
Топ-12 песень восені 2015 (аўдыё)
Сьпіс самых запатрабаваных песень восені на канале Tuzin.fm у сетцы Soundcloud узначалілі ўкраінскі гіт, які перасьпявалі беларусы, ды беларускі твор, які па-свойму выканалі ўкраінцы.
Усяго на канале нашага парталу ў Soundcloud у пэрыяд з 1 верасьня да 1 сьнежня 2015 году зафіксавана 56 700 праслухоўваньняў (за аналягічны пэрыяд восені-2014 было 35 000 праслухоўваньняў). Найбольш за ўсё песьні з каналу слухалі ў Беларусі (37 359), Расеі (4795) ды Ўкраіне (4552), потым ідуць ЗША, Польшча і Канада. Тузін самых запатрабаваных трэкаў выглядае наступным чынам (у дужках колькасьць праслухоўваньняў за тры месяцы восені — верасень, кастрычнік, лістапад 2015-га):
12. S.D. — Колькі (577)
Дэбютная песьня рок-праекту Сяргея Доўгушава (Fratrez, Vuraj) на верш Анатоля Сыса выклікала немалую цікавасьць у прыхільнікаў беларускай музыкі — больш за 1000 праслухоўваньняў прэм’еры на сайце Tuzin.fm плюс пад шэсьць сотняў зваротаў да трэку ў Soundcloud. Прэзэнтацыя адбылася праз пару дзён пасьля прэзыдэнцкіх «выбараў». «На душы пратэст. Набалела. Пачынаю сьпяваць рок», — гэтак прадставіў свой праект сам Сяргей.
11. МАМА — Сеяць вецер (630)
Новы трэк Яна Маўзэра адразу ж прыцягнуў увагу слухачоў — на старонцы песьні цяпер больш за 2400 праслухоўваньняў, а таксама спрэчка да каго ж больш падобная «МАМА» — да The Cure і Цоя ці ўсё ж да Super Besse і «Майтай». Маўзэр з нагоды прэм’еры напісаў эсэ на тэму «Калі надыходзіць старасьць» ды ў прыватнасьці заявіў: «Нас менш, але мы мацнейшыя, мы пасыянарыі. І мы заўсёды перамагаем, інакш бы Зямля дагэтуль была ў стабільным каменным веку». Песьня, дарэчы, адразу ж заняла пазыцыю лідэра ў аўдыёчарце.
10. 25 АБ-БА Аркестр — Cтэфка (644)
Песьня «Бонды» 30-гадовай даўніны зноў у топах і чартах дзякуючы праекту «25 АБ-БА Аркестр», у межах якога дзеткі зь беларускай школы Беластоку выканалі залатыя гіты беларускага року разам з зоркамі «Басовішча». Праект быў прэзэнтаваны летась ужывую на сцэне фэстывалю музыкі маладой Беларусі, а сёлета на Tuzin.fm выйшаў аўдыёрэліз. «Я ўжо ня першы год зьдзіўлены, што на Беласточчыне ведаюць толькі бондаўскія варыянты „Стэфкі“ й „Слуцкае брамы“. То бок, „крамаўскія“ песьні ніхто там ня ведае», — сказаў з нагоды зьяўленьня гэтага праекту Ігар Варашкевіч.
9. Альбом школьных песень — Першыя ўрокі (681)
Яшчэ адзін надзвычай важны праект, рэалізаваны даўней, але прэзэнтаваны гэтай восеньню — першы беларускі музычны альбом, прысьвечаны школе. Нумар у выкананьні Натальлі Жыткевіч на словы Сержука Сокалава-Воюша і музыку Тацяны Грыневіч трапіў у топ-12, хоць і кожны іншы трэк варты ня меншай увагі.
8. 25 АБ-БА Аркестр — Дым (756)
Песьня Аляксандра Памідорава на музыку Сяргея Канановіча, выкананая з вучнямі беластоцкай пачатковай школы №4 для праекту «25 АБ-БА Аркестр», уласна ўпершыню на «Басовішчы» і прагучала (у 2008-м). У 2011 годзе яна выйдзе ў студыйнай вэрсіі на альбоме гурта Pomidor/off «Патас/Попс/Прапаганда», праз два гады ў вэрсіі са струннымі зноў прагучыць на Падляшшы на запісе праекту «Апошні золак», а на наступны год будзе запісана яшчэ ў адной вэрсіі — гэтым разам зь дзіцячым хорам. Дарэчы, «Дым» была прызнаная «Песьняю году» на апошняй у гісторыі «Рок-Каранацыі» (2011) і ўвайшла ў рэйтынг «100 найвялікшых беларускіх песень».
