«Песьні для глуханямых» ад Стася Сілкі. Для тых, хто ставіць лайкі (прэм’ера альбому!)
Выканаўца з Наваполацку Стась Сілка прадстаўляе на Tuzin.fm свой дэбютны альбом «Песьні для глуханямых».
Гэты альбом выканаўца называе ня вынікам шматгадовай працы, а хутчэй фіксацыяй таго, што ёсьць. У рэліз уваходзяць песьні напісаныя Стасем за апошнія чатыры гады: «Гэта тыя творы, якія я граю на канцэртах і тыя, якія мне хацелася „адпусьціць“, то бок зафіксаваць іх не ў галаве, а крышачку збоку. Гэты запіс можна лічыць зрэзам маёй творчасьці, а пастаўлены песні збольшага ў храналагічным парадку. Першая песьня — „Як сьлед“ традыцыйна зь яе пачынаю свае выступы. Апошняя песьня — „Напэўна я“ — такі задатак, узор таго, у якім кірунку пляную рухацца далей», — распавядае выканаўца. Акром песень уласнага аўтарства ў дыск увайшоў беларускамоўны пераклад песьні Барыса Грабеншчыкова «Адэлаіда».
Стась Сілка нарадзіўся ў Наваполацку. Цяпер жыве ў Віцебску. Выступае ў акустычным фармаце. Адзін зь яго апошніх канцэртаў у віцебскай «Арт-базе» сабраў аншляг. У адным з сваіх інтэрвію Стась прызнаўся, што яму зручна выступаць аднаму: «запрасілі-паехаў, не запрасілі — ня трэба нікому тлумачыць, чаму мы нікому непатрэбныя». Тым ня менш, ён не выключае таго, што ў будучыні да яго могуць далучыцца іншыя музыкі, бо новыя песьні гэтага вымагаюць.
«Песьні для глуханямых» — першы альбом Сілкі. Сам выканаўца прадстаўляе як «песьні для тых, хто чуе музыку і для тых, хто ня чуе, а проста любіць „ставіць лайкі“, нават больш для тых, хто проста любіць ставіць лайкі ці зьмешваць з брудам не паслухаўшы, не пачуўшы».
Запісаны альбом за кароткі час ва ўмовах, вызначаных як «абсалютна андэграўндныя» ў Наваполацку. І для Стася, і для гукарэжысэра запісу Аляксея Лубчонка, выкладчыка Наваполацкага музычнага каледжу, гэта быў першы досьвед студыйнага запісу. Вокладку намаляваў віцебскі дызайнэр і фатограф Зьміцер Лось.
Менская прэзэнтацыя альбома «Песьні для глуханямых» адбудзецца ў межах акцыі «Жывы Тузін» увосень.
Спампаваць альбом «Песьні для глуханямых» адным файлам з Tuzin.fm
Яшчэ: Стась Сілка: «Я да беларушчыны не прыходзіў. Яна адразу была са мной» (аўдыё/відэа)
Tuzin.fm
Класная фотка! Паслухаем...
КАМЕНТАВАЦЬ