Андрусь Такінданг: «Я адчуў хэнць» (відэа)
4266 / 0
02.04.2014

Андрусь Такінданг: «Я адчуў хэнць» (відэа)

«Горад» гурту Recha стаў кліпам месяца паводле галасаваньня ў відэачарце на Tuzin.fm. Лідэр каманды і разам з тым рэжысэр роліку Андрусь Такінданг і сам галасаваў з азартам.

Самаму тытуляванаму беларускаму кліпу апошніх гадоў скарыўся і чарт на «Тузіне». «Горад» быў навічком 5-га туру і адразу ж узьняўся на першае месца, апярэдзіўшы ранейшых лідэраў — «Месяц» гурту «Ляпіс Трубяцкі» і «Бегчы» ад Akute. Андрусь Такінданг яўна задаволены з гэтае нагоды: «Вядома, прыемна ўзяць першае месца. Я і сам галасаваў, бо адчуваў хэнць, азарт. Зь цікавасьцю сачыў за галасаваньнем. Шчыры дзякуй усім неабыякавым, хто сочыць за беларускай музычнай культурай, акурат тут варта галасаваць. Таму заклікаю, галасуйце за працы, якія даспадобы».

Сам Андрусь ацэньвае кліпы калегаў з асаблівым інтарэсам, бо сам выступае рэжысэрам сваіх відэа: «Як па мне, з удзельнікаў відэа-чарту ў Лявона вартая праца, Akute зрабілі досыць модны кліп. Калі казаць наогул пра мастацтва кліпаў ў Беларусі, то безумоўна расьці ёсьць куды. Міхей Насарогаў пільнуецца ўласнай стылістыкі, мае свой відэа твар. Ляпісы“, „Без билета“ вызначаюцца якаснымі працамі».

У будучыні багатая кліпаграфія гурту Recha папоўніцца яшчэ трыма працамі. Цікава, што адзін з кліпаў мяркуецца зьняць на расейскамоўную песьню «Собака».

Tuzin.fm