Канцэрт гурта Dzieciuki забаронены берасьцейскім КДБ (відэа і камэнтар гурта)
Па інфармацыі арганізатараў выступу гурта Dzieciuki ў берасьцейскім Pub House, пасьля тэлефанаваньня з КДБ кіраўніцтва пляцоўкі вырашыла не праводзіць мерапрыемства.
Канцэрт «Дзецюкоў» у Берасьці меўся прайсьці 28 лютага на пляцоўцы Pub House, але ўвечары 25 лютага арганізатарам паведамілі, што выступ не адбудзецца. «Адміністрацыі бару тэлефанавалі з КДБ і сказалі, што канцэрт гэтага гурта праводзіць непажадана, бо на іх менскім канцэрце згадвалі пра Майдан і махалі бел-чырвона-белымі сьцягамі», — паведаміў Tuzin.fm Яўген Скрабутан, які займаўся прыездам гарадзенскай каманды ў Берасьце. Кіраўніцтва Pub House вырашыла не рызыкаваць і не спрачацца ды выступ адмяніла.
Для вакаліста гурта Dzieciuki Алеся Дзянісава забарона канцэрту ў Берасьці не апынулася раптоўнай навіною, бо канцэрты яго каманды ўжо забараняліся тройчы за яе паўтарагадовую гісторыю. Алесь іранічна заўважае, што берасьцейскім уладам варта выказаць падзяку: «Яны даволі талерантна падыйшлі да справы. Мы даведаліся за тры дні, а маглі б прыехаць і пагрукацца ў зачыненыя дзьверы клюбу. Ці наогул атрымаць па галаве дубінкамі. Я ня ведаю чаму яны спужаліся сьцягоў. Мне вельмі цяжка паставіць сябе на іх месца, таму мне падаецца, што гэта нейкая параноя».
Самі Dzieciuki склаўшы рукі не сядзяць і рыхтуюцца да даўно заплянаванага эўрапейскага туру з прэзэнтацыяй альбому «Гарадзенскі гармідар». Траса пачынаецца з канцэрту ў Кракаве 1 сакавіка, потым будуць выступы ў польскіх Хожаве, Зялёнай Гуры, Лодзі, чэскіх Цешыне, Брно, Хадоніне, Кладне і Празе, у славацкім Пезінку, у Вене, Бэрліне. Скончыцца тур канцэртам у Варшаве 15 сакавіка.
Падрабязьней пра тур «Дзецюкоў» можна дазнацца на старонцы ў Facebook.
Сяргей Будкін, Tuzin.fm, фота Аляксандар Ждановіч, budzma.org
Відэа зь менскага канцэрту, якое не ўпадабалі берасьцейскія спэцслужбы, здымкі Ірыны Арахоўскай, NN.by
Варта было чакаць. Спадзяюся, дажыву да часу, калi на Беларусi ня будзе чорных спiсаў
КАМЕНТАВАЦЬ