На «Засьпявай 2.0» прыедзе «Колір» з Украіны, іх падтрымае Naka
3945 / 0
17.06.2015

На «Засьпявай 2.0» прыедзе «Колір» з Украіны, іх падтрымае Naka

26 чэрвеня на тэрасе кавярні Chill-Out на плошчы Свабоды выступіць фіналіст конкурсу «Засьпявай 2.0» «Колір» з Адэсы, а падтрымае іх сваім выступам Naka. Канцэрт пройдзе ў фармаце «piano».

Адэсіты з гурта «Колір» — адзіны замежны ўдзельнік конкурсу «Засьпявай 2.0». Музыкі падалі заяву на ўдзел у дзьвюх намінацыях — «Кавэр» і «Паэзія». У апошняй яны і былі адзначаныя журы. «Колір» стварылі песьню «Застацца сабой» на верш беларускага паэта Андрэя Аляксандрава. Выйшла настолькі ўдала, што было вырашана ўключыць яе ў канцэртную праграму. Прыхільнікі каманды прынялі кампазыцыю з захапленьнем.

Для конкурсу «Засьпявай 2.0» украінцы таксама зрабілі кавэр на песьню «Цветочки» гурта Naka ва ўласным перакладзе на беларускую мову. Менавіта гэта падштурхнула арганізатараў зьвесьці ў творчую пару «Колір:піано» і Насту Шпакоўскую. На канцэрце 26 чэрвеня Наста засьпявае гіты гурта Naka, а таксама некалькі сумесных песень з украінкамі, зробленых адмыслова да гэтага вечару.

«Колір» едзе ў Менск у фармаце «піано» — сьпявачка Люда Колер (21 год) і клявішніца Ганна Правозін (18 гадоў). Дзяўчыны зайграюць ўласныя творы і кавэры на песьні ўкраінскіх гуртоў. «З нашага апошняга візыту ў Менск сьпіс нашых песень значна папоўніўся. Мы вельмі радыя, што займелі магчымасьць праявіць сябе і выступіць перад беларускай публікай, якую шчыра любім. Спадзяемся што ўсім усё спадабаецца, бо мы старанна да гэтага рыхтуемся», — кажа Люда.

Па выніку летніх канцэртаў маладых выканаўцаў будуць вызначаныя пераможцы конкурсу «Засьпявай 2.0», які праводзіць партал Tuzin.fm і фонд «Вяртаньне» пры падтрымцы кампаніі «Будзьма беларусамі!». Прызавы фонд конкурсу складае 1000 эўра.

НАБЫЦЬ КВІТКІ

26.06. Тэраса кавярні «Chill-Out» (плошча Свабоды, 4). Колір:піано (Адэса, Украіна). Пры падтрымцы Naka. Пачатак у 20:00. Кошт квіткоў: 120 000 — 160 000. Інфалінія: +375-29-676-81-95.

Tuzin.fm