Відэапрэм’ера на Tuzin.fm: Канцэрт у тэатры ад Tonqixod
3774 / 0
26.11.2015

Відэапрэм’ера на Tuzin.fm: Канцэрт у тэатры ад Tonqixod

Tuzin.fm прапануе паглядзець адзін з найбольш яркіх канцэртаў гэтага году, які даў гурт Tonqixod у Тэатры беларускай драматургіі.

Гэты канцэрт, які атрымаў назву «Галасы», быў зладжаны сумеснымі высілкамі парталаў Tuzin.fm і Experty.by пры падтрымцы грамадзкай кампаніі «Будзьма беларусамі!» у Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі, і стаў фактычна першым сольным выступам гурта за яго трохгадовую гісторыю. Музыкі акурат напярэдадні сэнсацыйна перамаглі на ўзнагародах Experty.by ў намінацыях «Найлепшы дэбютны альбом», «Найлепшы беларускамоўны альбом», «Найлепшы рок-альбом» і «Прыз штатных экспэртаў» і гэты канцэрт быў ім прызам за перамогу. Гурт адзначылі шэраг беларускіх і замежных экспэртаў, сваё захапленьне выказалі і калегі, напрыклад Лявон Вольскі і расейскі гурт Tequilajazzz.

«Ад самага пачатку канцэртнай дзейнасьці нас вабілі ўтульныя атмасфэрныя пляцоўкі — тэатры, дамы культуры і падобнае. Але магчымасьць зарганізаваць нешта такога кшталту зьявілася толькі праз два гады, пасьля атрыманьня ўзнагародаў ад экспэртаў. Той-сёй перасьцерагаў, што тэатральная пляцоўка РТБД — ня самае рацыянальнае рашэньне, але добрыя людзі пагадзіліся дапамагчы ўвасобіць „ідэю фікс“. Як на мяне, то гэта быў вельмі цікавы экспэрымэнт як для нас музыкаў, так і для арганізатараў. Мне асабіста на гэтай сцэне было вельмі ўтульна, і цяпер, праглядаючы відэа, нават трохі шкадую, што не дастаткова дбайна падрыхтаваўся, бо не напоўніцу скарыстаў умовы, што пасавалі для рэалізацыі нават самых сьмелых творчых выбрыкаў», — кажа вакаліст і клявішнік Tonqixod Максім Субач.

«Наогул найгралі мы ў той вечар недзе на гадзіну сорак хвілін, але ў выніку скарацілі відэавэрсію да 50 хвілінаў. Апроч сталага складу гурта ў двух нумарах можна пабачыць Віктара Сямашку з клярнэтам, а ў самым канцы нібы з табакеркі выскоквае Эрык Арлоў-Шымкус. На жаль, песьня, дзе ён падыгрываў на кантрабасе, у канчатковую вэрсію не ўвайшла», — узгадвае вакаліст, гітарыст і аўтар песень гурта Ўладзь Лянкевіч.

Кіраваў здымкамі і мантажаваў відэа Яўген Шапчыц, гук запісваў Алег Даманчук, а зводзіў Канстанцін Пыжоў.

Найбліжэйшы выступ гурта TonqiXod адбудзецца 6 сьнежня ў бары Beer&Wine. Падрабязнасьці — у нашай афішы.

Tuzin.fm