
Фіналіста «Засьпявай 2.0» Яўгена Цярэнцьева і гурт Teleport падтрымае Tonqixod
14 жніўня ў дворыку на плошчы Свабоды, 4 выступіць Яўген Цярэнцьеў разам з сваім гуртом Teleport, а гасьцямі будуць аўтары найлепшага беларускага рок-альбому году па вэрсіі Experty.by — Tonqixod.
27-гадовы сьпявак Яўген Цярэнцьеў скарыў журы конкурсу «Засьпявай 2.0» сваёй вэрсіяй песьні Ігара Лучанка на словы Генадзя Бураўкіна «Зачараваная», якую падаў у намінацыю «Кавэр». Ён сам аранжаваў, запісаў і зьвёў трэк, дзякуючы якому апынуўся ў фінале.
У фінальнай сэрыі канцэртаў «Заспявай 2.0» Цярэнцьеў выступіць разам з сваім гуртом Teleport, які нарабіў розгаласу гэтым летам сваім дэбютным сынглам «Leta», а за некалькі дзён да канцэрту на Tuzin.fm адбудзецца рэліз дэбютнага альбома гурта.
Госьцем гэтага вечару ў дворыку плошчы Свабоды стане гурт Tonqixod, які сабраў багата прызоў з сваім дэбютным альбомам «Pradmova» і па выніках 2014 году перамог на ўзнагародах Experty.by ў намінацыях «Найлепшы дэбютны альбом», «Найлепшы беларускамоўны альбом», «Найлепшы рок-альбом» і ўзяў «Прыз штатных экспэртаў», як альбом году. Музыка Tonqixod і Teleport шмат у якіх момантах сугучная, каманды між сабой сябруюць і нават рэпэтуюць разам.
Па выніку летніх канцэртаў маладых выканаўцаў будуць вызначаныя пераможцы конкурсу «Засьпявай 2.0», які праводзіць партал Tuzin.fm і фонд «Вяртаньне» пры падтрымцы кампаніі «Будзьма беларусамі!». Прызавы фонд конкурсу складае 1000 эўра.
НАБЫЦЬ КВІТОК НА КАНЦЭРТ TELEPORT І TONQIXOD
14.08. 20:00. Тэраса кавярні Chill-Out (плошча Свабоды, 4). Teleport i Tonqixod. Квіткі — у касах Kvitki.by і он-лайн. Кошт: 60 000 — 80 000 (папярэдне), 100 000 (у дзень, пры наяўнасьці). Інфалінія: +375-29-676-81-95.
Tuzin.fm
у вас кошт пазначаны 60-100, на квiтках - 75-95
там нацэнка за паслугу (магчымасць купіць праз нэт)
Калі быць больш дакладным - гэта сэрвісны збор ці камісія апэратара, якая складае 15 000 руб. як пры пакупцы ў інтэрнэце, так і касах Kvitki.by
Далучайцеся да старонак падзеі ў сацсетках:
https://www.facebook.com/events/1476342606017275
http://vk.com/zaspiavaj
КАМЕНТАВАЦЬ