Ільля Паплёўка (Haina): «Адчуваю сябе школьнікам»
3562 / 0
21.04.2014

Ільля Паплёўка (Haina): «Адчуваю сябе школьнікам»

Песьня «Ціхі акіян» гурту Haina другі раз запар перамагла ў аўдыёчарце на Tuzin.fm.

Haina на шэсьць галасоў апярэдзіла свайго найбліжэйшага «суперніка» — дэбютанта 12-га туру — «Фінку» ў выкананьні Harotnica. Такім чынам, гэта другая перамога «Ціхага акіяну» запар на «Тузіне». Аўтара і выканаўцу песьні Ільлю Паплёўку гэтая навіна засьпела ў дарозе — музыкі зладзілі сабе невялікія вакацыі. «Адчуваю сябе ў нечым школьнікам: пасьля чвэрці, калі атрымаў добрую адзнаку, адпачываецца заўжды лепей!»

Ільля зь цікавасьцю сачыў за «бітваю з „Гаротніцай“»: «Ведаю пра іх даўно, там граюць сапраўды клясныя музыкі, у Валерыі — афігенскі вакал. Чуў іх даўнавата, таму і быў уражаны ды зьдзіўлены іх новым гітарным гукам». Асабістыя сымпатыі ў лідэра Haina былі на баку Лявона Вольскага, бо шмат прыемных момантаў дзяцінства і юнацтва ў яго зьвязаныя зь яго песьнямі ў складзе N.R.M. «Шэрая кроў» нібы перакінула музыку ў тыя часы. У астатнім, Ільля кажа, што ўсе песьні туру вартыя ўвагі. «Я зь вялікай павагай стаўлюся да калег і абсалютна ўпэўнены, што беларускія музыкі не былі і ня будуць аўтсайдэрамі на эўрапейскай сцэне», — заўважае Ільля Паплёўка.

Цяпер Haina рыхтуецца да запісу паўнавартаснага дэбютніка. Матэрыял у музыкаў ёсьць, яны хочуць дасканала прапрацаваць усе песьні перад тым, як засесьці ў студыі. На травень і чэрвень Haina плянуе некалькі выступаў у Менску ды іншых гарадах. Сачыць за навінамі гурту можна празь іх афіцыйную суполку.

Tuzin.fm, фота — Аляксандар Паклонскі