Лявон Вольскі. Герой чатырох пакаленьняў
14 верасьня Лявону Вольскаму споўнілася 50 гадоў. Пра яго ўплыў на 80-я, 90-я, 00-я і 10-я разважаюць Алесь Бяляцкі, Севярын Квяткоўскі, Віталь Рыжкоў і Хрысьціна Дарапей.
АЛЕСЬ БЯЛЯЦКІ, 52 гады
Пра Лявона, 1980-я і выбар лёсу
Блізкіх кантактаў у нас зь Лявонам не было, хаця мы знаёмыя. Мы ідзем паралельнымі шляхамі, і тыя, хто пачынаў беларускую справу ў 1980-х, трымаюць адзін аднаго ў полі зроку. Я ведаў пра яго з моманту ўтварэньня гурта, калі іх запісы мне даў паслухаць Вінцук Вячорка. І тады мы, беларуская нацыянальна-сьвядомая моладзь, якая ўваходзіла ў, як тады называлі, нефармальныя суполкі «Тутэйшыя», «Талака», успрымалі ўтварэньне беларускага рок-гурта, як зьяву, якая дапоўніла й узбагаціла наш моладзевы рух. Мае сябры дапамагалі як маглі, нават дапамагалі набываць першыя інструмэнты, бо бачылі ў гэтым патэнцыял. Руку да ўзмацненьня матэрыяльнай базы «Мроі» сур’ёзна прыклаў Гэнік Лойка (гісторыя тычыцца Слуцкага пасу, які ўрэшце рэшт апынуўся ў музэі Багдановіча, і калі я ўжо быў дырэктарам, мы яго рэстаўравалі).
Шчыра кажучы, калі я чуў першыя запісы «Мроі», яны былі далёкія ад дасканаласьці, там было багата грукату, але была й моцная энэргія, якая паказвала, што калі Лявон і яго паплечнікі ня кінуць займацца музыкай, то мы атрымаем добры музычны прадукт, добры гурт. І я вельмі ўсьцешаны, што ўрэшце рэшт так яно й сталася, што Лявон удасканаліўся ўва ўсе наступныя гады. Вядома, росквіт прыпаў на 90-я гады, але 80-я запомніліся выбухам беларускамоўнай энэргіі ў выглядзе року.
Гурт быў часткаю моладзевага руху, і, вядома, мы моцна ўплывалі адзін на аднаго. Наша задача была распаўсюджваць беларушчыну рознымі шляхамі, мы бачылі пэрспэктыву прасоўваньня беларускай культуры, музыкі і мовы менавіта праз рок-гурты. Я й сам браў ўдзел адным з такіх гуртоў. Таму спроба «Мроі» была не адзіная, але тое, што яна атрымалася ўдала, — гэта, што называецца, выбар лёсу. Кожны з нас тады выбіраў, куды ісьці далей, і тое, што Лявон прысьвяціў жыцьцё беларускай музыцы, беларускаму року — гэта важны ўчынак. І трэба сказаць, што ён сябе спраўдзіў.
СЕВЯРЫН КВЯТКОЎСКІ, 42 гады
Пра Лявона, 1990-я і гарадзкую культуру
Першая плыта беларускага гурта, якую я набыў, — плыта «Мроі», выпушчаная на «Мэлёдыі». Я выпадкова пабачыў у краме і проста абалдзеў, гэта было ў 1989-м. Асабіста я з моманту ўтварэньня гурта «Мроя» вяду адлік ўзьнікненьня ў Менску гарадзкой культуры як масавай зьявы. Перад гэтым, вядома, былі гурты, але бліжэйшыя да савецкага ВІА, а тут быў абсалютны нонканфармізм паводле эстэтыкі і зьместу. Яны ня ўпісваліся ў кантэкст пасьляваеннага Менску, у тыя каноны, якія я называю вайскова-гоп-партыйнай культурай — культурай казармы, рабочага бараку і партыйнага зьезду. «Мроя» была нечым супрацьлеглым гэтаму.
