прадуктыўным і дзейным пошуку шляхоў развіцця мы ініцыюем даследаванне, якое ставіць задачу аформіць і агучыць “культурны” запыт да нас сённяшніх з будучыні, якую мы чакаем.

Мы звяртаемся да ўсіх зацікаўленых гульцоў нашага культурнага поля з прапановай выказаць сваё экспертнае меркаванне і адказаць на базавыя пытанні з актуальнай праблематыкай. З нашых асэнсаваных і індывідуальных пунктаў гледжання ў выніку выбудуецца праект сімвалічнага “культурнага катэхізіса”, які стане сістэмай каардынат новай рэальнасці, дакладнай інструкцыяй да практычных дзеянняў. Запрашаем да ўдзелу ўсіх: арт-супольнасць, філосафаў, літаратараў, кінематаграфістаў, гісторыкаў, аналітыкаў, музыкантаў, спецыялістаў медыя ды іншых сфер.

Праект мае адкрытую форму распаўсюджвання.

Мы чакаем вашы адказы (з указаннем імя і прозвішча і прафесійнага роду дзейнасці) на электронны адрас: guide.to.action@gmail.com

Дэдлайн 1 лістапада 2020



Пытанні:

1. Як накіравана інвеставаць свой творчы патэнцыял у перамогу новай будучыні? Якімі дзеяннямі на полі культуры мы здольныя аказваць ціск на ўладу?

2. Байкот супрацоўніцтва культуры з сённяшняй дзяржавай ці свядомае ўкараненне ў сістэмныя інстытуцыі з мэтай іх трансфармацыі? Якое мэтавызначэнне можа апраўдаць гэты кампраміс?

3. Як можа выглядаць план рэканструкцыі будучыні? Ці патрэбна праводзіць “ідэалагічную” рэвізію? Што трэба назаўсёды пакінуць у дарэвалюцыйнай культуры Беларусі?

4. Якая доўгатэрміновая мэта ў культуры здольная ўвабраць у сябе апошнія дасягненні і перамогі грамадзянскай супольнасці Беларусі? У што заўтра нам канвертаваць дух свабоды і рамантыку народнай рэвалюцыі?

5. Як мастаку ў любыя часы заставацца крытычным да рэчаіснасці? Якім мы хочам бачыць заўтрашні дзень?

 




Вашы прафесійныя меркаванні будуць сабраныя ў асобнае выданне, якое павінна стаць настольнай кнігай культурнага работніка новага часу.
 

Руслан Вашкевіч, Аліна Саўчанка

Тэгi: