«Мерада» прадстаўляе дэбютны альбом «Проста вер» (прэм’ера)
5498 / 4
14.09.2015

«Мерада» прадстаўляе дэбютны альбом «Проста вер» (прэм’ера)

Гурт Стыва і Ганны Крамэраў прэзэнтуе сьветлы і аптымістычны альбом, у запісе якога ўзялі ўдзел каля паўсотні чалавек, у тым ліку лідэр «Крамы» Ігар Варашкевіч і джазавы піяніст Канстанцін Гарачы. Прэм’ера на Tuzin.fm!

Песьні, што склалі альбом, былі напісаныя задоўга да стварэньня гурта «Мерада» — з 2007 па 2012 год і былі крытычна пераасэнсаваныя і першаклясна аранжаваныя. У іх запісе ўзялі ўдзел найлепшыя беларускія музыканты, у ліку якіх — басіст Валеры Дасюкевіч (J:морс), клявішнік Іван Кучарэнка (Беларускі дзяржаўны музычны тэатар), бубнач Іван Махновіч (Lipnitsky Show Orchestra), клявішнік Канстанцін Гарачы (Apple Tea), Ігар Варашкевіч («Крама»), які сыграў на губным гармоніку, бубнач Аляксей Золатаў (Svet Boogie Band, Kriwi) ды іншыя.

«Проста вер» — гэта 10 кампазыцыяў, вытрыманых у ангельска-амэрыканскай стылістыцы, але перапрацаваных у беларускіх традыцыях. Музыкі лічыць, што дасягнулі арганічнага адзінства ўсіх складнікаў. Па-першае, тэхнічнасьці, якасьці, стылістычнай пісьменнасьці і пераемнасьці; па-другое, пачуцьцёва-эмацыйнай глыбіні; і па-трэцяе, глыбокага духоўна-сэнсавага кампанэнту.

Вось як тлумачыць паходжанне назвы альбома лідэр групы «Мерада» Стыў Крамер: «Хто хоць раз займаўся выданьнем альбома, той усьведамляе, што на кожным этапе зьвядзеньня, запісу цябе ўвесь час чакаюць нейкія цяжкасьці. І таму мы часта казалі сабе: ты проста вері мы абавязкова гэта зробім. Дзякуючы гэтаму ўсё атрымалася».

Ганна Крамер раскрывае філязофскі сэнс альбома: «Мы проста на некалькі гадоў адмовіліся ад частага канцэртаваньня, у нас у асноўным была студыйная праца. І за гэтыя гады ў нашым жыцьці адбылося вельмі шмат падзеяў, у тым ліку і трагічныя, было мноства цяжкіх момантаў. Давялося перагледзець цалкам сваё сьветаўспрыманьне, сьветаразуменьне. І гэта падштурхнула нас да таго, каб стварыць альбом, у якім галоўнае ня столькі, як чалавек ставіцца да чагосьці вонкавага, да сьвету, а тое, як ён менавіта да сябе ставіцца, а праз гэта і да іншых. Мы мелі час паглыбіцца самім у сябе і знайсьці там, унутры нешта сьветлае, добрае, — можа тое, што кожны чалавек павінен сам у сябе знайсьці, менавіта вось гэта сьвятло. Усе па-рознаму яго называюць — нехта божым сьвятлом, нехта душэўным. Менавіта да яго і зьвернуты альбом. Сонечны і сьветлы, і вокладка ў яго сонечная. У стварэньні альбома нам дапамагалі каля паўсотні чалавек. Усім ім наша сардэчная падзяка!»

Інтэрнэт-рэліз альбому адбыўся на партале Tuzin.fm. На СD альбом выдадзены кампаніяй «Вігма». Набыць яго можна ў краме «Ў», а таксама ў дыскарні «Містэрыя гуку» ў пераходзе каля ГУМа.

                                                                                            Генадзь Шостак, для Tuzin.fm

КАМЕНТАРЫ:

  • CEBAROCK / адказаць
    14.09.2015 / 17:45

    Сябры, адбылося: наш дэбютны альбом "Проста вер" у сеціве! Два гады мы «кавалі» матэрыял. А па сутнасці ў гэтым і складаецца сэнс майго жыцця: займацца любімай справай, гэта значыць пісаць песні на роднай мове. Сваёй музыкай мы хацім зрабіць пасільны ўнёсак у культуру нашай краіны. А калі казаць у агульным, то мы будзем вельмі радыя адраджэнню духоўнасці і пераемнасці традыцый у нашай музыцы. Хачу шчыра падзякаваць усім, хто браў удзел у стварэнні, запісе, выданні, крытыцы нашага альбома.

  • 12tuzin@gmail.com / адказаць
    14.09.2015 / 20:08

    Дзякуй вам за выдатную працу!

  • Pavel Mazheika
    Pavel Mazheika / адказаць
    15.09.2015 / 00:00

    Цудоўна! Якасна! Дзякуй вялікі музыкам!

  • Анна Крамер
    Анна Крамер / адказаць
    15.09.2015 / 15:19

    Дзякуй вялікі і вам - за добрыя водгукі)) Таксама дзякуем Паліне Герасімовіч за цудоўныя фотаздымкі!!)

    Ганна Крамер

  • КАМЕНТАВАЦЬ