Лявон — чалавек неверагоднага стылю і неабсяжнага дыяпазону, чалавек з сэрыі «таленавіты чалавек таленавіты ва ўсім». Яго стыль, густ, інтэлект — усё гэта пашырала далягляды, моцна паўплывала на мяне (хоць ён і не набагата старэйшы за мяне) і, зрэшты, на нас усіх. Пад «мы ўсе» маюцца на ўвазе сотні, тысячы людзей, якія рабілі новую Беларусь — не савецкую, не антысавецкую, а проста новую, па-над гэтымі парадыгмамі. Наогул вакол Лявона Вольскага і Касі Камоцкай гуртавалася багата творчых і сталых людзей — калейдаскоп думак, фэстываль ідэяў. Тады ўсё яшчэ падавалася не такім драматычным, здавалася, што краіну можна зрабіць мадэрновай, сучаснай.
Я не магу глядзець на Вольскага збоку, бо я пажыў у гэтай атмасфэры свабоды, калі ляснуўся савецкі прымус, а новы прымус не пачаў зьяўляцца, альбо калі ён зьявіўся, то быў яшчэ слабы. Усе 1990-я — гэта вольныя СМІ, адкрытыя пляцоўкі для выступу (канцэрты на плошчы Незалежнасьці, у Опэрным тэатры, у парку Янкі Купалы ды іншыя). Гэтае дзесяцігодзьдзе — шалёны, вольны час. І Вольскі сьпяваў адусюль, адкуль толькі мажліва. І чулі яго тысячы і тысячы маладых людзей, якім цяпер па сорак і болей гадоў, і гэта іх натхняла. Зрэшты, творчы чалавек можа паўплываць на рэчаіснасьць толькі праз уласныя творы — ён не распрагаў на мітынгах нейкія патэтычныя прамовы. А калі палітыка зьнікла, а дакладней — яе проста зьнішчылі, людзі творчасьці апынуліся ў ролі вядоўцаў грамадзтва. Да музыкаў, літаратараў сталі зьвяртацца па тлумачэньні і меркаваньні, але людзі творчасьці ня любяць казаць банальнасьці тыпу «ўсе на барыкады, наперад». Хаця я памятаю, як на мітынгах скандавалі своеасаблівыя гімны, сярод іншага «Партыззанскую» й «Паветраны шар».
ВІТАЛЬ РЫЖКОЎ, 29 гадоў
Пра Лявона, 2000-я і пераварот сьвядомасьці
З Вольскім я сутыкнуўся, да свайго сораму, вельмі позна, толькі ў старэйшых клясах школы, у адрозьненьне ад большасьці сваіх аднагодкаў, якія прасякліся яго творчасьцю яшчэ ў канцы 1990-х. І ўласна кажучы, мае аднагодкі, хлопцы з паралельных клясаў мне яго і паказалі. Тады якраз выйшаў альбом «Дом культуры», і хлопцы з «В»-клясы прыбягалі да мяне, як да алімпіядніка з «А», і прасілі патлумачыць слова «дэкаданс» (як можна здагадацца, размова ішла пра песьню «Лёгкія-лёгкія»). Яны хацелі лепей разумець тэксты N.R.M., гурта, які яны ўжо даўно любяць. Я тады папрасіў даць мне паслухаць, хто ж там сьпявае пра дэкаданс, і гэта была, мякка кажучы, рэвалюцыя ў маёй сьвядомасьці. Я зразумеў, што па-беларуску можна казаць ёмка, таленавіта, сучасна — майму захаплёньню не было мяжы. Гэта акурат супала з тым момантам, калі я зразумеў, што па-расейску ў мяне вершы не атрымліваюцца і трэба штосьці кардынальна мяняць. Зьяўленьне N.R.M., «Народнага альбому» і яшчэ неслабой дыскаграфіі, якую мне паказалі хлопцы з майго двара, шмат у чым паўплывала на тое, што я стаў беларускамоўным паэтам. І калі ўжо жывучы ў Менску, я ўдзельнічаў у здымках для календара з аголенымі літаратарамі, я ганарыўся ня тым, што распрануўся, а тым, што я распрануўся адначасова зь Лявонам Артуравічам. Мае 2000-я Вольскі зьмяніў каардынальна, якасна і ўсебакова. Зрэшты, у 2000-я беларусізаваўся Кульлінковіч і Міхалок ды й наогул у многіх адбыўся пераварот сьвядомасьці, у многім дзякуючы Лявону.
