
Паліна Рэспубліка зрабіла фурор ва Ўкраіне (відэа)
Беларуская сьпявачка дала шэраг пасьпяховых канцэртаў ва Ўкраіне.
Тур прыпаў на час масавых хваляваньняў ва Ўкраіне. У сувязі з гэтым, як сама сьпявачка, так і яе прыхільнікі хваляваліся — ці адбудуцца заплянаваныя выступы. Па выніку прайшло ўсё як мае быць. Паліна выступіла ў Роўне, Чарнаўцах, Камянец-Падольскім, а таксама ў Кіеве. Канцэрт ва ўкраінскай сталіцы прайшоў 5 сьнежня ў рэстарацыі «Диван». Тыднёвы тур скончыцца выступам у Хмяльніцкім 8 сьнежня.
Можна з дакладнасьцю сказаць, што фан-клюб беларускай сьпявачкі істотна павялічыўся за кошт украінскіх слухачоў. Паліна размаўляла з публікай па-беларуску, але непаразуменьняў не выходзіла. Хіба толькі зрэдчас словы забывала праз хваляваньне. «Цёплыя выразы, гожыя песьні. Беларуская — цудоўная, мілагучная мова! Можа Паліна трохі расхвалявалася, але яна ўсё ж малайчына!» — піша пра свае ўражаньні адзін з наведнікаў канцэрту ў Роўне. «Нефармальныя адносіны, жывая калярытная беларуская мова, музычная імправізацыя — усё супэр! Было настолькі па-сяброўску, настолькі інтымна ды блізка душэўна. Паліна, ты вельмі шчырая і таленавітая, будзь шчасьлівай і вольнай у творчасьці!» — а гэта ўжо ўражаньні ад кіеўскай слухачкі.
Сама 19-гадовая сьпявачка перапоўненая ўдзячнасьцю за тое, што яе прынялі такой, якой яна ёсьць. «Дзякуй усім за тое, што так цёпла сустрэлі і падтрымалі. Хочацца верыць, што гэта далёка не апошняя наша сустрэча», — зазначыла Паліна.
У сеціве зьявілася запіс песьні «Дарэчы» з канцэрту ў Кіеве. Цікава, што на гітары грае адна з гледачак, прадстаўленая, як Даша.
Tuzin.fm
КАМЕНТАВАЦЬ