!OUT: Альбом песень-сноў ад Дар’і Кадамскай (+прэм’ера дэбютніку!)
Аўтарка экспэрымэнтальных песень і колішняя пераможца «Бардаўскае восені» Дар’я Кадамская разам са сваім гуртом «Бабэобі» прэзэнтуе на Tuzin.fm дэбютны рэліз «Шапіто».
«Шапіто» — канцэптуальны цыкль з 6 песень-сноў альбо песень-заклёнаў пад агульным назовам. Аўтарка распявала з нагоды прэм’еры на Tuzin.fm, як нараджаўся ейны дэбютнік.
ТГ: Даша, ці лічыце Вы сваё «Шапіто» этапнай працай альбо першай паўнавартаснай? Што гэта, увогуле, — альбом ці міньён?
Гэта мой першы паўнавартасны альбом, запісаны на студыі. Па стандартах атрымаўся міньён, але я да канца сказала, тое што хацела.
ТГ: Колькі часу, грошай, нэрваў пайшло, каб давесьці справу да канца?
Грошай мінімальна. Ідзеш у краму, купляеш ежу, а нешта адкладаеш на запіс. Так што, асабліва гэты запіс мяне не зьбядніў, але расьцягнуўся на паўтара году.
ТГ: Добрых песень у Вас значна больш, чым трапіла ў альбом. Як адбіралі?
Па актуальнасьці. Абрала тыя, што маюць для мяне цяпер сэнс. Напрыклад, мы запісалі песьню «Калі ты прыйдзеш», але я вырашыла не ўключаць яе ў альбом. Бо песьня пра сьмерць, а гэта сумна й няжыцьцесьцьвярджальна.
ТГ: З той жа прычыны Вы так істотна перарабілі адну са сваіх самых першых песень — «Русалчыну»?
Ванітуе ўжо ад яе, але хацелася нарэшце запісаць «Русалчыну» прыгожа. І яна таксама ўсё яшчэ актуальная.
СТУДЫЙНЫ СКЛАД «БАБЭОБІ»:
Дар’я Кадамская — вакал, гітара (1—6);
Варуша Кадамская — рэчытатыў (3);
Аляксандар Ясінскі — баян (1);
Ганна Мацуковіч — скрыпка (5);
Юры Навуменка — кантрабас (3,4), гітара (6);
Дар’я Навуменка — вакал (2);
Юры Данскоў — пэркусія (1—6);
Вольга Сямёнава — віялянчэль (2, 4—6);
Ксенія Шашко — скрыпка (3);
Аляксандар Бабуз — бас-гітара (1, 2);
Віктар Сямашка — флейта (4);
Павал Бачараў — гук, мікс.
ТГ: Якім чынам сабраўся такі шматінструмэнтальны склад «Бабэобі»? Чаму ён адрозьніваецца ад таго, зь якім выступаеце на публіцы?
Да запісу я прыцягнула ўсіх сяброў-музыкаў. Да канцэртовае дзейнасьці, вядома ж, ня ўсе гатовыя. Пад назовам «Бабэобі» мы выступалі нячаста й амаль заўседы розным складам. Па сутнасьці, гэта ня гурт, а проста праект.
ТГ: Назваліся «Бабэобі» ў гонар Хлебнікава?
Я ўжо забылася, як гэтае слова зьявілася ў маім жыцьці… Так, у гонар Хлебнікава ды паклон «Аукцыону».
ТГ: Аранжаваньні рабіліся супольна?
Кожны музыка сваю партыю выдумляў сам. А канчатковы варыянт абмяркоўвалі разам з гукарэжысэрам.
ТГ: Хто аўтар шыкоўнае вокладкі?
Гэта не зусім вокладка. Гэта карціна Іры Забэла, якая падалася мне блізкай. Да стану вокладкі яе даводзілі Максім Кароль і Сьвета Ільіна.
ТГ: Ці будзе жывая прэзэнтацыя «Шапіто»?
Альбом прэзэнтаваць ня буду ні зараз, ні ў найбліжэйшы час, таму што хутка нараджу сына.
ТРЭКЛІСТ «ШАПІТО» З КАМЭНТАРАМІ АЎТАРА:
1. «Гарыць сьвечка». Песьня пра адраджэньне чалавека да жыцьця.
2. «Купала». Песьня пра сэкс (толькі нікому не кажыце).
3. «Што». Пра маю сям’ю.
4. «Русалчына». Песьня-сон пра каханьне.
5. «Шапіто». Асэнсаваньне ўсяго на сьвеце. Я ўжо сама не разумею, пра што яе напісала. Тут ужытая прамая цытата зь фільму Сяргея Салаўёва
«Чёрная роза — эмблема печали, красная роза — эмблема любви».
6. «Сон-трава». Песьня-сон пра жыцьцёвы шлях чалавека.
Афіцыйная суполка гурта «Бабэобі»
Віктар Сямашка, Tuzin.fm, фотаздымкі прадастаўленыя Дар’яй Кадамскай
Віншую! Нарэшце. Доўгачакана. Ідзем слухаць!
выдатна!
Віншую!!!)))
КАМЕНТАВАЦЬ