ХРЫСЬЦІНА ДАРАПЕЙ, 20 гадоў
Пра Лявона, 2010-я і «Пагоню»
У маім пасьведчаньні аб нараджэньні стаіць пячатка з «Пагоняй», і гэта быў апошні год, калі яе выкарыстоўвалі ў справаводзтве. Зрэшты, гэтая пячатка — адзінае, што я маю агульнага з тымі слыннымі вольнымі 1990-мі, пра якія любяць распавядаць старэйшыя калегі.
Я расла ў 2000-х, зь іх культам «Дажынак» і «Славянскага базару» ды дзяржаўнай тэлевізіяй, дзе пра вэнэсуэльскую нафту размаўлялі ахвотна, а пра беларускамоўную музыку — ня дужа. Але нават з такімі раскладамі Лявон Вольскі прысутнічаў у культурным полі, сярод якога я сталела. Добра памятаю, як летам пасьля сёмай клясы дзяжурыла перад радыёпрымачом, каб запісаць на дыктафон мабілкі песьню «Госьці», а потым пантавацца ў школе і перакідваць сябрам па ІЧ-порту (хуткасны інтэрнэт тады быў рэччу амаль фантастычнай). Памятаю, як у першыя дні майго навучаньня ў Ліцэі нас павезьлі на тусоўку ў лес і ледзь ня кожная трэцяя кляса засьпявала «Тры чарапахі» ў якасьці дапаўненьня свайго творчага нумару. Зрэшты, ня думаю, што знайшоўся б сярод ліцэістаў чалавек, які б ня ведаў базавых рэчаў тыпу «Простых словаў» ці «Паветранага шару».
Вольскі, якога я на жыва пабачыла ў 2011 годзе, выглядаў скрайне ахайна — акустычная гітара, строгі гарнітур, кашуля. Да нядаўняга часу мне было нялёгка павязаць яго з хлопцам, які ў канцы 1980-х сьпяваў у скураной куртцы ды з падведзенымі вачыма. Але як толькі я здолела прасачыць шлях ад шалёнага «Рок-музыканта» да чалавека, які запісаў бескампрамісны альбом «Грамадазнаўства», як толькі змагла пабачыць, як зьмяняўся Лявон, — то зразумела, як зьмяняўся час, як зьмянялася краіна. І як нязьменнымі заставаліся ідэі руху ад вольнага мысьленьня кожнага канкрэтнага чалавека да свабоды цэлай краіны (як бы патасна гэта ні гучала). Песьні Лявона Вольскага для мяне — гэта клясыка, голас з часоў, якія я не магу памятаць, але якія ўплываюць на мой дзень сёньняшні. Песьні Лявона Вольскага для мяне — гэта праўда пра рэчаіснасьць, у якой мы ўсе жывем. Песьні Лявона — гэта вера й перакананасьць у сваёй рацыі, мусіць, таму пакаленьне 20-гадовых хорам сьпявае ягоныя песьні пад гітару і ведае, што мае свой герб і мае свой сьцяг.
Рэдакцыя Tuzin.fm віншуе Лявона з 50-годзьдзем. Плёну, імпэту, натхненьня яшчэ як мінімум на 50 гадоў!
Tuzin.fm
У дзень свайго 50-годзьдзя Лявон Вольскі даў несанкцыянаваны канцэрт у пераходзе ля ГУМа
Поўнае відэа - https://www.youtube.com/watch?v=avLo_HxoHGk
КАМЕНТАВАЦЬ