7. Атмараві — Motherboard (778)
Песьня, што адкрывае музычны праект «Anima», які быў прэзэнтаваны на Tuzin.fm да 250-годзьдзя Міхала Клеафаса Агінскага. Кожнаму музыку прапаноўвалася напісаць альбо наноў выканаць для праекту песьню, якая была б эмацыйна сугучная, на іх думку, слову «Радзіма», моўных абмежаваньняў пры гэтым ня ставілася. Песьня Атмараві акурат адкрывае гэты праект.
6. Андрэй Макарэвіч — Сьнег (778)
Самая запатрабаваная песьня вясны-2015, працягвае набіраць праслухоўваньні — агулам з моманту прэзэнтацыі ў сакавіку гэтага году на Soundcloud яна наблізілася да 30 000. Тэкст Андрэя Макарэвіча на беларускую пераклаў Юры Несьцярэнка, гэтая вэрсія была запісаная з музыкамі гурта Apple Tea для праекту парталу Tuzin.fm і кампаніі «Будзьма беларусамі». А ў арыгінале яна была напісаная ў 1977 годзе.
5. 25 АБ-БА Аркестр — Слуцкая брама (810)
Яшчэ адна даўняя песьня «Бонды», перазапісаная для музычнага праекту «25 АБ-БА Аркестр» зь дзіцячым хорам. А створаная яна была ў 1985 годзе. Прысьвечана Слуцкай браме, што на вуліцы Слуцкай у Нясьвіжы перад выездам на Слуцкі тракт. Спачатку словы напісаў паэт Анатоль Сыс, але ягоны тэкст тады палічылі «дзіцячым», а добравядомы тэкст склаў бубнач «Бонды» Сяржук Кныш. Песьня настолькі прыжылася ў рэпэртуары «Бонды», што перайшла і ў рэпэртуар іншай каманды Варашкевіча — «Крамы».
4. 25 АБ-БА Аркестр — Зямля (1005)
Яшчэ адна ключавая для беларуская рок-музыкі тэма, перасьпяваная і перайграная наноў да 25-годзьдзя «Басовішча». «Гэта досыць высокі ўзровень мастацтва — калі дзіцячы хор на сцэне пяе „Чарнабыль, радыяцыя, памірае наша нацыя“, а ты раптам разумееш, што, насуперак прагнозам, за апошнія 25 гадоў нацыя не памерла. Яна жыве таксама ў гэтых беластоцкіх дзетках, якія старанна выводзяць кранальнымі галасамі: „Вось мая зямля пад нагой бяжыць, вось мая зямля ў сьнягох ляжыць…“», — зазначыў з нагоды прэм’еры Лявон Вольскі, які тут выступіў яшчэ і ў якасьці мастацкага кіраўніка.
3. Naka&Сьвета Бень&Ганна Хітрык — Про любовь/Про любов/Пра любоў (1252)
Менавіта гэтая песьня ачоліла летні рэйтынг з паказьнікам у 5856 праслухоўваньняў. Цікавасьць да антываеннага твору Насты Шпакоўскай не згасае, агулам песьня набрала больш за 7100 праслуховаўняў. У кастрычніку таксама выйшаў кліп на гэтую кампазыцыю, які зьняў Арцём Лобач.
2. Жадан і Собаки — Рок-музыкант (2218)
Даўні гіт гурта «Мроя» загучаў па-ўкраінску ў праекце «Global Reload» у перакладзе і выкананьні Сяргея Жадана ды гурта «Cобаки в космосі» з Харкаву. «Нам усім гэтая песьня дужа блізкая. І мы яе ўжо выконвалі колькі разоў і бачым, што публіцы яна дужа падабаецца. Харошая выйшла кампазыцыя, дынамічная, драйвовая, ды й словы простыя й усім падабаюцца», — прызнаваўся з нагоды прэм’еры Сяргей, якога называюць рок-зоркай украінскай літаратуры. Музыкі запісалі гэтую песьню ў Менску, а разам з тым далі свой першы канцэрт у Беларусі ды абяцалі прыехаць яшчэ.
1. Sciana — Тепла зима (3235)
А гэта ўжо беларусы перасьпявалі ўкраінцаў. Берасьцейскі гурт перасьпяваў па-ўкраінску твор «Тепла зима» гурта «Скрябін». Яе аўтар Андрэй Кузьменка хацеў, каб гэтая песьня гучала з кожнай разэткі. «Мы памятаем выступ Кузьмы на „Захід-2014“. Гэта было настолькі шчыра, адкрыта і эмацыйна моцна, што станавілася зразумела: ён адзін з самых улюбёных людзей на рок-сцэне Ўкраіны. А праз паўгоду нечаканая трагічная навіна — Кузьмы болей няма. Таму гэтая песьня — даніна памяці чалавеку, якога мы паважаем і памятаем», — заявілі з нагоды прэм’еры музыкі зь «Сьцяны».
Сяргей Будкін, Tuzin.fm
КАМЕНТАВАЦЬ